Прэзентацыя праекта, які распавядае пра гісторыю польска-беларускага памежжа ў старых фотаздымках, адбудзецца 15 снежня ў Беластоку. Дзеля стварэння ўнікальнага альбома, які будзіць успаміны, удзельнікі фатаграфічнай экспедыцыі наведалі 7 мясцовасцей: Кляшчэле і Гарадок у Польшчы, Сапоцкіна, Лунна, Воўпа, Ваўкавыск і Камянец у Рэспубліцы Беларусь. Праглядзелі прыватныя архівы больш за 40 сем’яў, скапіравалі больш за 2300 здымкаў.
Напэўна, нямногія з нас могуць пахваліцца тым, што часта гартаюць альбомы са старымі фотаздымкамі…Некаторыя іх скануюць, заносяць у камп’ютар, альбо трымаюць на антрэсолях сярод старых газет ці выносяць на паддашша, дзе чорна-белыя сведкі гісторыі пакрываюцца пылам. А сярод старых сямейных фотаздымкаў часам можна знайсці рэдкія, нават унікальныя, якія могуць шмат распавесці пра даўнія падзеі, дарагіх людзей, жывых і тых, каго ўжо няма з намі.
Каб выбраць са стоса старых фотаздымкаў найбольш дарагія для памяці, запісаць звязаныя з імі гісторыі, паглядзець на людзей на старых фотаздымках і высветліць “Хто яны? Чаму і калі былі зроблены гэтыя фота?” аматары фатаграфіі адправіліся ў фатаграфічную археалагічную экспедыцыю на польска-беларускае памежжа.
У ліпені, жніўні і верасні яны аб’ехалі 7 памежных мясцовасцей. Спачатку ў Польшчы: Кляшчэле і Гарадок. Потым у Беларусі: Сапоцкіна, Лунна, Воўпа, Ваўкавыск і Камянец. Уршуля Дамброўская, удзельніца праекта зазначае, што гэтыя мясцовасці былі выбраны з-за іх багатай гісторыі, культурнай і нацыянальнай разнастайнасці, невялікай колькасці фатаграфічных матэрыялаў у архівах. Аматары фатаграфіі наведалі больш за 60 дамоў і сабралі каля 2300 архіўных фотаздымкаў з 44 прыватных калекцый жыхароў і 3 калекцый аматараў старых фотаздымкаў.
– Усе мы ведаем пра гістарычную каштоўнасць, эстэтычную гожасць, дый проста чалавечую цеплыню старых фотаздымкаў, нават выявы іншых, незнаёмых нам людзей і мясцін часам бываюць такімі прыцягальнымі – гаворыць Уршуля Дамброўская. – Толькі апошнія сведкі гэтых здымкаў адыходзяць з жыцця, моладзь (асабліва ў Беларусі) не надае значэння пачутым гісторыям, многія проста выкідаюць на сметнік старыя дакументы. У 90-х гг. большасць вёсак наведалі гандляры каштоўнымі рэчамі. Здабытыя імі здымкі пайшлі ў свет, але гэта былі ўжо здымкі, пазбаўленыя гісторыі, ананімныя. Спадзяюся, што наш праект натхніць на глыбінныя развагі пра сваё мінулае. Можа нехта пасля прагляду альбома старых фотаздымкаў, які мы надрукавалі ў якасці падсумавання нашай экспедыцыі, зразумее, што выкінуць такія здымкі, гэта як кавалак душы адарваць, можа нехта зразумее, што трэба берагчы свае сямейныя каштоўнасці, а не прадаваць іх за бясцэнак, што трэба мець павагу да мінулага і цікавіцца ім.
Гэта была археалагічная экспедыцыя, таму яе ўдзельнікам давялося “капаць” як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Спачатку ў архівах і інтэрнэце, каб паглядзець, якія фатаграфічныя матэрыялы, што датычаць сямі населеных пунктаў, уключаных у праект, ужо былі сабраны. Потым яны сустракаліся з жыхарамі гэтых мясцовасцей. У людзей, каторыя мелі жаданне падзяліцца гісторыяй сваёй сям’і, давялося капаць ў шуфлядах, у старых скрынях з паперамі, праглядаць альбомы, якія амаль развальваліся ў руках ( некаторыя з іх захаваліся падчас розных акупацый толькі дзякуючы таму, што былі закапаныя ў агародзе).
– Як правіла было так, што нават калі спачатку нехта не меў асаблівага жадання з намі размаўляць, то потым не мог перастаць распавядаць і не хаваў эмоцый, калі пачынаў гаварыць пра важныя, пераломныя моманты ў сваім жыцці – працягвае Уршуля. – Найбольш глыбока мы капалі, хіба, у чалавечай памяці. Пажоўклы партрэт раптам запускаў лавіну ўспамінаў. Альбо нейкая папера з прыклееным фотаздымкам.
Мы “рылі” таксама фізічна, на старым даху ў Кляшчэлях, дзе некалі жыў Ежы Костка, фатограф. У пілавінні мы знайшлі найвялікшае акдрыццё нашай экспедыцыі – старыя негатывы. Самыя старыя фотаздымкі, якія нам пашчасціла знайсці, паходзяць з 80-х гадоў 19 ст., а сама гісторыя фатаграфіі пачынаецца ў 1839 г.
У сваю чаргу вядомы беларускі журналіст Анджэй Пачобут, які таксама прымаў удзел у праекце падкрэслівае, што старыя чорна-белыя здымкі будзяць успаміны… Гэтыя добрыя і гэтыя не вельмі, часта яны нясуць інфармацыю аб часах вайны і таталітарызму і ўвогуле дакументуюць драматычную гісторыю памежжа: “ ХХ стагоддзе для польска-беларускага памежжа ( у шырокім разуменні) было бязлітаснае. Тут сціраліся, а часам жорстка змагаліся розныя нацыянальныя погляды. Ці гісторыя можа мець колеры? Ці магчыма ў былых падзеях разглядзець розныя адценні, падзяліць іх на больш светлыя і больш цёмныя? Калі паслухаць апавяданні палякаў і беларусаў, што падзяліліся сваімі прыватнымі архівамі, калі паглядзець на гэтыя старыя чорна-белыя здымкі, якія часта былі адзінымі сведкамі чалавечыхлёсаў і трагедый, то напрошваецца такі вынік: ў адрозненні ад фотаздымкаў, гісторыя польска-беларускага памежжа не з’яўляецца чорна-белай. Гэта просты, але па-ранейшаму патрэбны і палякам, і беларусам урок”.
У асноўным “даследчыкі” падарожнічалі шляхам вясковых фатографаў: Бэркоўскага, Абраміцкага, Язерскага, Косткі, якія рабілі сапраўды ўнікальныя здымкі з незвычайнай кампазіцыяй, цікавым асвятленнем, на адбітках можна пабачыць простых людзей, выявы мястэчкаў… Гэтыя адбіткі распавядаюць таксама лёсы людзей, нясуць шмат інфармацыі пра тое, якім было іх жыццё, адлюстроўваюць знакавыя моманты.
З асаблівай увагай мы адносіліся да здымкаў, якія былі адзначаны часам. Мы называлі іх аб’ектамі – зазначае журналіст Гжэгаж Дамброўскі, удзельнік праекта. – Гэта здымкі крыху надарваныя, з замаляваным тварам у тле, з плямай ад выблеклай эмульсіі. Гэтыя пашкоджанні і недасканаласці дадаюць фотаздымкам непаўторны выраз. Падчас падарожжаў мы чулі ад старэйшых людзей, што іх бабкі і прабабкі адчувалі пэўны недавер да здымкаў, падобны да таго, што мелі жыхары Афрыкі, якія лічаць, што фатаграфаванне забірае кавалак душы. Яны наказвалі пазбягаць фатаграфавання нованароджаных дзяцей. Але зыходзячы з гэтага магічнага прынцыпа, можна сітуацыю разглядзець у адваротным ключы – калі падчас фатаграфавання забіраецца кавалак душы, то яна захоўваецца. Можа менавіта па гэтай прычыне старыя фотаздымкі ананімных людзей, імёнаў якіх ніхто ўжо не памятае, так уражваюць? І цяжка пазбавіцца ад гэтагапачуцця. Яны проста ўражваюць.
Фатаграфічная археалагічная экспедыцыя на польска-беларускае памежжа была рэалізавана ў межах праграмы „Супольнае польска-беларускае дзеянне 2013” Міністэрства Замежных Спраў РП. Аўтарам праекта з’яўляецца Асацыяцыя па культурнай адукацыі “Widok”.
Унікальныя старыя фотаздымкі, сабраныя падчас фатаграфічнай экспедыцыі, відэазапісы падарожжа на польска-беларускае памежжа можна знайсці на старонцы www.albom.pl. Храналагічная дакументацыя падарожжа змешчана таксама на старонцы ў Facebook (профіль albom.pl – www.facebook.com/albom.pl.7 ).
Мастацкім падсумаваннем праекта будзе кніга фотаздымкаў, якую можна будзе пабачыць падчас прэзентацыі праекта ў Беластоку 15 снежня. Плануецца, што ў Беларусі таксама адбудзецца прэзентацыя праекта. Пра дату і месца прэзентацыі арганізатары паведамяць дадаткова.