Віктар Марціновіч піша на budzma. by пра выставу Алега Прусава, якая днямі адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеi.
Звярталі ўвагу на тое, што зрабілася з нашай памяццю? Колькіх геніяў, што пайшлі з жыцця за апошнія гады, мы прыгадваем? Ухваляем? Ушаноўваем? Колькі разоў за апошнія месяцы вы чулі імя Аляксандра Кулінковіча? Міхала Анемпадыстава
Часы Смуты заўсёды выключаюць культурную памяць. Але за імі прыходзяць часы Адраджэння, калі ўся краіна пачынае ўспамінаць сваіх забытых сыноў. Пісаць пра іх кнігі, здымаць фільмы. Вяртаць імёны.
То ёсць надзея, што нас сённяшніх, забытых і занядбаных, аднойчы таксама вернуць — не тысячам, якія нас памятаюць, але мільёнам, якія пра нас ніколі не ведалі.
У гэтым сэнсе выстава Алега Прусава, што днямі адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі, — гэта нешта выключнае. Нешта, што кідае выклік тутэйшай ірацыянальнасці. Мастак, які нарадзіўся ў Віцебску, вучыўся ў Мінску, знайшоў сваю мову, стварыў свой сусвет, а потым — як Максім Багдановіч — пайшоў у Бездань вельмі маладым.
Мяне заўсёды цікавіла пытанне, ці мусіць мастак быць таксама паэтам. Леанід Шчамялёў — геній колеру, якога не стала роўна месяц таму, паэтам, на маю думку, не быў. Хараство Шчамялёва — у моўчадзі, у тым, што ягоныя палотны размаўляюць з намі без усялякіх словаў. Тым самым тыпам мастака быў Май Данцыг, якога беларускі жывапіс страціў у 2017-м годзе: ты глядзіш на ягоныя свінцовыя пейзажы, захапляешся ягоным снегам, але жывапіс прамаўляе табе моўчкі.
Алег Прусаў быў вялікім паэтам. Можа, наймацнейшым рускамоўным паэтам Беларусі, роўным Дзмітрыю Строцаву. Нават у Маніфесце, што тлумачыць Алегавы падыходы да творчасці, бачная рука не толькі мастака, але і пісьменніка: «Перад вамі — мае працы. Не спрабуйце прымераць да іх штодзённыя апранахі явы. Гэта мой свет, мая казка, мая прыдумка (...) Як усялякая прыдумка, ён увабраў у сябе рысы рэальна існага — і імбрык назавём імбрыкам, крэсла — крэслам, але не кідайце дзеля гэтага маю казку ў правінцыю да натуры. Маё крэсла не будзе стаяць, мой імбрык не напоўніць вадой. Гэтыя рэчы пазбаўленыя ўтылітарнасці, пазбаўленыя сваёй паўсядзённай сутнасці».
Паэзія адчуваецца ў першым жа набліжэнні да Алегавых прац. Вось партрэт чалавека, што ўтаропліваецца ў гледача з перасцярогай — выцягнуты твар, самкнутыя вусны. Непадалёк вісіць фотакартка Алега Прусава, і ты пазнаеш тут нешта — мабыць, позірк, ягоны паслясмак.
Назва партрэта — гэта чыстая пазія: «Аўтапартрэт з іншым тварам». Паэзія пачынаецца там, куды робіць свой асцярожны крок Яго Вялікасць Парадокс. Дзе звычайныя рысы свету скажаюцца пад націскам уяўлення Аўтара пра тое, што і так магчыма. І хто сказаў, што аўтапартрэт мусіць быць падобным да таго, хто яго піша? Хто сказаў, што ў чалавека на партрэце не можа быць іншага твару?
Жанру аўтапартрэта столькі ж тысячагоддзяў, колькі жывапісу. Краманьёнцы, што карэбалі на скале выявы паляўнічых і жывёл, выяўлялі сябе — гэта ён, мастак, увекавечаны шасцю палачкамі і кружочкам, што абазначаюць чалавечую постаць. І вось за ўсе гэтыя тысячагоддзі ніводнаму мастаку не прыходзіла ў галаву напісаць «аўтапартрэт з іншым тварам».
Часам — як у выпадку з пераасэнсаваннем рублёўскай «Тройцы» — паэзія Алега Прусава кіруецца не да рэальнасці, а да традыцыі: так, тры дзядзькі, што сабраліся разам на «Тройцы», — гэта выказванне пра тое, што зрабіла XX стагоддзе з Богам у трох ягоных сутнасцях. Трыадзінства ў Прусава — гэта кампанія асобаў, што сабраліся за сталом, а келіх з віном — толькі адзін.
На выставе абавязкова затрымайцеся ля экрана, дзе Прусаў сам чытае свае вершы: словы моцныя, прамоўленыя так, што Бродскі абзайздросціўся б (аднойчы паслухаўшы, як Бродскі чытае свае вершы, можна назаўсёды ўпасці ў сумнеў, ці ён іх пісаў).
Так, у Алегавых працах — уся сутнасць дзевяностых, калі беларусы яшчэ не асэнсавалі сябе напоўніцу беларусамі, калі выявы сяброў-алкаголікаў (гэтая галерэя з рознымі тыпамі алкаголікаў — вельмі дасціпная, мне больш за ўсё спадабаўся алкаголік-цынік) падаваліся важнейшымі за сутнасныя выказванні, з якіх выбягала б нейкае бачанне будучыні нашай краіны.
Але цяпер, у 2021-м, калі «беларускасць» беларусаў ператварылася ў канстанту, калі няма ўжо ніякіх сумневаў, што дзяржава адбылася і ўсе пытанні паўстаюць выключна да рысаў і паводзінаў гэтай дзяржавы, — творчасць Прусава набірае вагу і робіцца іканічнай.
Мастак, які ў выніку цяжкай хваробы імкліва страчвае зрок; мастак, які змушаны свае апошнія працы пісаць з выкарыстаннем павелічальнага шкла, — постаць, супастаўная з Бетховенам, што піша сваю Дзявятую сімфонію, ведаючы, што ніколі не здолее яе пачуць. Геній нараджаецца праз супраціў, шэдэўр — праз пераадоленне.
Абавязкова завітайце ў Дзяржаўны мастацкі музей у найбліжэйшыя дні.
Віктар Марціновіч, budzma.by