Тэкст Віктара Марціновіча “Why By?“, напісаны па слядах дыскусіі пра культурных герояў у Пружанах, атрымаў пэўнае развіццё. Герой артыкула задае новыя пытанні пра самаідэнтыфікацыю, на якія хоча атрымаць адказы. Наведвальнікі budzma.by, далучайцеся да важнай размовы і вы.
“Вобраз пружанца, створаны Віктарам Марціновічам у сваім уяўленні, выклікае спачуванне за местачковае невуцтва і нікчэмна малы кругагляд. Можа быць, сапраўды, аднойчы апынуўшыся ў Берліне, Празе, Вільні, або хаця б у Маскве, гэты абмежаваны чалавек зразумеў бы, што прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў адрозніваюцца адно ад аднаго культурай, матывамі, паняццямі пра дабро і зло і іншымі складнікамі нацыянальнай самасвядомасці, пра якія піша аўтар. Але герою Марціновіча Еўропа не знаёмая, сядзіць ён сабе на пружанскай печы і чхаць хацеў на міжкультурныя адрозненні. Яшчэ і пакрыквае: «Ды якая розніца, кім там быў ваш Шагал — рускім, беларусам ці габрэем?»
«Пружанец Марціновіча», хочацца верыць, — вобраз зборна-метафарычны, навеяны некалькімі нязручнымі пытаннямі; ён — персанаж яшчэ не напісанай кнігі, але пісьменніцкай ідэі. «Пружанец Марціновіча» — гэта і дыягназ усім, хто не разумее простай ісціны: мы беларусы па факце і па пашпарце проста таму, што нарадзіліся на гэтай зямлі, выхоўваліся тут і будзем думаць пра яе перад смерцю. Так што хочаш ты, пружанец, ці не хочаш, а беларус ты апрыёры, бо так запісана ў тваім пашпарце і пасведчанні аб смерці.
А сапраўдны пружанец, не ўяўны суразмоўца Віктара Марціновіча, а той, што з плоці і крыві, так і застанецца без адказу. Пружанец, які не падышоў у канцы сустрэчы да Віктара, таму што Віктар сам да яго падышоў падзякаваць за цікавае меркаванне. Пружанец пазней задаў сваё пытанне Віктару яшчэ раз у facebook, з чаго выйшла забаўная, але вельмі лаканічная гутарка. Хоць хто ведае, можа, яна — усяго толькі плён уяўлення ўжо самога пружанца:
Пружанец: Прапанаваная Вамі тэма цікавая, але, як мне здалося, спрэчкі ў аўдыторыі ў выніку скаціліся да ўзроўню «наш ці не наш». І маё пытанне пра тое, якое значэнне мае нацыянальнасць мастака для ўспрымання яго творчасці, застаўся без змястоўнага адказу. Ці павінныя мы шанаваць нейкіх дзеячаў за тое, што яны нашыя суайчыннікі, землякі, суграмадзяне (розныя паняцці, якія характарызуюць розную ступень абстрактнага «сваяцтва» спажыўца/знатака мастацтва і мастака)?
Віктар: Дзякуй. Я паспрабую даць разгорнуты адказ на гэтае пытанне ў найбліжэйшы час, можа быць, у асобнай публікацыі, трэба ўсё глыбей прадумаць.
Пружанец: Дзякуй, буду чакаць адказу. Праўда, адзін з магчымых адказаў я ўжо і сам ведаю: нацыянальнасць мастака мае значэнне для разумення і інтэрпрэтацыі яго творчасці, калі яно адлюстроўвае або адлюстроўвала ў нейкія перыяды праблемы пэўнага народа. Тады, вядома, нацыянальнасць і тэматыка аўтара маюць сацыяльна-гістарычны сэнс. Але ў такім кантэксце, наколькі я памятаю, Шагал не абмяркоўваўся. З іншага боку, многія мастакі падымаюць тэмы ўніверсальныя, якія закранаюць класавыя, экалагічныя праблемы. Напрыклад, Ван Гог — яго партрэты сялян, сейбітаў, шахцёраў у большай меры зборныя, чым нацыянальныя вобразы. А серыя «Едуны бульбы» цалкам магла б паслужыць ілюстрацыяй да твораў, напрыклад, Коласа. Чым не тыповая сялянская сям’я «бульбашоў»? Мяне вось яшчэ якое пытанне даўно цікавіць: дзе праходзіць мяжа паміж патрыятызмам і нацыяналізмам? Хацелася б даведацца вашае меркаванне.
Віктар: На маю думку, яны тоесныя, у адрозненне ад нацыяналізму і шавінізму або нацыяналізму і фашызму
Пружанец: Няхай так, але паняцце “патрыятызм” афарбаванае пазітыўнымі эмоцыямі ў свядомасці людзей, у ідэалогіі, а нацыяналізм — негатыўнымі эмоцыямі, асуджаецца. Можа, патрыятызм — гэта сацыяльна прымальная форма нацыяналізму?
Віктар: Гэта ўсё маніпулятыўныя інтэрпрэтацыі адной з’явы.
Пружанец: Згодзен. Тады хіба гонар за нацыянальных герояў не супастаўны з патрыятызмам / нацыяналізмам? І дзе гарантыя, што людзі, якія сёння з крыкам адстойваюць нацыянальнасць сваіх мастакоў, заўтра не пачнуць гэта рабіць са зброяй у руках?
Новага адказу не было.”
Ігар Паўлаў