Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра тое, што беларуская мова зноў зрабілася палітычным маркерам.
Як і вы, я не ведаю, што дакладна адбылося ў Ваўкавыску. Ад каго дакладна «паступіў сігнал». Дапускаю, што інсайдаў мы ніколі не пачуем: занадта малы інцыдэнт, каб на яго звярталі ўвагу буйныя выкрывальнікі.
Гэта магло быць звычайным «эксцэсам выканаўцы». Праслухоўка магла даведацца, што «змагары» «нешта зацеялі», перадаць па ланцужку «аператыўную інфармацыю»: у адным месцы збіраецца ажно 35 чалавек, якія «гавораць не па-нашаму». І пакацілася завядзёнка.
Што для мяне тут прынцыпова — гэта мова.
Як прыкмета таго, што «трэба прадпрымаць меры».
І не трэба рабіць выгляд, што праехалі. Калі ўсіх адпусцілі і нават «занятак узнавіўся» — дык нармальна. Будзьма далей!
Не, таварышы.
Гэта ненармальна.
Бо калі б тыя 35 чалавек сабраліся ў гурток кройкі і шытва, ланцуговая рэакцыя б не была запушчаная. То прычына — мова. Як і з тымі пенсіянерамі, што чыталі кніжкі Гілевіча.
Беларуская мова заўсёды, усе гэтыя гады, была другаснай прыкметай ворага.
Што цікава, першасныя прыкметы «ненадзейных элементаў» увесь час змяняліся. Цяпер гэта бел-чырвона-белы сцяг, у траўні 2020-га — белая стужка, у 2010 годзе — сіні бранзалет, у 1998 годзе — прыналежнасць да БНФ. І калі бракавала яўных прыкмет, калі на заплечніках у групы падазраваных не было значкаў з «Пагоняй», бралі ў першую чаргу тых, хто гаварыў па-беларуску.
За апошнія 30 гадоў я памятаю некалькі стадый заняпаду роднай мовы. У канцы 1980-х яна лічылася «гаворкай калхазанаў». Лічылася, дарэчы, тымі калхазанамі, якім бракавала выхадаў на тэатральныя ці мастацкія колы, дзе вельмі разумныя і адукаваныя людзі з мазураўскіх часоў гаварылі па-беларуску. Паколькі ў «мікрараёнах» жылі пераважна гараджане першай генерацыі, чые бацькі яшчэ мелі невыкараняльныя фрыкатыўныя «г», іхныя дзеткі імкнуліся гаварыць як мага чысцей на мове Пушкіна.
Пасля прыйшлі 1990-я, і мова зрабілася палітычным маркерам. Калі ты гаварыў на ёй, значыць, ты меў дачыненне да Фронту, а над камп’ютарам тваім быў раздрукаваны партрэт Пазняка побач з чарговым факсам ад КХП-БНФ. Вось гэта ўсё.
Затым прыйшлі лагодныя нулявыя, калі ў росквіце мадэлі ніхто не сумняваўся, калі сістэма магла дазволіць квітнець у сваім садзе ружам усіх колераў.
У дзясятыя па-беларуску загаварылі ўжо нават у офісах, новы крэатыўны клас з «хабаў» і «крэатыўных кластараў» з асалодай адасабляўся ад сваіх барадатых рускіх калег тым, што чытаў Някляева і Арлова, а не Уліцкую з Сарокіным.
І, здавалася б, гэта было ў інтарэсах сістэмы, бо тая паступова атрымлівала падмурак, абапёршыся аб які, можна было даваць выспятка ўсім гэтым інтэграцыйным дарожным картам, усім ідэям увесці рускі рубель.
І вось мы зноўку тут. У 1990-х.
Мова — палітычны маркер. Нават не задумваючыся пра палітыку, нават проста імкнучыся ўдасканаліць сваё дзеканне і цеканне, ты ўспрымаешся як «ненадзейны элемент». Як аб’ект, варты асаблівай увагі.
Паўтаруся: так было і раней, проста моладзь, што каўтнула свабоды і што збіралася на афіцыйныя канцэрты ў гонар БНР, не чула груку казённых ботаў у сябе за спінамі.
Цяпер, нават калі здарэння з чытачамі-пенсіянерамі і ваўкавыскімі мовалюбамі не паўторыцца, назад не адкруціш.
Выказванне на адной з афіцыйных дзяржаўных моваў перапраграмавалася ў палітычную дзею.
Што цікава, справа быцця беларусам у Беларусі заўсёды вымагала высілкаў.
Гэта так проста — чытаць тут па-руску! Слухаць «Кровосток» і «Земфіру», глядзець ТНТ і чакаць кожнага выпуску Вані Урганта. А вось каб пачаць слухаць Сержука Доўгушава, каб знайсці фільм пра Касцюшку «Рака Лёсу», каб адшукаць непадцэнзурнага Быкава — тут патрэбная работа. Часам цяжкая, часам прыгодніцкая. А чалавеку ж некамфортна работаць там, дзе ён шукае палёгкі і адпачынку (бо менавіта ў адпачынак людзі слухаюць музыку і глядзяць youtube).
Для таго, каб стаць беларусам, заўсёды патрэбны штуршок.
У кожнага з нас ён, гэты штуршок, свой. Напрыклад, нікому невядомы «вершаплёт» Ян Неслухоўскі аднойчы схадзіў ў гарадскі тэатр, паслухаў украінскіх актораў трупы Міхайлы Старыцкага і зразумеў, што пісаць трэба сваёй мовй.
Так у нашай літаратуры з’явіўся Янка Лучына.
Кагосьці гэты новы статус, што атрымала беларуская мова ў сакавіку 2021, адштурхне.
Але для кагосьці зробіцца запрашальнікам у беларускі свет.
Чамусці мне падаецца, што такіх будзе болей.
Віктар Марціновіч, budzma.by