Новы рэліз гурта Clover Club “Five Bones” варты ўхвалы за выдатную беларускую ангельскую ў прыватнасьці і агулам за небанальнае музычнае мысьленьне ды ўменьне падаць сябе прыгожа.
Калі беларускі выканаўца сьпявае па-ангельску, у большасьці выпадкаў ён выклікае жаль і паблажлівасьць. Нават ня знаўцу моцна рэжа вуха яго вымаўленьне і чыста тутэйшая правінцыйнасьць і заціснутасьць. Сьпеў жа на гэтай мове вымагае надзвычайнай разьняволенасьці, арыгінальнай падачы ды глыбокай пагружанасьці ў матэрыял. Для беларусаў, якія выносяць з школьных урокаў ангельскай пару заштампаваных фразаў, гэтая задача вельмі няпростая. Гурт Clover Club у гэтым пляне — узор. Гэта самая брытанская з усіх беларускіх камандаў.
Прытым пра прыпадабненьне да некага не вядзецца. Вольга Цяшкевіч, Дзьмітры Кацяшоў і Наташа Куніцкая стварылі цалкам арыгінальны творчы прадукт, добра прадуманы мэлядычна і прыгожа запакаваны. У іх новым міні-альбоме — пяць песень, адна лепшая за другую. Музыкі з Clover Club сьцярджаюць, што ў параўнаньні з дэбютнікам яны самі пасталелі, а іх гучаньне моцна зьмянілася. Але нічога такога — усе адметныя рысы гурта тут цалкам захаваныя: фірмовы лёгкі шал Вольгі-Патрык, драйв, які сыходзіць ад клявішніцы Наташы-Наці ды інтэлігентная стрыманасьць гітарыста Дзімы-Гэнры. Гурт адмовіўся ад бас-гітары, але іх музыка ад гэтага не пацярпела. Прытым і самапаўтораў у “Five Bones” не заўважана. Ёсьць агульны стыль, які найбольш яскрава ілюструюць “On rewind” на мінулым альбоме і “Supermind” на гэтым. Але згаданая песьня тут не вызначальная, бо ёсьць зусім адрозная ад яе па настроі “East China Shore” (мусіць, зь яе было б лягічна пачаць альбом), бадай што найбольш цікавая ў музычным пляне “Frank The Bone Collector”, энэргетычна моцны нумар “NIM” і вельмі стылёвая і кранальная рэч “Stripper”. Пяць перлінаў, ні даць ні ўзяць.
Ідэя: 9
Выкананьне: 10
Тэксты: 9
Запіс: 10
Аздабленьне: 9
Сяргей Будкін