13 сакавіка, у межах акцыі “Пяцісотгоднасць”, Лагойск наведалі Надзея Кандрусевіч і Андрэй Хадановіч. Паэт і перакладчыца шведскай дзіцячай літаратуры сустрэліся з трэцякласнікамі Лагойскай сярэдняй школы. Андрэй Хадановіч чытаў вершы з кнігі “Нататкі таткі”, распавядаў пра беларускую дзіцячую літаратуру і пераклад, паказаў прысутным кніжную навінку – “Алісу ў Залюстроўі” Льюіса Кэрала, а таксама заспяваў “Калыханку вялікай мядзьведзіцы” ў сваім перакладзе на беларускую. Тэму перакладу падхапіла Надзея Кандрусевіч, якая прадставіла публіцы некалькі шведскіх дзіцячых бестсэлераў у сваіх перакладах, расказала пра знакамітую сагу Свэна Нурдквіста пра старога Пэтсана і яго ката Фіндуса, правяла віктарыну з цікавымі пытаннямі. Дзеткі актыўна на іх адказвалі, атрымліваючы заслужаныя ўзнагароды ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Цёплая сустрэча скончылася фота- і аўтограф-сесіяй. Некалькі добрых дзіцячых кніжак былі ўручаныя ў падарунак і застануцца ў бібліятэцы Лагойскай школы.