Першы ў краіне музей хлеба адкрыўся ў Моталі

21.01.2015 Культура

Яго арганізавала прыватнае прадпрыемства, якое спецыялізуецца па выпечцы кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў. Як распавёў дырэктар прадпрыемства Мікалай Стасевіч, у музеі будуць навучаць турыстаў пячы хлеб па старадаўніх рэцэптах. Кулінарны майстар-клас стане часткай экскурсійнай праграмы. Госці змогуць уласнаручна змалоць муку, прасеяць яе, замясіць цеста і нават спячы хлеб, паведамляе турыстычны партал Holiday.by. Арганізатары музея здолелі сабраць рарытэтны посуд, незвычайныя рэцэпты і іншыя экспанаты.

Турыстам таксама прапануюць паглядзець фільм пра старадаўнім звычаі выпечкі, упрыгажэнні і абрад падзелу вясельнага каравая. Цікава, што мотальцы пякуць караваі і ў хаце жаніха, і ў доме нявесты. Цеста для яго замешваюць і выпякаюць спецыяльна запрошаныя жанчыны – каравайніцы. У Моталі лічаць, што ад выбару каравайніцы залежыць лёс маладых. Каравайная традыцыя захоўваецца тут некалькі стагоддзяў. Яе дэманструюць і падчас правядзення кулінарнага фэсту «Мотальскія прысмакі». Дарэчы, чарговы фэст пройдзе ў жніўні гэтага года.

vb.by