Я дык нават не здзівіўся.
Бо выдатна памятаю, як у 1995 годзе збілі паветраны шар з двума амерыканскімі грамадзянамі, якіх занесла на нашу тэрыторыю. Тады гэтая гісторыя не атрымала наступстваў, бо іншаземцы былі вінаватыя, а дзеянні беларускага боку, хай сабе і празмерна суровыя, укладваліся ў міжнародныя законы.
Шок еўрапейцаў у выпадку з бортам Ryanair, іхняя гэтым разам пільная і зладжаная рэакцыя абумоўленыя выключна тым, што лінія паводзінаў, якая сталася цалкам звыклай у дачыненні да сваіх грамадзянаў, была ўжытая да людзей з Еўрасаюза.
І, пабачыўшы і зведаўшы хіба 10 адсоткаў таго, што бачылі і ведаем мы, Еўропа пачала тэрмінова прымаць меры.
І як жа выразна змяняюцца ўсе расклады, калі на тутэйшы сюррэалізм праліваецца святло моцнай міжнароднай увагі.
Прызвычаіўшыся да таго, што Беларусь зноўку адышла ў цень цікавасці свету, тутэйшыя спачатку рабілі неахайныя каментары, не надта абцяжарваючы сабе вынаходніцтвамі і зладжанасцю, а калі ўжо нават ХАМАС узяўся абвяргаць, дрэнна спрацаваныя (як заўсёды!) версіі пачалі выразна рассыпацца.
Зноўку сітуацыя мінулага года, адчуванне тэрміновага паскарэння часу, калі за тыдзень адбываецца болей, чым за мінулыя пяць гадоў. Зноўку мы бачым, як захады сістэмы, што былі скіраваныя на адно, даюць зусім непажаданы эфект. Як гэта было з інтэрв’ю Пратасевіча, якое ставіла мэту паказаць, што ён жывы і здаровы, што плёткі пра ягонае знаходжанне ў шпіталі — няпраўда. Але ў выніку гэта прывяло да асаблівага абурэння ў заяве Байдэна, што відэа запісана «пад прымусам».
Ці той самы знішчальнік, які спачатку прайшоў па ўсіх афіцыйных ТГ-каналах як прыкмета таго, як сур’ёзна Беларусь імкнецца забяспечыць бяспеку Еўропы, а потым стаўся асноўнай лініяй абурэння ЕС, — і, атрымліваецца, не трэба было яго наогул так яўна выпінаць.
Адбыўся інфармацыйны стрэл у нагу.
Але паўтаруся: увесь гэты вэрхал тлумачыцца не тым, што спецаперацыя была зладжаная неяк каструбавата, менш ладна, чым астатнія спецаперацыі ўнутры Беларусі. Проста гэтым разам яна выклікала ўвагу замежнікаў, а тыя — у адрозненне ад нас з вамі — не адвучыліся праз перманентны страх думаць крытычна і ўголас казаць пра тое, што думаюць.
Не буду гаварыць, што адчуваю, калі бачу, як прадказаная мной у лістападзе жалезная заслона, бразгаючы шрубамі, канчаткова замыкаецца. Не буду казаць і пра думкі зацятага вандроўніка адносна блізкай перспектывы вандраваць хіба што паміж Ганцавічамі і Лынтупамі.
Усё гэта адчуваеце і вы цяпер.
Што мяне ў гэтай гісторыі бязмежна весяліць — дык гэта той адзіны голас, які гучыць у падтрымку тутэйшага сюру.
Я пра Маргарыту Сіманьян, якая сказала, што «зайздросціць Беларусі», пра іншых рускіх, якія пляскаюць у ладкі і крычаць «Усё правільна здзелалі». На першых этапах праўладныя тэлеграм-каналы нават спрабавалі адчуваць эйфарыю на гэты конт, але потым неяк прымоўклі.
Бо гэтая падтрымка — яна вельмі цікавая.
На словах яны заахвочваюць, падбадзёрваюць, а на справе атрымліваецца як з пастаўкамі расійскай нафты на «Нафтан». І, вядома, мы разам смяёмся з амерыканскіх санкцыяў, але наш смех нейкі больш шчыры, бо з таго боку смех заканчваецца, калі пачынаецца меркантыльны інтарэс і грашовыя страты.
І гэтаксама можа адбыцца з паветранымі зносінамі, бо свая кашуля бліжэйшая да цела, і калі еўрапейцы ладна ўвядуць забарону на пасадку бортаў, што праходзілі над нашай тэрыторыяй, што будзе рабіць «Аэрафлот»?
Перастане лётаць у Еўропу?
У знак салідарнасці страціць прыбытак?
Ці ўсё ж будзе змяняць транзітныя маршруты? І хто тады будзе рагатаць апошнім?
І глядзіце, уся наша «красата» — для Пуціна win/win game: ён, па-першае, радуецца, што ён цяпер зусім не самы зацяты «моцны лідар» у памежжы ЕС.
Бо, ведаеце, жонку Навальнага разам з Навальным не арыштоўвалі — а тут што Бабарыка з сынам, што Пратасевіч з ягонай каханай.
А па-другое, чым бяднейшай будзе рабіцца Беларусь, тым прасцей з ёй будзе дамовіцца на выгадных Расіі ўмовах у найбліжэйшай перспектыве. А тое, што Беларусі эпізод з Ryanair будзе каштаваць не толькі ўжо страчаных трох мільярдаў еўрапейскіх інвестыцый — відавочна.
То давайце, малодшыя славянскія браты! Працягвайце «ўсё правільна дзелаць»!
А мы памахаем ручкай і пастаім убачку.
Бо ў гэтым свеце, пранізаным міжнароднымі сувязямі, нават Казахстан мусіць думаць на перспектыву, арганізуючы злучэнне з Мінскам. І ніхто ўключаны ў міжнародны гандаль не можа сабе дазволіць поўную ізаляцыю.
А тым больш такая буйная дзяржава, як Расія.
Але Беларусь гэта не засмучае.
Беларусь, выходзіць, самая багатая і самадастатковая ў свеце.
Пасля Паўночнай Карэі.
Віктар Марціновіч, budzma.by