Адзін раз на год у музей можна трапіць познім вечарам. Такой магчымасцю скарысталіся ў Музейную ноч 14 мая сотні чалавек, якія завіталі ў дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, што ў гэты дзень працаваў да поўначы. Акром традыцыйнай экспазіцыі літаральна на кожным кроку наведвальнікаў чакала неспадзяванка.
На ўваходзе ў музей за так раздавалася газета “Наша Ніва”. Праўда, нумары былі 100-гадовай даўніны. “Суполка “Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” ўзяла на склад і прадае “Вязанку” Янкі Лучыны. Хутка выйдзе “Жалейка” Янука Купалы”, – паведамляецца ў адной з газетаў. Разабралі “Нашу Ніву” імгенна.
У холе музея цягам усяго вечара на вялікім экране дэманстравілася ўзорныя рэкламныя ролікі, як беларускія, так і сусветныя. У рэжыме нон-стоп паказвалі плён працы ўдзельнікаў фестывалю беларускамоўнай рэкламы AD.NAK-2010 і “Канскіх львоў”. У гэты вечар музей якраз вырашыў зрабіць стаўку на рэкламу, таму імпрэза звалася “Фестываль беларускай, не зусім беларускай і зусім не беларускай рэкламы”. Якраз да 14 мая прымеркавалі адкрыццё адмысловай экспазіцыі. Трэба было зрабіць літаральна дзесяць крокаў, каб са свету рэкламы пачатку XXI ст. трапіць у рэкламны свет пачатку ХХ ст.: “Сильный запор устраняй пилюлями Ара”, – пераконвала абвестка тых часоў. “Удобно, практично, полезно иметь у себя ножницы “Універсал”, – паведамляла яшчэ адна рэкламка 100-гадовай даўніны. На рэкламнай тумбе тутсама кожны мог пакінуць і сваю абвестку.
На другім паверсе гучала музыка пачатку XX ст., паўсюль хадзілі дзяўчаты і хлопцы ў строях тых часоў. Тут разгортвалася арт-дзея “У джазе не толькі паненкі”, якая выклікала, пэўна, найбольшую цікавасць у наведнікаў. Кожны лічыў за абавязак сфатаграфавацца з гэтымі “паненкамі”, а некаторыя нават справабалі свае сілы ў якасці ўдзельніка джаз-ансамбля. Непадалёк размесцілася фотаатэлье, дзе можна было зрабіць экслюзіўны здымак на памяць, дзе Яна — абаяльная і прывабная, а Ён — зачараваны і пераможаны.
Павал Латушка
У гэты вечар у музей наведаўся і міністр культуры Беларусі Павал Латушка, які з цікавасцю агледзеў усе арт-дзеі і выглядаў надта задаволеным. “Мы паказваем людзям, што хадзіць у музей – гэта модна, цікава і весела”, – заяўляюць супрацоўнікі літаратурнага музея Янкі Купалы. Мэты сваёй яны яўна дасягнулі. На канцэрт, які прайшоў у гэтую чароўную ноч у самай вялікай выставачнай залі, не змясціліся ўсе ахвотныя. Людзі слухалі спевы гурта Alta Mente, стоячы пад дзвярыма. У вялікай музычнай праграме ўзялі ўдзел таксама такія гурты, як “Нельга забыць” і Re1ikt.
Кацярына Ваданосава, гурт Alta Mente