Увечары 26 мая ў Re:Public быў вечар прэм’ераў. Свае новыя праграмы і кліпы прадстаўлялі гурты Green Pills і ili-ili, а хэдлайнеры вечара гурт Amaroka – новы альбом “Pastka”. Імпрэзу правяла “Арт-сядзіба”, якой таксама было чым пахваліцца.
“Мы рыхтаваліся да гэтага канцэрту з пачатку года”, – заявіў вядоўца імпрэзы Павел Белавус. Ён з’яўляецца адным з кіраўнікоў “Арт-сядзібы” і вечарыну ў Re:Public называе “справаздачнай” – перад сабой, музыкамі ды гледачамі. Творчая суполка, што аб’ядналася пад шыльдай “Арт-сядзіба” за гэты час спрыяла выданню альбомаў і здымкам кліпаў новай генерацыі беларускага року. Першая з прадстаўленых праграмаў належала маладому гурту Green Pills, якія выклалі напярэдадні канцэрту свой міні-альбом “Шызафрэнія” ў сеціва ды ўразілі музычную грамадскасць заявай пра тое, што падчас яго запісу ў гурце змянілася ажно дзевяць бубначоў. Музыкі выглядалі надзвычай упэўнена, як для свайго першага сур’ёзнага выступу. Вакаліст Ян Верабей казаў са сцэны пра “пакаленне дэбілаў і пакаленне без сілаў” і часам нагадваў маладога Яна Маўзера, асабліва, калі ставіў нагу на комбік. Месца “маўзераў” на беларускай незалежнай сцэне вакантнае, Green Pills маглі б яго заняць, каб на гэта накіраваліся, навучыліся зладжана гучаць ды кінулі граць акустыку са скрыпкай.
Кліп на песню “Шызафрэнія” грамадзе анансаваў яго рэжысёр Аляксандр Крупіна, які выказаў спадзеў, што яго праца не будзе “чарговым абы-што ў беларускім кліпмэйкерстве”. Гэты ролік, роўна як і кліп наступных выступоўцаў ili-ili на песню “Танчыць”, дэманстраваліся ўпершыню. На вялікім экране паказалі таксама ролік “Культура паляпшае жыццё” ад кампаніі “Будзьма беларусамі”.
Перад выхадам ili-ili на сцэне жартавалі з нагоды перакладу назвы гурта на беларускую. “А гэта не па-расейску”, – весела адрэагавалі на кпіны музыкі і сказалі, што гэта выпадковы і вельмі музычны збег літараў на няіснай мове. Гурт, заснаваны акторамі Купалаўскага тэатру, прадстаўляў сваю беларускую праграму. Дзве песні з яе “Сэрцы” і “Танчыць” музыкі ўжо запісалі і выдалі сінглам. Адзін з вакалістаў гурту Павал Яскевіч заявіў, што наступнай можа быць запісаная “Малая мядзведзіца”, душараздзіральная рок-балада. Яна задумвалася, як дуэтная кампазіцыя са спявачкай Настай Шпакоўскай, але Яскевіч мусіў выканаць яе самастойна, бо Наста ў гэты вечар мела спектакль у сваім тэатры. На кампазіцыі “Восень як вясна” ili-ili канчаткова разгайдалі залю, а Зміцер Ясеневіч павесяліў усіх, калі з засцярогай зазначыў пасля яе выканання: “У мяне ўсяліўся Лепс!”.
Хэдлайнерамі вечара стаў гурт Amaroka, які працуе ў жанры пазітыўнага панк-року. Музыкі прадстаўлялі новы альбом “Пасткі”, які быў выдадзены практычна дзень у дзень з канцэртам. Павел Белавус зазначыў, што ў гэты вечар здзейснілася іх мара. 10 год хлопцы ішлі да таго, каб іх канцэрт рэкламаваўся на бігбордах у метро ды іх прыйшоў паслухаць цэлы Re:Public. Сваім сэтам Зміцер Афанасенка з калегамі сапраўды засведчылі, што вартыя гэтага. Ён выдатны шоўмэн, някепскі тэкставік, добра адчувае настрой сваёй публікі, а яго гурт грае пераканаўча і зладжана. “Панк-рок назаўжды!”, – ускрыквае лідар Amaroka і танцпляц з ахвотай адгукаецца ды ладзіць шалёныя скокі. У каманды пакуль няма хітоў, якія б падхапілі ўсе, але гэта справа нажыўная. Найбольш эфектна мусіць выглядала выкананне песні “Пульс”. У ролі другога вакаліста нечакана паспрабаваў сябе выдавец Алесь Мазанік, а ў падтанцоўку пайшлі самыя актыўныя гледачы. Часам у музыкаў ірваліся струны, шнуры, у Змітра падала гітара, але яны самі рэагавалі на непаладкі нязмушана, таму магло падацца, што гэта абавязковая частка шоў. Акром новых песень Amaroka згадалі і некаторыя свае даўнія рэчы, як “Траблы” з альбому пяцігадовай даўніны ці песню “Людзі” – самы першы твор гурту. Падчас яе выканання на вялікім экране паказалі архіўныя кадры аднаго з першых канцэртаў. Amaroka некалі гучна стартавалі, сыграўшы сумесны канцэрт з N.R.M.
Перад заслужаным бісам, на сцэну Re:Public выйшла немалая каманда “Арт-сядзібы”, дзякуючы якой адбыўся канцэрт. Хлопцы і дзяўчаты паабяцалі і далей рухаць наперад беларускую культуру ды заклікалі заходзіць на новы інтэрнэт-партал, які запрацуе літаральна на гэтым тыдні.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч