“Калі выйсця няма, мы здольныя на ўсё”, – так характарызуе беларускую нацыю Алег Хаменка. Падставай для такой заявы для вядомага музыкі стаў аналіз надзвычайнага здарэння на Паўднёвым Бугу. Менавіта тут у пух і прах была разгромленая легенда пра нашую так званую “памяркоўнасць”.
Веліч такой перамогі бясспрэчная, не да канца высветлены толькі яе час. Дык колькі ж гадоў ВЯЛІКАЙ Перамозе – 65 ці 650? Адказ на гэта і аповед пра тое, як перамагчы самае страшнае ў свеце, глядзіце тут.
Я хачу згадаць гістарычную падзею, якая не вельмі папулярная і пра якую цяпер мала хто ўспамінае. Але ў наступным годзе мы будзем святкаваць 650-годдзе з той перамогі ліцвінаў-беларусаў…
Гэта была незвычайная падзея. Іншая справа, што яна па-рознаму падаецца цяпер расійскімі дый іншымі крыніцамі. Бо яна сапраўды беларуская, і таму на яе забыліся і не згадваюць. Гэта перамога Альгерда на Сініх водах.
Надзвычайнасць падзеі была ў тым, што на той час дзве наймагутнейшыя імперыі — Залатая Арда, якая знаходзілася ў 1358 годзе на піку сваёй магутнасці, і Атаманская імперыя (Асманская імперыя) — вызначылі сваёй дзяржаўнай рэлігіяй іслам. І абвясцілі джыхад. І яны ўжо, па сутнасці, падзялілі ўсю хрысціянскую Еўропу, яны вызначыліся, як гэты джыхад яны будуць рабіць.
У той час Літве з Усходу пагражалі Мамай з хаўруснікамі Маскоўскага княства, з Поўдня — Крымскае ханства. Перакопскае ханства ўжо дамовілася з Казімірам ІІІ. Па сутнасці, выставіла ультыматум: ці мы будзем рабаваць Валынь, ці ты нас падтрымаеш супраць Альгерда. І Казімір ІІІ пагадзіўся падтрымаць татарскую арду ў змаганні супраць Літвы.
Тады якраз на Паўднёвым Бугу, на тэрыторыі сучаснай Украіны, збіралася неверагодна вялікае войска для захопу Еўропы, але першы крок тады зрабілі асманы, саюзнікі Залатой Арды, калі ўвайшлі ўжо ў Еўропу, зрабілі там плацдарм для захопу і перанеслі туды сваю сталіцу. Гэта значыла, што пасля страшэннай эпідэміі чумы Еўропа не стаяла на каленях, яна б увогуле не паднялася. Гэта азначала, што ўсёй хрысціянскай культуры пагражала знішчэнне.
Тая аблога, якую бачыў Альгерд, азначала, што ў яго ўжо не было выбару: ці перамога, ці поўнае знішчэнне Літвы. І ніхто яму тады дапамагчы рэальна не мог, бо ўсе плацілі даніну залатаардынцам. І яшчэ раз нагадаю, што Залатая Арда ў гэты час была на піку сваёй магутнасці. Тады Альгерд звярнуўся па дапамогу да Чарнігаўскага і Кіеўскага княстваў, якія плацілі даніну Залатой Ардзе, і прапанаваў ім гэтага не рабіць. Гэта быў надзвычайны крок, але і Кіеў і Чарнігаў пагадзіліся, толькі сказалі, што Альгерду плаціць даніну “мы таксама не будзем, але падтрымаем вас войскам, калі вы дасце клятву аб тым, што будзеце бараніць нас ад Залатой Арды, як свае гарады”. І Альгерд гэтую клятву даў. Так вось узнікла тое войска, якое дайшло да мясцін, дзе Залатая Арда рыхтавалася захапіць Еўропу, — да славацкіх земляў, чэшскіх земляў, бо было разлічана, што менавіта там яны пачнуць захоп Еўропы. Гэта быў цэнтр, Цэнтральная Еўропа.
На той час татарскае войска было самым магутным у свеце, і тая тактыка, якую яны мелі, была неверагодна паспяховай, ніхто не мог ім супрацьстаяць. Толькі талент Альгерда, і выкарыстанне арбалетаў, якімі ён узброіў сваіх непадрыхтаваных вайскоўцаў, і вельмі цікавыя тактычныя вынаходкі здолелі павыбіваць зубы Залатой Ардзе ў час, калі яна была на піку сваёй магутнасці. Яны спынілі гэты захоп.
І з гэтага часу 125-гадовае іга ва ўкраінскіх княствах спынілася, і праз 17 гадоў рускія княствы, пабачыўшы гэты поспех, здолелі выйсці на Куліковае поле, хаця, канечне, амаль сто гадоў яны яшчэ плацілі ханам адпаведны аброк. Гэта надзвычайная падзея ў сусветнай гісторыі, калі мы ўратавалі ўвесь хрысціянскі свет. І хочацца дадаць, што калі ліцвінаў прыціскаюць так, што ім няма куды выйсці, яны здольныя перамагчы каго заўгодна. І вось гэты спрэчны падзел, такія мы ці такія, зразумела, не адпавядае праўдзе.
Яшчэ раз трэба падкрэсліць: гэтая значная падзея тлумачыць, што калі выйсця няма, мы здольныя на ўсе, і гэта значыць, што мы сапраўды рашучыя, але цярплівыя ці талерантныя.