Віктар Марціновіч на budzma.by разважае пра самае галоўнае для беларусаў у гэтым годзе.
Можа, мне хто-небудзь з вас, шаноўныя чытачы-беларусы з 2020 года, патлумачыць, што такое для вас асабіста свабода?
Вы адчуваеце, як змяніўся сэнс гэтага слова ў параўнанні з тым, чым была свабода для нас яшчэ год таму?
Мы ўсе імкнёмся да свабоды, шмат хто адседзеў суткі, нехта страціў здароўе і нават жыццё за яе.
Але што гэта – свабода?
Як вы яе разумееце?
Нашы папярэднікі Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі таксама біліся за свабоду. Першы вымушаны быў эміграваць, другі быў забіты і патаемна пахаваны.
Але ці тая гэта свабода, пра якую марыць кожны беларус у 2020-м?
Відавочна, што не.
Каліноўскі і Касцюшка разумелі свабоду як вызваленне з-пад каланіяльнага прыгнёту. Як раскошу тутэйшым людзям самім вызначаць свой лёс. Не залежаць ад рускіх паноў і чужога цара.
Дык вось яна, гэтая свабода! Яна тут у нас як найменш з 1991-га!
Беларусь – незалежная, гэта неаспрэчная дадзенасць, і рускі цар мае тут хіба што ўладу вызначаць цэны на энерганосьбіты.
Але чаму так цяжка дыхаецца пры гэтай свабодзе?
Чаму зноўку гінуць за свабоду?
Зноў выпраўляюцца на чужыну?
У выдатным рамане В’ета Нгуена “Спачувальнік” ёсць вельмі глыбокая і актуальная для нас развага.
Галоўны герой працуе сакратаром праамерыканскага афіцэра падчас згортвання вайсковай аперацыі ў В’етнаме ў 1969-м. Адначасова з гэтым герой перадае звесткі камуністам, якім спачувае. У пэўны момант гэты “двайны агент” трапляе ў камуністычны палон, і яго не ратуе тое, што ён супрацоўнічаў з “чырвонымі”. Гледзячы на жудасныя рэчы, якія в’етнамцы робяць з в’етнамцамі ж у папраўчым лагеры для ваеннапалонных, ён зазначае: вось, раней нас прыгняталі французы, і мы з імі змагаліся, думаючы, што менавіта гэта і ёсць барацьба за волю. Але цяпер высветлілася, што самі в’етнамцы здольныя рабіць з в’етнамцамі такія рэчы, на якія не наважыўся б ніякі каланізатар. І што, маўляў, вось гэта і ёсць сапраўдная незалежнасць.
У гэтым сэнсе ўсе, хто перажыў лета і восень (і зіму!) 2020-га, пабачылі, што ніякі Мураўёў-вешальнік не супастаўны з тутэйшымі, дамарослымі, спецыялістамі.
Што Зло неабавязкова мусіць прыходзіць звонку, каб быць Злом.
І, такім чынам, свабоды ў краіне можа не быць нават пасля таго, як краіна гарантавала сабе незалежнасць. І нават болей: тая самая незалежнасць мусіць быць крыніцай, з якой выбегла і выбудавалася самая вялікая за гісторыю гэтай зямлі несвабода.
То трэба зрабіць наступны крок.
Прыкласці высілкі і зразумець, што такое сапраўдная, дарэчная, свабода.
Да чаго мы імкнёмся?
Хіба рэч толькі ў праве абіраць тых, хто намі кіруе?
У тым, каб спыніць агрэсію і гвалт?
І ці можа існаваць свабода ў атмасферы паўсюднай маны?
Няўжо свабода роўная праўдзе?
Ці, прабачце, дэмакратыі?
У мяне ёсць асабісты адказ на пытанне, што такое свабода: для мяне гэта права не падпарадкоўвацца тым загадам, якія не выходзяць з майго сэрца. Загадам, супраць якіх паўстае ўсё знутры.
Такім чынам, мяжой сапраўднай свабоды ёсць не геаграфія, але – сама асоба.
Можна жыць у цалкам незалежнай сістэме, але быць нявольнікам горшым, чым жаўнер каланіяльнага войска.
Кожны з нас мае адчуванне таго, што добра і што – не.
Свабода – гэта права не рабіць іншаму кепска тады, калі ты яму спачуваеш.
Менавіта гэтага права бракуе ўсім людзям, якія зрабіліся вінцікамі нашага невыноснага парадызу.
Я гляджу ў іхныя вочы і бачу ў іх дзве рэчы: пакорлівасць і страх, страх і пакорлівасць.
Пераадоленне іх і ёсць галоўнай задачай таго, хто змагаецца за вольную Бацькаўшчыну.
І праблема тут палягае ў тым, што значная частка гэтай барацьбы мусіць весціся ўнутры чалавечага розуму.
Віктар Марціновіч, budzma.by