Тэма аграсядзібаў і агратурызму ўжо не ўпершыню падымаецца кампаніяй «Будзьма беларусамі!». Чарговая сустрэча ў фармаце ток-шоў прайшла ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці. Такія дыялогі-дыскусіі з удзелам як саміх гаспадароў аграсядзібаў, так і прадстаўнікоў уладаў, адказных за развіццё сваіх рэгіёнаў, а таксама адмыслоўцаў у сферы інфармацыі і культуры, надзвычай важныя і карысныя. Падчас гэтых сустрэч удаецца абмеркаваць не толькі агульныя падыходы да развіцця гэтай перспектыўнай галіны турызму, але і паразважаць пра магчымасць і нават неабходнасць адказней ставіцца да нацыянальнага складніка ў працы аграсядзібаў, у змесце іх анімацыйных, кулінарных, спартовых або культурных праграм.
На сустрэчы, якая адбылася 1 лістапада ў памяшканні Іванаўскага райвыканкама, у якасці спікераў удзельнічалі Ася Паплаўская – вядомы блогер, былы рэдактар партала holіday.by, Ігар Шаруха – кандыдат навук, прафесар МДУ імя Куляшова, і Сцяпан Млынчык – прадстаўнік Іванаўскага райвыканкама па справах спорту і турызму. Мадэратарам ток-шоў быў Аляксандар Агееў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры археалогіі і гісторыі МДУ імя Куляшова. Спадар Аляксандр, акрамя ўсяго, з’яўляецца сябрам Савета па развіцці агратурызму пры Магілёўскім аблвыканкаме.
На жаль, мясцовыя ўладальнікі агратурыстычных бізнесаў і іншыя зацікаўленыя асобы не надта актыўна адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у сустрэчы: у актавай зале выканкама сабралася крыху больш за дзесяць чалавек. Сярод іх было, можа, 4-5 непасрэдна гаспадароў аграсядзіб, а таксама некалькі старшыняў і іншых супрацоўнікаў сельсаветаў, на тэрыторыі якіх аграсядзібы месцяцца.

Ася Паплаўская, Ігар Шаруха, Сцяпан Млынчык
Перспектыўная галіна бізнесу
Непасрэдна тэма сённяшняй сустрэчы гучала як «Агратурызм у Іванаўскім раёне: што ёсць і чаго хочацца». Але ў пачатку размовы вядоўца прапанаваў спікерам адным словам ці сціслым сказам ахарактарызаваць стан беларускага агратурызму.
Сцяпан Млынчык не стаў разважаць пра ўвесь агратурызм, адказаў толькі лічбамі са свайго раёна: на сёння ў ім зарэгістраваныя 22 аграсядзібы, з якіх дзейнічае 15. Ігар Шаруха працягнуў статыстычную тэму і згадаў, што калі ў Беларусі прымалася адпаведная праграма, планавалася з’яўленне каля пяці тысячаў аграсядзібаў. Але ўжо з 2010 года колькасць іх не ўзрастае і трымаецца на ўзроўні прыкладна 2200, праўда, адбываецца ўнутранае развіццё – змяняюцца якасныя характарыстыкі гэтых турыстычных аб’ектаў.
Беларуская Ібіца? Лёгка! У Браславе абмеркавалі супрацу мясцовага актывізму і бізнэса
Падрабязней вырашыла распавесці пра стан і праблемы агратурызму Ася Паплаўская. Яна адзначыла, што гэта вельмі перспектыўная галіна бізнесу, і сёння аграсядзібы ўжо не толькі прапануюць арэнду пакояў, але і пачынаюць думаць над пашырэннем разнастайнасці сваіх паслуг. Адзінае што цяпер існуе «крызіс жанру»: уладальнікам хочацца рабіць нешта новае, але пакуль яны не ведаюць, куды ісці і каму прапанаваць свае паслугі. Як паспяховы і перспектыўны прыклад Ася Паплаўская прывяла досвед стварэння своеасаблівых крэатыўных кластараў у некаторых раёнах – Кобрынскім, Глыбоцкім, на Валожыншчыне. Там уладальнікі аграсядзібаў аб’ядноўваюцца з асобнымі гаспадаркамі і робяць цікавыя сумесныя праграмы з цэлым комплексам паслуг. Напрыклад, калі чалавек спыняецца ў аграсядзібе, яму могуць прапанаваць конныя экскурсіі ў адной гаспадарцы, паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе сыроў у другой, наведаць дэгустацыю мёду ў трэцяй.
На думку экспертаў, калі аналізаваць працу аграсядзібаў па раёнах, вельмі істотна спрыяе поспеху «іміджавасць» пэўнага рэгіёна: асаблівасці мясцовай кухні, мовы, звычак і абрадаў, нават народных строяў. Гэтыя чыннікі прыцягваюць увагу турыстаў, асабліва калі ладзяцца адпаведныя спецыфічныя фэсты. Сцяпан Млынчык у звязку з гэтым нават адзначыў: «Дзякуючы таму, што ў нашым раёне пачаў развівацца турызм, мы пачалі ўспамінаць свае вытокі, гісторыю. Калі падчас таго ж фэсту «Мотыльскія прысмакі» людзі дастаюць і паказваюць свае вырабы: ручнікі, адзенне, – успамінаюць сваю кухню і абрады, гэта сведчыць пра нашу адметнасць, гэта цікава і турыстам, і экспертам з іншых краін. І ўсё гэта трэба пачынаць рабіць больш, аднаўляць, не забываць».

Прамаўляе Сцяпан Млынчык
Дык што ж такое агратурызм?
Удзельнікі дыялогу абмеркавалі і такую праблему, як месца і памеры аграсядзібаў. На сёння дзейнічае вельмі ўмоўны падатак на такі бізнес – усяго адна базавая велічыня. Але нельга параўноўваць прыбыткі невялічкай сядзібы, якая можа прыняць 10-15 чалавек у аўтэнтычнай вясковай хатцы, ды яшчэ ў глыбінцы, і абарот вялікага комплексу, у які могуць быць укладзеныя мільёны, але які фактычна мае той жа статус. Гэтую праблему трэба ўважліва разгледзець на дзяржаўным узроўні, каб не было спакусы адначасна падвысіць падаткі і на маленькія аграсядзібы, і на гатэльна-рэстаранны бізнес, што хаваецца пад дахам агратурызму.
Нямала ўвагі і часу было аддадзена разгляду відаў агратурызму. Сам гэты тэрмін у нейкай ступені прадугледжвае не проста адпачынак, але і пэўную дзейнасць на зямлі. Цяпер знаходзіцца нямала гараджан, якія не маюць дач, але хочуць папрацаваць сваімі рукамі, пажыць на вёсцы, атрымаць жыццёвы досвед. Пры гэтым існуе пэўная супярэчнасць: з аднаго боку, ёсць попыт на архаічнасць і аўтэнтыку, але трэба ўлічваць і сучасныя стандарты жыцця. Тут самае галоўнае – правільна спалучыць старажытнасць і сучаснасць, не рабіць аздабленне «трафарэтным», у выглядзе падробкі пад аўтэнтычнасць.
“Усе змены да лепшага залежаць толькі ад нас!” Незвычайнае ток-шоў прайшло ў межах арт-пікніка “Межань”
Як прыклад паспяховай аграсядзібы, што працуе ў такім кірунку, Ася Паплаўская згадала сядзібу «Ёдзішкі», якую зрабіў чалавек з Расіі. У гэтай аграсядзібе турыст цалкам паглыбляецца ў сялянскі быт, з усімі адметнасцямі і каларытам. Пры гэтым попыт на такі адпачынак настолькі вялікі, што ў іх існуе досыць вялікая чарга, у туры на найбольш запатрабаваны час людзі запісваюцца за шмат месяцаў пры немалых цэнах. Прысутныя ў зале ўладальнікі аграбізнесаў заўважылі, што многія расійскія бізнесоўцы ўкладаюцца ў такія праекты ў Беларусі яшчэ і таму, што тут гэта танней, ды і ўвогуле адпачынак для расійскага турыста ў нас больш танны за аналагічны ў Расіі. Яшчэ ўспомнілі тое, што замежнікі, нават расійцы, заўважаюць больш адметнасцяў, «фішак», якія можна скарыстаць для развіцця падобнага бізнесу, а ў мясцовых уладальнікаў аграсядзіб часта «замыльваецца вока», і яны шмат на што нават не звяртаюць увагі, лічаць звыклым і нецікавым. Гэта, дарэчы, тычацца і мовы, бо замежны турыст, і ў першую чаргу рускамоўны, хоча бачыць і чуць іншую мову, адчуваць, што ён знаходзіцца ў іншай краіне.

Ася Паплаўская
Як правільна прасоўваць сваю аграсядзібу?
Вялікай і важнай тэмай абмеркавання сталася інфармацыйнае суправаджэнне агратурыстычнага бізнесу. Як дасведчаны адмысловец у гэтых пытаннях Ася Паплаўская заўважыла, што большасць аграсядзібаў не карыстаецца паслугамі прафесіяналаў, якія працуюць з аўдыторыяй у інтэрнэце. Калі нехта і вядзе старонкі ў сацсетках, то імі займаюцца самі ці давяраюць сваім больш «прасунутым» дзецям. Бывае, нехта дае інфармацыю пра свае сядзібы на адпаведных сайтах і каталогах, але звесткі не заўсёды абнаўляюцца, могуць быць пазначаныя неактуальныя цэны. Таксама вельмі важна, каб была не толькі «голая» інфармацыя пра інфраструктуру, але і прысутнічаў «у кадры» жывы чалавек. Чытачоў цяпер усё больш прываблівае жыццё гаспадароў, асабліва калі сам гаспадар вельмі актыўны, напрыклад, можа сыграць на гармоніку, распавесці нешта ў відэароліку. Не менш важна яшчэ і рэгулярна абнаўляць сваю старонку, посціць навіны, бо калі сайт ці акаўнт не абнаўляецца доўгі час, у пошукавых сістэмах яны паказваюцца на далёкіх старонках, куды мала хто заглядвае. Акрамя асабістых ці спецыялізаваных інтэрнэт-рэсурсаў важная супраца аграсядзібаў з рэгіянальнымі СМІ. Трэба прапаноўваць розныя тэмы для рэпартажаў, асабліва калі з’яўляюцца новыя паслугі, маршруты.
Як і дзе шукаць партнёраў?
Зайшла размова і пра пошукі суфінансавання аграсядзібаў. Для гэтага існуюць пэўныя праграмы грантавай падтрымкі праз міжнародныя фонды, ёсць адпаведныя прапановы льготнага крэдытавання ў нашых банках. Толькі для ўсяго гэтага патрабуецца грунтоўная распрацоўка праекта, неабходна прапанаваць прывабныя планы, якія звычайна могуць распрацаваць толькі адмыслоўцы. Гэта вымагае адпаведных выдаткаў, але трэба вучыцца і не баяцца супрацоўнічаць з такімі спецыялістамі.
Чым зацікавіць турыстаў?
Пад канец сустрэчы больш падрабязна паразважалі пра мясцовыя адметнасці і магчымасці. Тут шмат чаго цікавага, у тым ліку звязанага з вядомымі і знакамітымі людзьмі. Непадалёк ад Іванава месціцца сядзіба Дастаеўскіх – Дастоева. Там цяпер ёсць музей, які пакуль размешчаны ў памяшканні школы, на месцы былой сядзібы ўсталяваны памятны знак. Ёсць ужо планы адбудаваць і саму сядзібу, сродкі на гэта будуць выдаткаваныя з бюджэту саюзнай дзяржавы.
“Спадчына — гэта не камяні. Гэта сэнсы, якія мы ў іх укладаем”: у Чарэі абмеркавалі патэнцыял помнікаў гісторыі і культуры
З Іванаўскага раёна паходзіць Напалеон Орда, найвядомейшы беларуска-польскі мастак і кампазітар. У суседнім Мотылі нарадзіўся Хаім Вайцман – выбітны навуковец і першы прэзідэнт Ізраіля. Такія дзеячы сусветнага ўзроўню заўсёды выклікаюць цікаўнасць, і не толькі ў замежных турыстаў. Выкарыстоўваць гэты патэнцыял у развіцці турыстычнай сферы можна і з удзелам сектару агратурызму, ствараючы дадатковыя паслугі, маршруты, згаданыя вышэй «кластары». Але пры гэтым не трэба забывацца і на разнастайныя мясцовыя цікавосткі, легенды, бывае, што самі гаспадары аграсядзібаў могуць прыдумаць нешта сваё, новае і непаўторнае. Накладаючы на агульнавядомыя брэнды сваю адметнасць, можна прапаноўваць нешта прывабнае і ўнікальнае. Толькі ў любым выпадку трэба ствараць адпаведную інфраструктуру, абавязкова рэкламаваць свой прадукт, ствараць свой «брэнд».

Ігар Шаруха
Што такое «падзейны» турызм?
Яшчэ адзін кірунак – «падзейны» турызм, калі ладзяцца розныя фэсты, кірмашы, іншыя актыўныя падзеі. Спадар Агееў як гісторык прапанаваў успомніць, якія гарады рэгіёна мелі Магдэбургскае права, бо ў ранейшыя часы яно давала магчымасць правесці вялікі кірмаш. Адпаведна, можна было б аднавіць нешта падобнае ў новым фармаце, новая цікавая падзея стала б дадаткам да добра вядомага фестывалю «Мотыльскія прысмакі». Пра першыя крокі новага турыстычна-спартовага фэсту «Мотыльская рэгата» распавёў Сцяпан Млынчык. Як аказалася, ужо некалькі гадоў тут ладзяць сплаў на байдарках па маляўнічых мясцовых рэках і каналах.
Як завабіць на фэст архітэктараў з Афрыкі і аматараў драконаў з КНР?
Адна з высноваў сённяшняй сустрэчы: трэба ў першую чаргу разлічваць на свой унутраны рынак як больш стабільны і прадказальны. Замежныя турысты таксама важныя, але, як паказвае досвед, калі нехта зарабляў выключна на расійскіх турыстах, то пасля нядаўняга крызісу атрымаў значны спад кліентаў. Як любы бізнес, агратурызм патрабуе і ўкладанняў, як матэрыяльных, так і разумовых: трэба больш думаць, шукаць кірункі і шляхі. Улада зацікаўленая ў дапамозе, бо турызм шмат у якіх рэгіёнах можа паспрыяць развіццю эканомікі, але яна не можа зрабіць усё за людзей. Трэба грукацца ў розныя дзверы, і вам адчыняць.
Тэкст і фота – Алесь Сабалеўскі