Літаратурны крытык Наста Грышчук працягвае агляд твораў са школьнай праграмы на budzma. by. Сёння гаворка пра апавяданне Івана Навуменкі «Сямнаццатай вясной».
Нядаўна бачыла абвестку: Аляксей Шэін дае майстар-клас «Як напісаць фэнтэзі-бэстсэлер». Цікава, канечне, было б дазнацца, адкуль пра гэта ведае Шэін, але мы пра іншае.
Мы пра Івана Навуменку, які мог бы даць майстар-клас «Як сапсаваць добрае апавяданне». Ён дакладна ведае як.
*
Наўрад ці вы добра памятаеце апавяданне Івана Навуменкі «Сямнаццатай вясной». Тут і назва камсамольска-рамантычная, і змест класічны: вайна, каханне, партызаны. Нездарма апавяданне ўключылі ў школьную праграму.
Нічога добрага яно не абяцае, але хутка скепсіс мінае. Апавяданне цудоўнае.
Яго вылучае асаблівая аўтарская іронія, якую зусім не чакаеш сустрэць у ваенным апавяданні 1956 года. Навуменка смяецца з гераічнага пафасу. З бравады падпольных змагароў. Са штучна навязаных ідэалаў, якія прайграюць жыццю.
«Ніхто з нашай чацвёркі ні разу не пайшоў танцаваць. Мы лічылі, што весяліцца, танцаваць у такі час, калі ідзе вайна, калі ліецца кроў, проста ганебна.
— Здраднікі, — са злосцю пазіраючы на тых, што танцуюць, шаптаў Мікола Біцюг. — Знайшлі час весяліцца — гранату б сюды.
— Не трэба раскідвацца гранатамі, — падсякаў Міколу Сымон Біцюг. — Дый у цябе ж яна толькі адна».
Іронія вырастае да сарказму крамольных памераў. Навуменка ставіць пад пытанне мэтазгоднасць чалавечых ахвяраў у імя вайны (закрэслена) мірнага неба над галавой.
«Мірнае неба над галавой» і запаветы Сталіна замест маральных імператываў і зорак.
Так было да прыходу ў беларускую прозу бітых лейтэнантаў; прыходу, азначанага баямі не крывавымі, але не менш гарачымі за «сапраўдныя», са сваімі ахвярамі. Але ўсё гэта здарыцца пазней, калі Быкаў апублікуе «Мёртвым не баліць» (1965). Пакуль што ёсць «Мінскі напрамак» Мележа, «Глыбокая плынь» Шамякіна, «Векапомныя дні» Лынькова і іншыя опусмагнумы, да якіх чалавек па добрай волі не звернецца ніколі.
І маленькае апавяданне Навуменкі — між імі.
*
Герою шаснаццаць, жыве без бацькі — той на фронце, школу нармальна скончыць не ўдалося — вайна. З сябрамі яны скалацілі групу падпольшчыкаў, ці партызанскую ячэйку, ці мушкецёрскі квартэт, называй як хочаш, усё адно глупства. Навуменка, які выступае і героем, і наратарам, кажа пра гэта амаль адразу. Ён іранізуе з праведнага гневу падлетка-змагара, з пачуцця ўласнае важнасці, са штучнай сур’ёзнасці хлопцаў. З аднолькавым смехам апісвае іх баявы арсенал і першую закаханасць героя.
«Мы былі заклапочаны планамі далейшага ўзбраення і ў хуткім часе збіраліся аб’явіць германскаму фашызму бязлітасную вайну». Горкія дзеці. Яны ўяўляюць сябе героямі, бо іначай рэчаіснасць іх расцісне. Выжывуць толькі героі — значыць, мы імі будзем.
У мірны час гэтыя юнакі ўзялі б за ўзор персанажаў Купера, або савецкіх палярнікаў, або экранных зорак. Або мужчын з блізкага кола. Іх штучна пазбавілі гэтай магчымасці. Побач толькі мамкі, смяшлівыя дзяўчаты і ворагі.
«Літоўскі хутарок»: фемінізм як частка гуманізму
Ворагаў Навуменка таксама выпісвае нязвыкла. Ягоныя героі-дзеці ведаюць, што немцы — зло. І яны іх, канечне, ненавідзяць. Але нянавісць гэтая смешная. Вераб’іны гнеў. Не таму нават, што дзеці — нішто перад машынай смерці. Але таму, што абстрактны немец ва ўяўленні юнакоў больш падобны да строгага дырэктара школы, чым да рэальнага ворага.
У апавяданні толькі адзін сапраўдны антыгерой. І гэта беларус. Кірыла Сёхман, мясцовы хлопец, цёмны персанаж. Яго даўно абыходзяць бокам, і вайна тут ні пры чым.
Першая трывожная нотка ў вясновай смяшлівай сімфоніі прагучыць, калі Навуменка скажа пра Сёхмана: «Кірыла тут, у скверыку, адчуваў сябе вельмі значнай асобай. Ён быў важны, надзьмуты і раз-пораз пазіраў на свой наручны гадзіннік, які раздабыў нядаўна».
Гэта цяпер мы ведаем, пры якіх варунках здабывалі тыя гадзіннікі.
*
Навуменка піша, што называецца, «зноў пра вайну», але зусім не пра яе. Ён піша пра псіхалогію падлетка, які сталее ва ўмовах ненармальных, штучна вывернутых вонкі. Іронія аўтара скіраваная не супраць наіўнага гераічнага пафасу Я-героя — супраць ненармальных умоў, у якіх дзіця лічыць за подзвіг забойства.
Чытайце таксама: Іван Навуменка. Апошні з народных
Галоўны герой, мяркуючы ўразіць першае сваё каханне, «пазычае» сінія штаны ад шыкоўнага бацькавага гарнітура. Гэтыя сінія штаны й запамінаюцца найбольш, і на іх акцэнтуецца ўвага аўтара. Звыклы прадмет адзення, рэч абсалютна побытавая, робіцца сімвалам нармальнага жыцця. Бацька толькі аднойчы надзеў гарнітур — потым пайшоў на фронт. Сын толькі аднойчы надзеў бацькавы штаны — іх падрала ў лахманы ў час здзяйснення юнакамі іх першага баявога «подзвігу».
Навуменка стварыў не проста праўдзівую, але жывую псіхалагічную мадэль. Паводле яе юнак мусіў быць у роспачы пасля таго, што адбылося на чыгунцы. Увага, спойлер: яны забілі чалавека.
Гэта мусіла выклікаць крызіс асобы і светапогляду. Юнак, якога намаляваў аўтар, быў бы ў жаху ад сябе і свайго ўчынку. Ён бы ўбачыў нарэшце, што вайна — не гераічная. Ён мусіў прыйсці да гэтай высновы. І тут мусіў паўстаць знак роўнасці паміж героем і аўтарам, а іронія Навуменкі займела б вытлумачэнне ў межах самога апавядання.
Але нешта пайшло не так.
Чаму — мы ўжо ніколі не дазнаемся дакладна. Прынамсі, у аўтара не запытаеш. Можна толькі здагадвацца, што прычынай усяму — адзіная правільная ідэалогія, пабудаваная на кульце сілы і гвалту.
Прасцей сказаць, што.
Наш паранены дыверсант шчасліва абмінае пакуты сумлення. Ён увогуле не задумваецца пра смерць, нішто, як кажуць, не варухнулася. Навуменка забіў свайго героя там, на чыгунцы. У фінал аўтар вывеў яго драўляную копію.
Больш за тое, дзяўчына, у якую хлопец закахаўся і дзеля якой выкраў сінія штаны, аказалася падпольшчыцай. Ах, як ён памыляўся!.. Хацеў штанамі ўзяць, а яна — ідэйная!
І гэтая абсалютна карыкатурная думка прамаўляецца ўсур’ёз. Ні ценю ўсмешкі, да якой прывыкаеш цягам апавядання. Цягнуўся да Мапасана, а трапіў у шамякіны.
Словам, балюча глядзець, як Навуменка забівае сябе як пісьменніка. І апавядання шкада.
Наста Грышчук, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!