У чарговым роліку арт-праекта «Словы мацней» свае творы чытае пісьменнік Барыс Пятровіч.
Арт-праект «Словы мацней» — гэта Беларусь галасамі сучасных беларускіх літаратараў.
Бырыс Пятровіч (сапраўднае імя - Барыс Пятровіч Сачанка) — пісьменнік. Нарадзіўся ў 1959 годзе на Гомельшчыне ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна. Мае адукацыю журналіста. Працаваў у газетах «Гомельская праўда», «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя». У 2002 годзе сышоў з дзяржаўнай працы і заснаваў літаратурны часопіс «Дзеяслоў», стаў яго галоўным рэдактарам. У снежні 2011 года быў абраны старшынёй ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».
У творчасці спалучае адданасць класічнай літаратурнай традыцыі з дакладна выверанымі назіраннямі за рэаліямі. Яго лічаць яскравым прадстаўніком экзістэнцыялізму ў сучаснай беларускай літаратуры. Першая кніга «Ловы» выйшла ў 1992 годзе, потым выдаў яшчэ 9 кніг, апошняя кніга «Пуціна» выйшла ў 2015 годзе. Уганараваны медалём да стагоддзя БНР у 2019 годзе. Жанаты, мае двух сыноў.
Яго творы перакладзеныя на англійскую, французскую, нямецкую, рускую, польскую, чэшскую, балгарскую, славацкую, літоўскую, украінскую і іншыя мовы.
Тэксты, якія гучаць у відэароліку
Кветачкі
бессаромна пахнуць ружы жывёльным пахам падману і праўды, уздымаюць твары ўверх, кладуць галовы на твае плечы і плачуць, неспатоленым тлумам аточаныя, неаплочаным шчасцем атуленыя, і слёзы тыя плешчуцца ля ног тваіх, б’юцца аб іх як кацяняты ілбамі і цямнее дол ад тога мокрага блаславення: хай будзе так і ўсім, усім — толькі дабра, толькі пульхных вуснаў і стромкіх ног, і ні кроплі слёзнай — хай будзе так! хай зялёным святлом поўняцца лясы, блакітным — рэкі, жоўтым — пясчаныя берагі ля Мазыра, ля Гомеля, ля Гародні... колькі можна бегчы напрасткі, куды можна забегчы напрасткі? стомлены твар палымнее ружай, мокрае цела пахне жыццём, слёзы сталі потам, пот — парай, пара — дажджом, дождж — лужынаю: дай, нап’юся, нап’юся і паплачу — п’яныя любяць паплакаць над сваёю нядоляй і чужою радасцю, над несусветнай бядою і сусветным шчасцем, над тым чаго няма і чаго не будзе; слёзы хвалямі б’юцца ля ног, самыя смачныя слёзы — слёзы нашах крыніцаў, самыя блакітныя слёзы — слёзы нашага неба, самыя жоўтыя слёзы — слёзы нашых балотаў, самыя шчырыя слёзы — твае: слёзы спазнання мужчыны, у іх — боль і радасць, крык і шчасце; мужчынам гэта не дадзена, Бог абдзяліў іх шчасцем, хоць ні Мазыр, ні Гомель, ні Гародня не былі б Мазыром, Гомелем, Гародняй без слёз, без поту, без пары, без дажджу, без рэкаў — без Прыпяці, без Сожа, без Нёмана, без нябёсаў, без смеху і плачу, без стогну і крыку, без дзён бясконцых і ночы кароткай, без вуснаў гарачых і спіны халоднай, і мораў не было б, і горы зраўняліся б, і космас не маўчаў бы гэтак зацята, ніца, дакорліва, зайздросліва — там ёсць усё, там няма пакуль толькі нас, няма Прыпяці з Мазыром, Сожа з Гомелем, Гародні з Нёманам, але мы туды пойдзем, мы пойдзем туды з апошняю сваёю слязою, там сустрэнуць нас першаю нашаю слязою, ад слязы да слязы — жыццё: ад кветкі да кветкі, ад ружы да ружы, ад спелага каласка да сіняга васілька...
Апа-калі?...
1.
з Марса на Венеру
яно спынілася ў нас
жоўтыя вочы
блукалі
па дрэвах і кустах
спапяляючы ўсё
на чым спыняўся позірк
прагныя вушы ўцягвалі ў сябе
ўсе гукі
і рабілі звыклую цішыню – магільнай
шырокія ноздры
забіралі ўсе пахі
там, дзе яно праляцела –
заставалася пустэльня
такая ж, як на Марсе,
такая ж, як на Венеры
а кажуць – Бога няма…
2.
рукі – усе шэсьць – узьнятыя
у просьбе да нябачнага Бога
зьміласьцівіцца
і не адымаць у яго мову
бо гэта апошняе
што засталося ў чалавека
чалавечае
3.
які ўзьнялі крылы апошняй птушкі…
ён праляцеў праз вокны без шыбаў
праз галіны дрэваў без лісьця
крутнуўся на лузе без травы
на рэчышчы без вады
і вярнуўся, каб пагуляць
зь пер’ем птушкі, якая яго нарадзіла
расказаў і сам памёр
бо няма на гэтай зямлі
нічога вечнага
і нішто не нараджаецца зь нічога
4.
не, у нас даўно ўжо не страляюць
ад гэтае заўсёднае цішыні
звон у вушах, які ня звон, а сама цішыня
і нам тут жыць?
сярод пяску ды камянёў
і нам тут быць
да скону нямымі…
о, як я хачу прытуліцца да цябе шчакой
адчуць тваю цеплыню сваім холадам
пэўна, я памятаю нешта іншае
за тое, што ёсьць сёньня вакол нас
пэўна… і я быў некалі іншым
так, мы, камяні, станем пяском
але кім мы былі да гэтага?
не памятаю… не памятаю… не памятаю…
стралялі?
не, гэта на аднаго з нас стала меней
5.
і будзе яшчэ ня раз
сьмерці няма, як няма і вечнага жыцьця
ёсьць толькі нешта, што ня мае назвы
не пытайцеся: “Навошта?”
пытайцеся: “Дзеля чаго?”
6.
хаджу –
шукаю
і не знаходжу
еду
плыву
лячу –
шукаю
і не знаходжу
няўжо і праўда
я проста прысьніў
што нехта быў
што сам я быў
7.
на яго яшчэ можна глядзець не прымружыўшы вочы
эротыкі ажно зашмат у гэтым нараджэньні новага дня
але хутка ўсё стане звыклым – звычайным
сонца возьмецца за працу і расцепліць замерзлыя з ночы лужыны
ажывіць жабак і вужоў
і вожык выйдзе на паляваньне
лес захлынецца сьпевам птушак…
і толькі тваю адзіноту нішто не прагоніць
ніхто не сагрэе і не растопіць
ты будзеш сядзець ля вакна, глядзець на ранішняе сонца
згадваць тое, што было тысячу гадоў таму
не разумеючы: навошта яно забрала ўсіх, але пакінула цябе
ты будзеш размаўляць з жабкамі, вужамі і вожыкам
аднак ім будзе не да цябе, бо жыцьцё для іх – праца
заўтра зноў сонца падымецца роўна і трошкі ўправа
з таго часу, як прыляцела яно, нічога не зьмяняецца вакол
аднастайнасьць адзіноты катуе, але не забівае
хочацца верыць, што недзе цяпер нараджаецца новае жыцьцё
што ты пакінуты не дарэмна
і слова “праца” яшчэ будзе ўсьвядомлена
8.
Бог у табе
ты не адзін
ты не апошні
ты – першы
ты і Адам і Ева
табою не сканчаецца ўсё
а – пачынаецца
пачынаецца
пачынаецца
толькі пачынаецца
і вечнасьць –
не ў мінулым, а наперадзе
проста, каб пачаць
трэба скончыць
проста без канца
не бывае пачатку
Бог ёсьць
Бог будзе…
і ня верце тым, хто кажа
што Бога няма
У межах арт-праекта «Словы мацней» кожную сераду ў 20:00 на нашым ютуб-канале «Будзьма» выходзяць відэаролікі, у якіх сучасныя беларускія аўтары чытаюць свае творы.
Для каго гэты праект?
Для ўсіх, хто згубіўся ў сваім унутраным горадзе, каму не хапае энергіі, каму цяжка знайсці сілы і натхненне, каму баліць; для тых, хто не ведае, як выказаць свае пачуцці; для тых, хто верыць, і хто, ужо перастаў верыць; для тых, хто марыць, каб працягваць марыць; для тых, каму кожны дзень — змаганне, і для тых, хто перастаў ці ніколі не спрабаваў змагацца — усім-усім беларусам у Беларусі і за мяжой абавязкова для праслуховання.
Чаму?
Таму што гэтыя вершы — самы лепшы доказ таго, што словы мацней.
А яшчэ таму, што гэта сапраўднае відовішча — як аўтар чытае свой уласны твор — якое, між іншым, не так і лёгка ўбачыць ужывую ў сучасных умовах.
Глядзіце, натхняйцеся і дзяліцеся відэаролікамі!
Нагадаем, у першай частцы праекта «Словы мацней» сучасныя дзеячы культуры, якія пацярпелі ад пераследу і ўціску за культурніцкія акцыі пасля выбараў прэзідэнта 2020 года, чыталі творы сваіх папярэднікаў, асуджаных у сталінскія часы.
Для зручнасці мы сабралі ўсе ролікі праекта ў адзін плэйліст. Раім паслухаць.
Глядзіце яшчэ:
Антон Рудак у арт-праекце «Словы мацней»: «Страшна было напачатку да першай бамбардзіроўкі»
Дар'я Бялькевіч у арт-праекце «Словы мацней»: «Радыяцыя самасвядомасці, недарэчнасць і хворая здольнасць»