Сівы горад высіцца па крутых узбярэжжах, нібы ўладар-патрыярх, які выглядае цені мінулых стагоддзяў у глыбіні паважнай Дзвіны. Напэўна, толькі тут, у Полацку, магчыма найбольш поўна ўсвядоміць усю веліч і гістарычнае багацце нашай краіны, паведамляе «Звязда». Старадаўні горад быццам спіць і сніць чароўныя сны пра былое, і ты бачыш водбліскі гэтых сноў. Не, ён не спыніў сваё дыханне, а толькі суцішыў яго. Можа, вясной гэты волат устрапянецца, уздымецца пасля доўгага сну для новага жыцця?..
Адметнасць у цэнтры Еўропы
Прыкладна такія думкі і пачуцці апанавалі мяне па прыездзе ў самы старажытны горад зямлі беларускай. Сённяшні Полацк – невялікі горад, які язык не паварочваецца назваць правінцыйным (хоць дзе-нідзе атмасфера перыферыі ўсё ж адчуваецца). Але ён велічны ўжо тым, што менавіта адсюль, з Полацкага княства, пайшла наша дзяржаўнасць. З гэтага месца кожны беларус можа пачаць знаёмства са сваёй Радзімай і зазірнуць у самыя глыбіні яе гісторыі. А замежніку варта пабываць у Полацку хаця б таму, што тут усталяваны знак аднаго з меркаваных цэнтраў Еўропы (сам цэнтр знаходзіцца недалёка ад горада, на возеры Шо).
Увогуле, знакаў і помнікаў у Полацку мноства. І гэта, разам з наяўнасцю праспекта, плошчаў і бульвараў, надае гораду еўрапейскасць. Тут можна пастаяць побач са святой асветніцай Еўфрасінняй, задумлівым першадрукаром Францыскам Скарынам і пры жаданні нават пасядзець на каленях у суровага з выгляду Сімяона Полацкага. А адзін з самых цікавых помнікаў, які перадае адметнасць беларусаў, прысвечаны літары «Ў». Дарэчы, каля ўсіх знакавых мясцін у горадзе замацаваны шыльдачкі з надпісамі на беларускай і англійскай мовах – такая вось праява клопату пра замежных гасцей.
Праяўляецца ён і ў вялікай колькасці паказальнікаў. Выкананы яны ў розных варыяцыях: некаторыя з іх напісаны па-беларуску, некаторыя – па-руску, пры гэтым надпісы прадубляваны і па-англійску. На некаторых нават прастаўлена адлегласць у метрах да турыстычных аб’ектаў, але не на ўсіх. Праўда, наяўнасць паказальнікаў зусім не спрашчае арыентацыю ў горадзе, бо запаветныя «стрэлачкі» цягам маршруту не паўтараюцца, і даводзіцца самастойна шукаць патрэбны аб’ект.
Дыван як лепшы сувенір
Нам пашанцавала: правесці нас па горадзе пагадзілася супрацоўніца Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Алёна Канюшэўская, без якой давялося б нямала паблукаць.
– У нашым горадзе турысту важна дабрацца да гасцініцы, а далей усё проста, – супакоіла Алёна.
Калі верыць усталяванаму ля вакзала паказальніку, ісці да дзвюх наяўных у горадзе гасцініц трэба ад 900 да 1100 метраў. Дайшоўшы да бліжэйшага гатэля «Дзвіна», мы ўбачылі каля яго карту горада. Тут жа побач прыкмецілі рэстаран, піцэрыю, турфірму і сэрвісны пункт «Белтэлекама». «Здаецца, заезджы госць тут не прападзе», – падумалася мне. Але ўзрадавалася я ранавата.
Мы рушылі па бульвары, закладзеным у цэнтры праспекта Францыска Скарыны. Па дарозе на адным з будынкаў убачылі надпіс «Сувеніры» і побач, у такім жа стылі, – «Дываны». З намерам набыць што-небудзь адметнае, полацкае, зайшлі ў краму. Але прывітала яна нас чым заўгодна, толькі не мясцовымі вырабамі. Тут былі і кітайскія статуэткі, і рускія матрошкі (верагодна, зробленыя ў тым жа Кітаі), і вырабы са скуры, і тыя ж дываны, мэбля, пасцельная бялізна… А полацкіх ці хаця б цікавых сувеніраў на беларускую тэматыку не знайшлося! Крыху засмучаныя, выйшлі з крамы, але надта не бедавалі: наперадзе яшчэ столькі музеяў – дзе-небудзь удасца знайсці цікавыя рэчы!
Дарэчы, пра музеі. Паглядзець у Полацку сапраўды ёсць на што, таму горад імі насычаны. У Полацкі запаведнік уваходзіць больш за дзясятак музеяў самых розных кірункаў: дзіцячы (туды пускаюць толькі з дзецьмі), краязнаўчы, музей баявой славы, музей беларускага кнігадрукавання, музей-бібліятэка Сімяона Полацкага, музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, прыродна-экалагічны музей, музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я, музей-кватэра Героя Савецкага Саюза З.М. Тусналобавай-Марчанкі, апроч таго, можна наведаць гісторыка-культурны комплекс «Поле ратнай славы», мастацкую галерэю і стацыянарную выстаўку «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай». І гэта без уліку часовых пераезных выстаў…
Веліч побач з пустэчай
Але мы перш-наперш рушылі да Сафійскага сабора, які, бясспрэчна, з’яўляецца сімвалам горада. Звычайна арганізаваныя экскурсіі да яго водзяць з боку набярэжнай, там выкладзены асфальт і прыступкі з парэнчамі… Мы ж падыходзілі да сабора з боку цэнтральнай плошчы, і нам давялося ўбачыць кавалак «непрычасанага» Полацка: брудная калатуша пад нагамі; забудаваныя прыватнымі дамамі, побач з якімі кучы паслязімовага смецця ды ламачча, гарадскія старажытныя валы…
Але вернемся да сабора. Выглядае ён насамрэч велічна: сапраўды «плыве над Дзвіною, нібы карабель», як трапна напісаў калісьці Уладзімір Караткевіч. Побач з ім – пустая пляцоўка, якую займае хіба што адзін з Барысавых камянёў, і ад гэтага храм падаецца яшчэ больш магутным. Цяпер ён дзейнічае як канцэртная зала: тут праходзяць музычныя фестывалі, канцэрты арганнай і класічнай музыкі. Культурная праграма вельмі насычаная, яе расклад можна паглядзець на сайце запаведніка polotsk.museum.by.
У храме дзейнічае музей гісторыі архітэктуры сабора. Спуск у сутарэнні старажытнага намоленага месца, дзе знаходзіцца экспазіцыя, вельмі ўражвае, асабліва калі бачыш магутныя цагляныя і каменныя сцены, што закладваліся яшчэ пры Усяславе Чарадзеі. Дрыжыкі бягуць па скуры ад усведамлення таго, што ў гэтых мурах – гісторыя і памяць народа.
Супрацоўнікі паведамілі, што экскурсіі ў саборы праводзяцца па-руску і па-беларуску, а таксама турыстам прапаноўваюць беларускую, рускую і англійскую версію аўдыягіда, які з’явіўся тут зусім нядаўна. Пакуль што ў Полацку такая паслуга ёсць толькі ў Сафіі, у астатніх музеях нават экскурсіі на англійскай мове праводзяцца не паўсюль. У запаведніку пачынаюць уводзіць практыку QR-кодаў, але гэта таксама адзінкавыя выпадкі. «А можа, што-небудзь цікавае рыхтуеце для турыстаў у Год гасціннасці?» – спрабую я выведаць музейныя таямніцы. Але ў адказ жанчына-наглядчыца толькі матае галавой і паказвае на жоўтыя плямы, што распаўзліся па тынкаванай сцяне ўнутры сабора. «Мы не ведаем, як з грыбком змагацца, патрэбны грошы, каб абсталяваць нармальную сістэму вентыляцыі, тут не да цікавінак».
Не парадаваў і небагаты выбар сувенірнай прадукцыі ў саборы: некалькі кніг і брашур, дыскі з арганнай музыкай ды пара гліняных рэльефных выяў. Нават магнітаў на халадзільнік з фотаздымкамі Полацка не знайшлося.
– З сувенірамі ў нас сапраўды цяжкавата, – пацвердзіла Алёна Канюшэўская. – Ёсць шмат ідэй, але мы пакуль шукаем шляхі іх рэалізацыі. Паводле заканадаўства, мы можам заказваць сувенірную прадукцыю і рабіць на яе толькі 30 % надбаўкі. Запаведнік амаль нічога не будзе атрымліваць з продажу.
Падобная сітуацыя з сувенірамі чакала нас і ў краязнаўчым музеі, што размясціўся ў будынку былой лютэранскай кірхі. Усяго некалькі варыянтаў магнітаў, з якіх я так і не змагла нічога выбраць. А між тым сама музейная экспазіцыя вельмі багатая і цікавая.
Патэнцыял ёсць. А развіццё?..
Па словах нашай спадарожніцы, асноўную плынь турыстаў Полацк сустракае летам. Сярод гасцей большую частку складаюць беларусы і расіяне. Зрэшты, горад пакуль і не гатовы да прыёму гасцей з далёкага замежжа. І гэта дзіўна: Полацк, як ніводзін іншы беларускі горад, насычаны гістарычнымі каштоўнасцямі. Сюды здольны прывабіць і той старажытны дух, які асабліва адчуваецца, калі глядзіш з замкавых валоў на магутную раку, і шматлікія легенды, звязаныя з горадам і яго жыхарамі, не кажучы ўжо пра вялікую колькасць цікавых аб’ектаў. Вядома, шмат што тут беззваротна страчана, але многае і засталося, а галоўнае – засталася памяць пра былую веліч. Вельмі дзіўна і нават крыўдна, што гэта ўсё не выкарыстоўваецца ў поўнай меры ў турыстычнай інфраструктуры. Хоць першыя спробы ўжо ёсць. Мясцовыя экскурсаводы распрацоўваюць разнастайныя цікавыя маршруты, але пра іх мала хто ведае. Увогуле полацкая інфраструктура існуе сама па сабе, без прывязкі да турыстычных аб’ектаў. На сваім шляху мы сустрэлі некалькі кавярняў з не вельмі таннымі коштамі, а каб пад’есці за прымальныя грошы, давялося абысці тры ўстановы грамадскага харчавання. У адной з іх меню прапаноўвала першыя, другія і трэція стравы, але ў наяўнасці засталіся толькі дранікі, катлеты ды пірожныя. У другой знайшліся толькі «хуткія перакусы». Нарэшце, натрапілі на піцэрыю, дзе ў меню ўбачылі піцу пад назвай «Рагнеда» з курыцай, кансерваванай кукурузай і ківі. Выглядала яна даволі экзатычна, ды і на смак аказалася дзіўнай.
Не жадаючы мірыцца з перспектывай з’ехаць з Полацка без сувеніра, забеглі ў мясцовы гандлёвы дом. Убачанае там сапраўды можна назваць цудам: некалькі відаў магнітаў на халадзільнік (выбар небагаты, але – хоць нешта), разнастайныя гліняныя рэльефы на полацкую тэматыку, нататнікі з гарадскімі славутасцямі на вокладках… Таксама ў продажы былі вялікія кубкі з выявамі горада па 64 тысячы рублёў і невялічкія аднатонныя кубачкі для гарбаты са сподачкамі і стылізаваным надпісам «Полацк» за 82 тысячы… Грошы для такіх рэчаў шалёныя, але што рабіць – кубачак дык кубачак…
На жаль, час не дазваляў нам абысці ўсе аб’екты, хоць большасць з іх размешчаны побач, у межах гістарычнага цэнтра. Па-за ўвагай застаўся Спаса-Еўфрасіньеўскі манастыр, куды паломнікі з усяго свету едуць пакланіцца мошчам святой Еўфрасінні, поле ратнай славы і яшчэ некалькі музеяў. Каб дасканала агледзець увесь Полацк, варта мець у запасе хаця б два-тры дні. Перад гэтым трэба прадумаць дарогу і загадзя набыць квіткі, бо, нягледзячы на наяўнасць розных шляхоў у старажытны горад з таго ж Мінска, дабірацца сюды не вельмі зручна. Калі вы едзеце не на ўласным аўто, лепей за ўсё скарыстацца маршруткай, што ідзе ад сталічнага чыгуначнага вакзала. Праезд каштуе каля 70 тысяч у адзін бок, за тры гадзіны вас давязуць да беларускай Меккі. Столькі ж часу, але ў два разы больш грошай, давядзецца выдаткаваць на паездку ў аўтобусе. Яшчэ адзін варыянт – не самы зручны, але самы танны – ехаць цягніком. Але прамых маршрутаў падчас нашага ваяжу не знайшлося, таму ехалі з перасадкай у Віцебску, а назад – дызелем да Маладзечна. Такім чынам, дарога туды-назад на дваіх абышлася ў 170 тысяч рублёў.
Напрыканцы скажу, што горад-патрыярх пакінуў палярныя ўражанні: і непаразуменне, і здзіўленне, і захапленне, і гонар, і спадзяванне. Як бы там ні было, захацелася яшчэ не раз вярнуцца ў гэты зачараваны, нібы казачная прыгажуня, горад.
Дзіяна СЕРАДЗЮК, Звязда