• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
23.08.2018 | Навіны "Будзьма!" Разам да справы!

“Спадчына — гэта не камяні. Гэта сэнсы, якія мы ў іх укладаем”: у Чарэі абмеркавалі патэнцыял помнікаў гісторыі і культуры

Ток-шоў “Ад музеяў да фестываляў: новае жыццё помнікаў гісторыі і культуры” арганізавала культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, а ў якасці спікераў выступілі тэарэтыкі спадчыны і тыя, хто на ўласным прыкладзе выкарыстоўвае яе магчымасці.

Месца для дыскусіі было абранае невыпадкова. Як адзначыў мадэратар падзеі Уладзімір Булаўскі, помнікі гісторыі і культуры знаходзяцца пад увагай у вялікіх гарадах і адметных турыстычных цэнтрах. Горшай сітуацыя выглядае ў вёсках і невялічкіх мястэчках. Досвед Чарэі і суседняй Белай Царквы Чашніцкага раёна ў гэтым сэнсе ўнікальны. Другі год тут паспяхова праходзіць фестываль SPRAVA, галоўнай пляцоўкай для якога стаў паўвостраў на Чарэйскім возеры з руінамі ўніяцкага Троіцкага храма, збудаванага на гэтых землях Сапегамі.

— Разам з мужам, рэжысёрам Мацвеем Сабуравым, музыкам Сяргеем Краўчанкам, а таксама аднадумцамі — здольнымі і таленавітымі людзьмі — мы арганізуем фестываль SPRAVA, каб прыцягнуць увагу да гэтага месца, — адзначыла тэатральны рэжысёр Кацярына Аверкава. Яна нарадзілася ў Мінску, вучылася і працавала ў розных гарадах Беларусі і замежжа. Апошнія пяць гадоў разам з сям’ёй жыве ў Белай Царкве і лічыць сябе мясцовым жыхаром. — Да справы перадусім штурхала любоў да гэтага месца, жаданне зрабіць яго заўважным, а таксама мясцовыя жыхары, неабыякавыя да ўсяго, што тут адбываецца. Так, з ваколіцамі нас пазнаёміла Таццяна Казлоўская — краязнаўца, бібліятэкарка і крыніца ведаў пра гэтае незвычайнае месца. Акрамя прыроднай прыгажосці гэтыя землі атрымалі ў спадчыну надзвычай цікавую гісторыю, у якой пакінулі след Сапегі, Мілашы, Раманавы. Тут ёсць адметнасці, заўважныя адразу, і разам з тым столькі ўсяго прыхавана. Мы налічылі 14 вартых увагі аб’ектаў — ад пагоркаў Татаркі і Шаламаткі да гарадзішча, што згадваецца ў 1066 годзе. Я не пераследую мэты рэканструяваць і аднавіць усё — многія будынкі ў стане руінаў цудоўныя самі па сабе, бо мы адчуваем час, які іх разбурыў. Аднак не хочацца, каб гэта здарылася канчаткова.

 

“Мы марым адкрыць тут арт-рэзідэнцыю і культурны цэнтр”

Кацярына адзначыла, што фестываль — добрая нагода заявіць пра месца. Пасля яго правядзення пра ваколіцы загаварылі, колькасць ахвочых наведаць Чарэю ўзрасла, і ў аграгарадка з’явілася перспектыва на новае жыццё.

— Мы марым адкрыць тут арт-рэзідэнцыю і культурны цэнтр, — працягвае Кацярына. — У еўрапейскіх краінах гэта распаўсюджаная практыка, калі былы палац ці сядзіба функцыянуе як месца прыцягнення творчых людзей, якія ствараюць тэатральныя, музычныя, мастацкія праекты. Сваёй працай яны дапамагаюць месцу развівацца. У Чарэі ёсць усё для стварэння новай інфраструктуры — прыродны, культурны, гістарычны базіс і грамадская зацікаўленасць.

 

“Спадчына — гэта не камяні. Гэта сэнсы, якія мы ў іх укладаем”

Каб выкарыстаць патэнцыял гісторыка-культурных каштоўнасцяў для развіцця гарадоў, рэгіёнаў і вёсак, варта пашыраць уяўленне пра спадчыну, упэўнены даследчык і кіраўнік беларускага ICOMOS Сцяпан Стурэйка.

— Спадчына — гэта не камяні. Гэта сэнсы, якія мы ў іх укладаем, — спасылаючыся на ўласную кнігу “Неспакойныя камяні”, патлумачыў спікер. — А калі так, то хто ўкладае, і каму гэтыя сэнсы адрасаваныя? Тут можа быць некалькі кірункаў. Бывае так, што сэнс у камяні ўкладаюць экскурсанты на двухпавярховых неапланах, якія ўпэўненыя, што прыехалі да славутага сярэднявечнага замка. Але больш прадуктыўнай мне падаецца сітуацыя, калі сэнс у аб’екты спадчыны ўкладаюць мясцовыя жыхары, а прыезджыя іх пачынаюць счытваць.

Сцяпан Стурэйка

Сцяпан Стурэйка

Спадчынай можа быць усё, што людзі дамовіліся ёю лічыць, удакладняе Сцяпан.

— Гэта фальклор, танцы, традыцыі закаткі сочыва ці закваскі капусты. Мы надзяляем гэтыя рэчы значэннямі. Так, калі акцэнтаваць увагу на драўляных дамах Чарэі, нямецкаму турысту, напрыклад, яна падасца населеным пунктам з выдатнай аўтэнтычнай архітэктурай.

У такім выпадку спадчына, месца і людзі пачынаюць узаемадзейнічаць, што вядзе да развіцця рэгіёна.

 

“У сучаснай тэорыі спадчыны прынята казаць не столькі пра захаванне, колькі пра выкарыстанне і пра патэнцыял спадчыны”

На гэтым асабліва засяродзіў увагу слухачоў даследчык. І калі з культурным значэннем спадчыны нібыта ўсё зразумела, эканамічны і сацыяльны патэнцыял дае падставы для разважанняў.

— Раніцай мы зайшлі ў кавярню “На ростанях”, — успамінае свой прыезд у Чарэю Сцяпан. — Выпілі кавы і трошкі разгаварыліся з прадавачкай. І яна адразу пахвалілася, як добра ішоў гандаль падчас фестывалю. А каб тут было дзве ці тры такія падзеі? Гэта і ёсць эканамічны патэнцыял. Я таксама даведаўся, што ў мінулым годзе ў Чарэі закрылася школа — гэта перадусім значная сацыяльная праблема, у вырашэнні якой можна выкарыстаць сацыяльны патэнцыял спадчыны. Колькасць моладзі, якая дасягнула чагосьці ў гарадах, хоча жыць у вёсцы і мець працу праз інтэрнэт, расце. Яна шукае месца, дзе жыць, пачынаючы перабіраць тое, што навідавоку. А навідавоку населеныя пункты, вакол якіх адбываюцца цікавыя імпрэзы і фестывалі, забяспечваючы месцу суперрэкламу. І гэта не пра турызм. Гэта пра прыехаць і жыць, гадаваць дзяцей. А значыць, патрэбная школа.

А фестываль ці імпрэза часцей за ўсё грунтуюцца на спадчыне, раскрутка месца вядзе да прыезду хіпстараў, адкрыцця школы і рэалізацыі планаў па гандлі.

 

“Бессэнсоўна раздзяляць намаганні”

Прыцягваць увагу да помнікаў архітэктуры, да месца, да аб’ектаў спадчыны варта разам, выкарыстоўваючы магчымыя партнёрскія і сяброўскія рэсурсы.

— Мы хочам аб’яднаць людзей, зацікаўленых у гэтым месцы, — адзначыла Кацярына. — Калі першы год мы прыглядаліся адно да аднаго, то сёлета я кажу дзякуй усім — і мясцовым уладам, і епархіі, і бізнес-кампаніям, і валанцёрам, і сябрам. Мы заключылі партнёрства, што стала выгадным перадусім гэтаму месцу. SPRAVA — гэта фестываль, які не мае грашовага партнёра. Нам дапамагаюць рэсурсамі. Ёсць партнёры, якія далі нам дрэва, пясок, інструменты, прадукты харчавання. Фестываль дапамог знайсці партнёраў, гатовых паўдзельнічаць у рэканструкцыі гэтага месца. Да прыкладу, кампанія Remmers прапанавала правесці дыягностыку Троіцкай царквы, а гэта дарагая працэдура. Дзяржава як партнёр бясплатна забяспечыла ахову і медыцынскую дапамогу. А мы можам прапанаваць свае магчымасці і сацыяльныя сувязі. Мы ведаем новыя механізмы і альтэрнатыўныя спосабы развіцця. Таму бессэнсоўна раздзяляць намаганні. У саюзе — будучыня.

Кацярына Аверкава

Кацярына Аверкава

Захаванне спадчыны супольнымі намаганнямі падтрымаў і Сцяпан.

— Раздзяленне абавязкаў належыць да старой філасофіі. Захаванне спадчыны — супольнасна арыентаванае, — адзначыў ён. — Па-першае, гэта вельмі дорага. Па-другое, яе шмат. І будзе яшчэ больш. У спісе гісторыка-культурнай спадчыны амаль пяць тысяч аб’ектаў, уключаючы цэлыя населеныя пункты. Некалькі сотняў знаходзяцца ў стане руінаў. Як прыватныя фірмы, што выдаткоўваюць сродкі на рэстаўрацыю, і дзяржава вылучаюць тых, каму скіраваць дапамогу? Тут адказ просты: перавагу аддаюць аб’ектам у месцах, дзе людзі змогуць выкарыстаць гэтую спадчыну і развіць яе патэнцыял.

Спікер удакладніў, што ў 2016 годзе Міністэрства культуры складала спіс з 30 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, якім дзяржава гарантавала падтрымку. У яго трапілі помнікі агульнанацыянальнага значэння, а таксама тыя, па рэканструкцыі якіх шмат чаго ўжо зроблена. Імаверна, пры складанні новага спісу Мінкульт будзе арыентавацца на ўменне супольнасці выкарыстаць магчымасці спадчыны.

 

“Людзям не хапае ўменняў і ведаў пра тое, як працаваць са спадчынай”

Адным з дыскусійных момантаў ток-шоў стала тэма адукацыі і неабходнасці стварэння ў рэгіёнах адукацыйных цэнтраў. Паводле спікераў, мясцовым жыхарам часта не хапае ўменняў і ведаў пра тое, як працаваць са спадчынай, рабіць месца прывабным для наведвання і жыцця.

— Распаўсюд атрымала сацыяльнае прадпрымальніцтва. Лёгка знайсці інвестараў, галоўнае — карэктна ўсё спланаваць, — упэўненая Кацярына. У якасці прыкладу яна называе крэатыўны кластар Utopiastadt, што функцыянуе ў былым будынку чыгункі нямецкага горада Вуперталь. Тут працуюць дызайнеры, мастакі, вэб-распрацоўшчыкі. Дзейнічае веламайстэрня і падтрымліваюцца крэатыўныя стартапы. — Я мару пра такое ў Чарэі. Уявім сабе, што пад такую ўстанову аддаюць будынак закрытай школы. Частка яе функцыянуе як арт-прастора, частка — як гатэль і кавярня. Мы можам знайсці партнёра, які дапаможа адкрыць сталярную майстэрню. Людзі змогуць прыходзіць сюды і вучыцца справе. Зробленую мэблю яны могуць забраць і прадаць, а 5% адлічыць майстэрні на пакрыццё выдаткаў. У людзей з’явяцца працоўныя месцы, бо прастору трэба абслугоўваць, і магчымасць зарабіць.

Паводле сацапытання, якое Кацярына праводзіла ў красавіку, большасць мясцовых жыхароў скардзіцца на беспрацоўе. Праект арт-прасторы абмяркоўваецца, пішацца інвест-праект. Пакуль жа Кацярына адзначыла, што ёй удалося выйграць грант на стварэнне гіду па Чарэі, дзе будуць пазначаныя мясцовыя славутасці.

— Гэта сацыяльны праект, да якога далучацца мясцовыя жыхары і валанцёры, — расказала Кацярына. — Больш за тое, мы зоймемся ачысткай ліпавай алеі. Частка грошай пойдзе на закуп саджанцаў для ўзнаўлення бэзавай алеі.

— У кожным месцы варта праводзіць маніторынг, якая спадчына ёсць і што варта актуалізаваць для прыцягнення ўвагі, часам грантаў, часам — турыстаў, — лічыць Сцяпан. У якасці доказу ён прывёў прыклад Львова, дзе пры падтрымцы нямецкай кампаніі з’явілася група прафесійных цесляроў і разьбяроў, якія прафесійна заняліся рэстаўрацыяй драўляных дзвярэй і вокнаў, якімі славіцца горад. — Людзі ўбачылі, што гэта класна. Суполка мае шмат замоваў. І цяпер гэта ўстойлівы бізнес, які працуе на горад. І на захаванне спадчыны.

Аднак маніторынг патрабуе ведаў. Чарэі пашанцавала. Месцам жыхарства яе абралі маладыя і творчыя людзі, якія, атрымаўшы адукацыю і міжнародны досвед, маюць жаданне і сілы змяняць абранае імі месца да лепшага.

 

“У нас ёсць месца, якое аб’ядноўвае творчых і вольных людзей”

Трошкі іншы досвед мае кіраўнік праекта “Даліна анёлаў” і гісторыка-культурнага ГА “Спадчына Палесся” Аляксандр Баранаў. За ўласныя грошы Аляксандр набыў у Мазыры будынак былога кляштара цыстэрцаў XVIII стагоддзя. У пазнейшыя часы тут рабілі запалкі, пасля — мэблю. Аляксандр хоча стварыць тут культурніцкую прастору — без абмежаванняў.

— У нас ёсць месца, якое аб’ядноўвае творчых і вольных людзей. Яны вельмі розныя, але кожны робіць сваю справу. І трэба, каб такіх людзей было больш. Кожную пятніцу ў “Крылах анёлаў” збіраюцца мастакі і літаратары. Мы хочам змяніць жыццё нашага горада.

Паводле Аляксандра, разлічваць варта на ўласныя сілы і карыстацца любой магчымасцю, каб захоўваць спадчыну для нашчадкаў.

Аляксандр Баранаў

Аляксандр Баранаў

— Спадчына — гэта не тое, што патрэбнае цяпер. Гэта тое, што будзе патрэбнае далей. Наступным пакаленням, якія многія рэчы могуць пабачыць толькі на паштоўках. Я гэта кажу як чалавек, які, нічога не просячы ў дзяржавы, гатовы выдаткоўваць сваё жыццё і грошы, каб кавалак зямлі, дзе я нарадзіўся, захаваў свой выгляд. Чаму так? Калісьці на маю зямлю прыехалі манахі-цыстэрцы і зрабілі не прыгожую пабудову, а адукацыйны цэнтр. Яны бралі сялянскіх дзяцей і вучылі іх, у той час як айцы-езуіты працавалі толькі са шляхтай, у якой былі грошы.

Плошча набытага Аляксандрам будынка складае каля 1,5 гектара. І за ўласныя сродкі аднавіць месца цалкам і аўтэнтычна будзе вельмі складана. Уладальнік мяркуе, што працы могуць зацягнуцца на дзясяткі гадоў. Цяпер ініцыятыву падтрымліваюць сябры і валанцёры — дапамагаюць з прыборкай смецця, кансервацыяй, распрацоўкай архітэктурных праектаў, каб неўзабаве месца стала адкрытай культурніцкай пляцоўкай і інклюзіўным цэнтрам. Аляксандр таксама збірае народную творчасць і хоча стварыць поўны аўтэнтыкі палескі музей у сапраўднай сялянскай хаце, які будзе і захоўваць спадчыну, і знаёміць з ёй, і папулярызаваць яе.

Кожны з выступоўцаў мае ўласны досвед захавання і выкарыстання спадчыны. І ў любым выпадку ён працуе, бо цэнтрам грамадскага жыцця можа стаць любы аб’ект — руіны касцёла, будынак былой фабрыкі, кляштар, хутар ці сталярная майстэрня. Любое месца мае патэнцыял. Галоўнае — заўважыць яго.

Яна Шыдлоўская

Фота – Алесь Пілецкі


Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства Літаратура

«Літургія часу». У Лондане выходзіць новая кніга вершаў Алеся Дуброўскага-Сарочанкава

Пра выхад новай кнігі вершаў напісаў Алесь Дуброўскі на сваёй старонцы ў Фэйсбук. «У Лондане выходзіць...

valiancina_shauchenka
Грамадства

У турме Алесь Пушкін збіраецца намаляваць партрэты Маслюка і Тарашкевіча

Жонка мастака распавяла «Народнай Волі» пра апошнія навіны ад мужа. Алесь Пушкін Як вядома, Алесь Пушкін...

valiancina_shauchenka
Грамадства

«Астраномія. Сузор’і». Хутка з’явяцца яшчэ тры маркі з беларускімі назвамі сузор’яў

3 лютага 2023 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне тры паштовыя маркі...

valiancina_shauchenka
Грамадства Літаратура

Павел Баркоўскі: «Pradmova» можа пашырыць геаграфію, фэст будзе грунтавацца на якасці, а не на палітычнай кан’юнктуры

Каардынатар фэсту, філосаф Павел Баркоўскі ў інтэрв’ю Budzma.org распавядае пра новы конкурс ад «Pradmova», уласна сам сёлетні...

Апошнія навіны

    Грамадства Літаратура
    «Літургія часу». У Лондане выходзіць новая кніга вершаў Алеся Дуброўскага-Сарочанкава
    Грамадства
    У турме Алесь Пушкін збіраецца намаляваць партрэты Маслюка і Тарашкевіча
    Грамадства
    «Астраномія. Сузор’і». Хутка з’явяцца яшчэ тры маркі з беларускімі назвамі сузор’яў
    Грамадства Літаратура
    Павел Баркоўскі: «Pradmova» можа пашырыць геаграфію, фэст будзе грунтавацца на якасці, а не на палітычнай кан’юнктуры
    Грамадства Музыка
    Лявон Вольскі: Прадаць гітару ды ўладкавацца грузчыкам у гіпермаркет – калі дазволяць
    Грамадства «Музыка»
    Здрада дзяржаве. Музыку Яўгену Глушкову прысудзілі 9 год калоніі за фота аэрадрома ў Зябраўцы
    Грамадства Літаратура
    Выдавецтва «Кнігазбор» спыняе дзейнасць
    Грамадства
    Беларуская мова: абраная местачковасць?
    Грамадства
    Кааператывы як рухавік грамадскага жыцця
    Грамадства Мастацтва
    Узровень аб’ектаў. Выстаўку лаўрэатаў V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва адкрылі ў Мінску
    Грамадства Замежжа Беларусы свету
    Вільні 700 гадоў. Што гэтае месца азначае для беларусаў?
    Грамадства
    Беларусь спыніла дзеянне пагаднення з Францыяй у галіне культуры, адукацыі, навукі і СМІ
    Грамадства «Музыка»
    Праект «bayski»: «Мэта даволі простая — паказаць, што беларуская мова можа быць моднай і стылёвай»
    Грамадства
    Абрад «Конікі» ў Давыд-Гарадку. Новы фільм праекта «Кола беларускіх абрадаў»
    Грамадства Літаратура
    Зміцер Бартосік: «З’ехаўшы з несвабоднай Беларусі, я развітаўся з сапраўднай свабодай»

Афіша

  • 27.01 — 26.01

    Гісторыя Гальшкі з Астрога: гістарычная лекцыя ў Вільні

  • 27.01 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 27.01 — 05.02Выстава Наталлі Разуменка ў Мінску
  • 27.01 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 27.01 — 26.02Выстава айца Сяргея Сурыновіча «Птушыны вянок» ў Віцебску
  • 27.01 — 27.02Зімовая выстава ў Мінску
  • 27.01 — 26.02«Самародак з Рагачова». Выстава Анатоля Каплана ў Гомелі
  • 27.01 — 28.02Выстава выцінанкі «Зімовыя цуды» ў Маладзечне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Лідар «Океана Ельзи» Святаслаў Вакарчук пракаментаваў прысуд за сваю песню ў Мінску
    • Песні, прысвечаныя паўстанню 1863–1864 гадоў
    • Штодзённасць паўстанцаў’1863. Смерць, зброя, алкаголь і адсутнасць сну
    • Мікалай Пачкаеў: «Беларуская лацінка далёкая ад польскай, а гістарычнай сувязі сучаснага кірылічнага алфавіту з тэкстамі старабеларускай мовы няма»
    • Студзеньскае паўстанне: як пачалося і чаму згасла
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип