Намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў з нагоды ліквідацыі Саюза напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку эмацыйны пост, у якім пералічыў факты і міфы адносна таго, чым быў Саюз.
Чым быў Саюз, факты
Гэта самая старая творчая арганізацыя краіны — (амаль 90 гадоў). Гэта амаль 500 чалавек творцаў. Амаль усе імёны беларускай літаратуры, што вы ведаеце — гэта імёны сяброў Саюза. Гэта сотні выдадзеных кніг беларускіх аўтараў — ад дэбютантаў да класікаў. Гэта часопісы, альманахі.
Гэта Школа маладога літаратара — папулярны адукацыйны праект, дзе збіраліся лепшыя каб вучыцца і вучыць.
Гэта літаратурнае жыццё ў сталіцы і рэгіёнах. Гэта вечарыны, прэзентацыі, фестывалі.
Гэта міжнароднае супрацоўніцтва — сяброўства ў Еўрапейскім пісьменніцкім саюзе і г.д.
Гэта ад пачатку і да канца акрэсленая і адкрытая нацыянальная і незалежніцкая пазіцыя ўсіх — і кіраўнікоў, і шараговых сяброў. Тое, чым не можа пахваліцца, на жаль, бальшыня падобных творчых арганізацый.
«Палітыку» Саюза вызначалі імёны яго найвядомейшых сяброў — Быкава, Гілевіча, Барадуліна, Бураўкіна, Законнікава, Вярцінскага, Някляева, Пашкевіча, Пятровіча, Арлова, Скоблы, Севярынца, Алексіевіч і многіх іншых. Сябры Саюза былі сярод стваральнікаў БНФ і ЗБС «Бацькаўшчына», Беларускага ПЭН-Цэнтра і многіх беларускіх палітычных партый і рухаў. Сябры саюза былі галасамі дэмакратычнай Беларусі і яе прадстаўнікамі ў свеце.
Менавіта за гэта Саюз неаднойчы цярпеў нападкі дзяржавы — у яго першага і адзінага яшчэ ў 2000-ых былі адабраныя ўся маёмасць і фінансавая падтрымка, што між іншым засталося ў іншых саюзаў і да сёння. Мы выправіліся ў вольнае плаванне і не зніклі, а толькі прырасталі сябрамі і справамі.
Гэта факты. Усе астатняе міфы.
Міфы пра Саюз
Міфы пра «даброты» — іх было ў савецкі час, так. Зараз толькі клопаты і поўхі ад дзяржавы.
Міф пра тое, што «там усе дзяды» — пераважная большасць маладых аўтараў, якіх вы ведаеце ў незалежніцкім полі літаратуры, — таксама нашыя сябры.
Міф пра кансерватызм? Таксама міф — я хадзіў летам на працу ў шортах)!
Чаму я гэта пішу? Не ў адказ на ліквідацыю. Тым, хто ліквідаваў, мне няма чаго сказаць. Я хачу, каб гэта прачыталі тыя, хто ледзь не радасна піша: «А навошта ён быў», «Усе саюзы — савецкае мінулае» і інш.
Шаноўныя, «савецкае мінулае» — гэта як раз масавыя ліквідацыі грамадзянскіх правоў і свабодаў. А творчыя пісьменніцкія Саюзы існуюць у кожнай еўрапейскай краіне (і не па адным)! Паўсюль творцы яшчэ з цэхавых часоў імкнуцца мець свае суполкі і гэта натуральна! Разам прасцей абараніць свае правы і дамагчыся патрэбных зменаў...
Карацей, мы не просім спачування, мы просім павагі да тых, хто працаваў на карысць Беларушчыны дзесяцігоддзямі, чакаючы калі вы «абудзіцеся».