Упершыню ў “Аповесці мінулых гадоў” Тураў згадваецца пад 980 годам, другім пасля Полацка. Яго заснаванне цесна звязанае з гісторыяй Полацкага княства. Пасля смерці полацкай княгіні Прадславы I яе спадчыннік Рагвалод займае полацкі прастол, а яго брат Тур выпраўляецца з вялікай дружынай па Дняпры і Прыпяці ў землі дрыгавічоў і засноўвае непадалёк ад сталіцы аднаго з “княжанняў” горад Тураў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што тое княжанне называлася Артаніяй або Артай. Паводле народных паданняў, сталіца яе насіла назву Хіл і знаходзілася за 8 кіламетраў ад Турава на месцы сучаснай вёскі Хільчыцы. Прычыны заняпаду гэтага горада і княжання невядомыя. У паданнях аб заснаванні Турава гаворыцца, што князь Тур у дрымучых лясах на беразе Прыпяці “буев разіл” — паляваў на быкоў. Яму спадабаліся лясы, поўныя дзічыны, і рэкі, дзе вадзілася шмат рыбы. У адным з паданняў, запісаных на Піншчыне, гаворыцца, што князь убачыў у сне залатарогага быка тура, які прывёў яго да месца, дзе трэба заснаваць горад. Другое паданне і цяпер пераказваюць на Тураўшчыне: заснуўшы на гары, князь убачыў сябе ўзнёслым на возе высока над зямлёй, а ўнізе — гарады. Гэта быў знак, што тут трэба заснаваць княства. Дзядзінец князя будавалі адмыслова: слой рачнога пяску, бярозавы попел, чарапкі глінянага посуду, косткі жывёл, луска язя, зверху засыпалі зямлёй, а вакол прарылі роў, запоўніўшы яго вадой. Вакол княжай рэзідэнцыі разрастаўся горад, у якім было два прадмесці — Запясочча і Заяцелле, рамесніцкі пасад, а затым паселішчы, кожнае з якіх мела свае функцыі. Праз многія гады і да нашага часу гэтыя часткі горада носяць яскравыя назвы. Старажоўцы — дзе жыў старажавы люд, Дварэц — дзе быў гаспадарчы двор князя і яго абслуга, Азяраны атрымалі назву ад сістэмы азёр і каналаў, Чэрнічы — бо там быў манастыр і жылі манахі (чарняцы), Слепцы — дзе ўтрымліваліся сляпыя і іншыя інваліды, Талмачаў — дзе жылі перакладчыкі (талмачы), Сямурадцы — рэзідэнцыя сямі радцаў, якія судзілі суды і былі дарадцамі князя…
Шмат вёсак было пад гэтым горадам, таму не дзіва, што некалі Тураў налічваў каля 70 цэркваў. Легенда пра тое, што князь Тур сам выкапаў калодзезь і хрысціўся ў ім, сведчыць, што менавіта ён разам з княствам усталёўваў новую хрысціянскую рэлігію на гэтай зямлі. Тур-калодзезь, як і замак князя, чароўна-незвычайны, мае тры дны: залатое, сярэбранае і меднае. Прарвецца меднае — вада затопіць Тураў, сярэбранае — усё княства, а залатое — будзе сусветны патоп. Патопу, дзякуй Богу, на гэтай зямлі не было, а землятрус 1230 года разбурыў царкву, збудаваную у 1170-я гады на Замкавай гары. У 1961 годзе археолаг Пётр Лысенка правёў раскопкі гэтай царквы, знайшоўшы пахаванні ў саркафагах, свінцовую пячатку Кіеўскага мітрапаліта Кірыла, тураўскія каменныя крыжы. Цяпер над раскапаным фундаментам царквы ўзведзеная крыпта. У 1992—1993 гадах было раскапанае капішча ў слаях X стагоддзя. Хрышчэнне мясцовага люду, відаць, праходзіла паступова і выклікала супраціўленне. Кіеў таксама не адразу прыняў веру, якую князі ўводзілі на сваіх землях у палітычных мэтах. Вынікам такога супраціўлення сталася гібель самога князя Тура і яго малодшага сына, якія вярталіся пасля паломніцтва ў Святую зямлю і спыніліся ў Кіеве ў князя Уладзіміра: яны былі забітыя язычнікамі. У памяць пра пакутнікаў хрысціянскай веры Уладзімір пабудаваў у Кіеве Тураву бажніцу. Паданні сведчаць, што Тураў меў 5 дачок, якія загінулі ў купальскую ноч. Імёны яго двух старэйшых сыноў захаваліся ў мянушках: пасля Тура княжыў Уладыка, пры якім былі папы і ксяндзы, а пасля Комар, за ім — княгіня-чараўніца, якая бараніла Тураў ад ворагаў. Пасля іх княжылі Рурыкавічы. Першы з іх — Святаполк Акаянны, сын князя Уладзіміра, княжыў з 988 года… Тураў ужо ў XI стагоддзі стаў буйным эканамічным, культурным і рэлігійным цэнтрам Тураўскага княства, якое разрасталася і мацавалася.
З усіх драматычных падзей мінулых часоў увагу нашых сучаснікаў прыцягваюць тураўскія каменныя крыжы — загадкавыя, маўклівыя сведкі даўніны. Паданні сведчаць, што іх было каля 12. Ці то яны былі межавымі знакамі княства, ці то язычніцкімі ідаламі… Пасля гібелі князя Тура і яго сына яны быццам бы прыплылі з Кіева супраць цячэння, адзін спыніўся ля вёскі Пагост і дагэтуль захоўваецца тут у Крыжаўзвіжанскай царкве — ён быў святыняй усёй Тураўшчыны і носіць назву Часны крыж. Падчас збору князем палюддзя (адсюль і назва вёскі) сяляне Тураўшчыны прывозілі сюды увосень даніну князю, прыплываючы па рэках Прыпяць і Сцвіга, пратока Тур была запоўнена чаўнамі. Заплаціўшы князю даніну, яны ўшаноўвалі Часны крыж.
Другое паданне сведчыць, што два каменныя крыжы прыплылі супраць цячэння да Турава, і плылі яны побач, нібы ўзяўшыся за рукі. Яшчэ адзін каменны крыж спыніўся каля Верасніцы. Усе каля двух метраў у вышыню. І ўсюды, калі іх выцягвалі з ракі, вада рабілася чырвонай… Цяпер адзін з крыжоў захоўваецца ва Усясвяцкай тураўскай драўлянай царкве, другі ўстаноўлены каля новага, збудаванага нядаўна сабора Кірылы і Мяфодзія. Загадкавыя і тыя два крыжы меншага памеру, якія растуць на Барыса-Глебскіх могілках непадалёк ад замкавай гары. Адзін з іх звязваюць з месцам пахавання Кірылы Тураўскага, асветніка зямлі беларускай. На тэрыторыі Барыса-Глебскага манастыра для яго была ўзведзеная вежа, у якой асветнік пісаў свае творы і звяртаўся з каханямі да тураўцаў. Цяпер яго велічны 7-метровы помнік упрыгожвае Замкавую гару. Постаць Кірылы Тураўскага на фоне каменнага крыжа сімвалічная і знакавая для Турава.
Сённяшні Тураў, які знаходзіцца за 25 кіламетраў ад раённага цэнтра Жыткавічы, паступова пераўвасабляецца ў гістарычны горад-музей. Але каб гэта адбылося, неабходна было заснаваць тут буйное прадпрыемства, якое б дало працу жыхарам горада. Турыстычны маршрут “Залатое кола Гомельшчыны”, куды ўключаны і Тураў, не ў стане падтрымаць існаванне мясцовага краязнаўчага музея, патрэбныя сучасныя формы турызму. У Тураве працуюць дзве сярэднія школы і адна музычная, 2 дамы культуры, ёсць тры бібліятэкі, пошта, бальніца. Магутнае прадпрыемства “Тураўскі малочны камбінат” змяніла не толькі воблік горада, але і ўсё жыццё тураўцаў. Камбінат выпускае па італьянскіх тэхналогіях мяккія і паўцвёрдыя сыры. Тураўскія паплавы і землі з высокім балам урадлівасці садзейнічаюць багатым ураджаям і надоям кароў, якія забяспечваюць каштоўным і свежым прадуктам камбінат. Нацыянальны парк “Прыпяцкі” арганізуе водныя экскурсіі па Прыпяці да Мазыра на сваіх судах, адзін з якіх носіць імя Кірылы Тураўскага. На зімовы перыяд плывучая гасцініца адпачывае ля прычала ў самым цэнтры горада. Насупраць — Тураўскі Луг, запаведнае царства птушак, ён асабліва прываблівае ўвесну, калі прылятаюць птушкі, а таксама ўвосень, бо тут спрадвеку праходзіць шлях іх міграцыі. У Тураве і яго наваколлі можна ўбачыць рэдкія пароды птушак, а з раслінным і жывёльным светам азнаёміць Музей прыроды. Але і ўсё наваколле гэтага старажытнага горада — запаведнае, прывабнае сваёй простай прыгажосцю, спакоем і цішынёй. Велічная Прыпяць цячэ павольна, убіраючы ў сябе воды прытокаў і даючы прытулак птаству, жывёлам і людзям, якія спрадвеку аблюбавалі гэтыя мясціны для жыцця.
Рэгіна Гамзовіч
Фота: Аляксей Сталяроў