Гутарка, як потым сцвярджалі настаўнікі, прайшла нібы на адным дыханні. Перш чым пачаць размову з аўдыторыяй, я запыталася, што цікавіць, чаго ад мяне чакаюць слухачы. І пасыпаліся пытанні, некаторыя з іх, як і марылася мне, былі пра паэзію і на чыёй творчасці я вучылася, якую навучальную ўстанову заканчвала, чаму выбрала ў сваім лёсе беларускую мову і г.д.
А я – дзяўчына з Беларусі,
З калыскі мятава-духмянай,
Адтуль, дзе кола круціць бусел,
Дзе кожны госць – даўно чаканы.

Разам са сваімі вершамі чытала Ніла Гілевіча, Уладзіміра Караткевіча, звярталася да думак Ф.Багушэвіча, што наша “мова – такая ж людская, як і іншая якая”. Мала таго, вучні пацікавіліся, ці слухаю беларускую музыку. Яны, аказваецца, слухаюць і любяць “Песняроў”, “Сяброў” і інш. А я ў сваю чаргу звярнула ўвагу на тое, што Уладзімір Мулявін – расіянін, не за школьнай партай, а самастойна вывучаў і народную песеннасць, і нашы літаратурныя творы, захапляўся імі і ствараў такія цудоўныя песні, якія ведалі ва ўсім свеце. Мне прыгадаўся выпадак, калі вазіла на лячэнне свайго меншага сына ў Германію, гаспадыня першае, што зрабіла, паставіла кружэлку, загадкава паглядзела на мяне, як раптам загучала песня “А я лягу прылягу”. Ад радасці я абняла яе і расцалавала.

Так што – наша беларуская мова, наша культура не павінны застацца за мяжой забыцця, неабходна глыбей і сур’ёзна вывучаць нашы прыказкі, прымаўкі, песні, загадкі – усё, што ў спадчыну пакінулі нам продкі.
Вера Буланда