У суботу на XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе прайшла сустрэча з пісьменнікам, журналістам і мастацтвазнаўцам Віктарам Марціновічам. Мадэраваў сустрэчу Іван Сіняўскі. Мы занатавалі для вас найбольш цікавыя моманты размовы.
Іван Сіняўскі і Віктар Марціновіч
Пра стан сучаснай беларускай літаратуры
Калі мы робім імпрэзу без новых кніжак (апошні мой раман «Ноч» выйшаў два гады таму) і бачым восемдзесят чалавек, якія прыйшлі ў кнігарню «Светач», гэта пра нешта сведчыць. Як гэта патлумачыць? Любая вялікая культурная з’ява, перад тым як заззяць напоўніцу, мусіць памерці. Калі казаць пра беларускую літаратуру, у нас быў перыяд з канца 80-х да апошніх часоў, калі літаратура была як той кот Шродынгера — ці то мёртвая, ці то жывая. Ніякіх драпанняў не было чутно.
Але цэлая генерацыя творцаў паўстала ў гэтыя цёмныя часы. Уладзіслаў Ахроменка, Ігар Бабкоў, Андрэй Федарэнка — усе тыя прадстаўнікі сталейшай генерацыі, на якіх могуць зараз забыцца праз тое, што пік іх творчасці прыпаў на часы смерці літаратуры.
Цяпер беларуская літаратура, як той фенікс з попелу, паўстае. Мы бачым надзвычайную цікавасць, і гэта не значыць, што нашыя кніжкі лепшыя. Проста так неяк сусвет скалануўся, павярнуўся да нас такім бокам, што нарэшце ў Беларусі людзі пачалі чытаць беларускую кнігу.
Пра раман «Ноч» і яго актуальнасць
У Аўстраліі ў пажарышчах згарэла палова мільярда жывёлін. Я зараз быў у Індыі, дзе сустрэўся са сталым знаным эколагам, і ён распавёў, што былі часы напрыканцы саракавых гадоў мінулага стагоддзя, калі ўсе навукоўцы разам казалі пра сусветнае пхаладанне. Але праблема ў тым, што эколагі, як і любыя навукоўцы, вельмі добра тлумачаць тое, што ўжо адбылося. А вось патлумачыць тое, што будзе, хутчэй здольныя творцы — пісьменнікі, мастакі, акцёры.
Калі мы жывём у сусвеце, дзе найлепшыя навукоўцы не могуць патлумачыць, што адбываецца з Аўстраліяй, дык чаму не ўявіць сабе сітуацыю, дзе аднойчы над зямлёй не ўстане сонца?
Менавіта пра адчуванне жыхара зямлі, які не разумее, дзе ён жыве, у якім свеце, і ёсць першая плыня гэтай кнігі. Яшчэ адзін слой — мы ўсе жывём у свеце, які не ведаем. Нашыя веды прыходзяць ад іншых людзей — медыяў, сацыяльных сетак. Але адзінае, на што здольныя іншыя, — на стварэнне ілюзіяў і забабонаў. «Ноч» — гэта такі маніфест чалавека, які глядзіць у свет і разумее, што няма ніякіх неўраў, герадотавых монстраў. Проста не трэба баяцца ісці ў цемру.
Кніжнік — мая спроба павярнуць у свет літаратуры чалавека дзеі. Постмадэрновы герой — чалавек развагі, гумару, сарказму — мне непрыемны. Я ўзгадаваны на Джэку Лондане, Хэмінгуэі — аўтарах, якія стваралі людзей дзеі.
Я не магу сказаць, што я неяк падобны да Кніжніка, бо, відавочна, ён смялейшы за мяне. Але што для мяне прынцыпова і раўняе мяне з ім — вельмі важна называць белае белым, а чорнае — чорным. Мы жывём у свеце, перакуленым дагары нагамі. Тут белае колькі гадоў называюць чорным, а герояў, як дзве тысячы гадоў таму, укрыжоўваюць, з іх смяюцца. І ніхто не кажа: людцы, адумайцеся, раскрыйце вочы, паглядзіце. Кніжнік — чалавек, які здольны думаць галавой, сваю пэўную этыку прапаноўваць.
Мы бачым, як з этыкі выключылася царква — яна працягвае казаць пра дабро, але не адыгрывае больш той ролі, якую адыгрывала да Ніцшэ і смерці бога. Мы апынуліся у свеце, дзе нават пісьменнікі не кажуць пра тое, што добра, што дрэнна, а толькі смяюцца. Таму для мяне было прынцыпова вярнуць ролю этычнага ў літаратуру.
Што натхняе і дапамагае ствараць герояў
Крыніца натхнення — мой вопыт, вандроўкі, стасункі з людзьмі, нейкія прыватныя гісторыі.
Я спрабую пісаць такім чынам, каб кожны мой раман не быў падобны да папярэдняга. І імкнуся назапашваць вопыт стасункаў з навакольным светам, мову, каб кожны твор рабіўся не толькі ў межах культуры, у якой я жыву. Мне падаецца важным казаць нешта новае не толькі для Беларусі, але і ўсёй літаратуры. Штосьці аднолькава цікавае для немца, для аўстралійца і для беларуса.
Гумар — вельмі важная частка маіх твораў. Мы ўсе такія сур’ёзныя, так любім пафас і манументальнасць, што нам часам падаецца, нібыта пра важнае, сур’ёзнае можна казаць толькі чыгуннымі словамі. Мне тут бліжэйшы Караткевіч, які заўсёды, нават у пранізлівых і кранальных творах, знаходзіў месца, каб пакпіць з сябе як аўтара, са сваіх герояў.
Пісаць ад імені жанчыны складана, гэта нават нейкі сэксізм — калі мужык пачынае казаць пра жанчыну. Што я магу ведаць? Але зноўку — гэта спроба выйсці з сябе. Трэба ствараць сусвет, а не казаць пра сябе роднага і любімага. Можа, варта зрабіць твор, у якім галоўным героем будзе кот ці сабачка? Бо жывёльны свет багаты і прыцягвае аўтараў яшчэ з часоў Апулея, гэта штосьці вельмі цікавае, але я пакуль свае скокі з ідэнтычнасцю скончу на мужчынскім і жаночым.
Беларусы і культура
Мяне апошнім часам вельмі цікавіць тое месца, якое ў Беларусі адыгрывае культура. Я прыязджаю ў Польшчу — бачу там самавітых дзеячаў польскай культуры, прыязджаю ў Расію — бачу, як людзі вітаюцца з акторамі мясцовых тэатраў на вуліцы, любы спявак трэцяга гатунку ў Ноўгарадзе будзе ўсімі ўхваляцца.
Беларусы ставяцца да сваёй культуры па-асабліваму. Наша культура — нашы дзеячы культуры. Маё месца як дзеяча культуры — гэта такое месца вядучага на карпаратыве. «Э, культурны дзеяч, ідзі сюды, ну давай, раскажы нам анекдот». Гэта не тое, што мусіла быць. Вынікае, так было і з часам Скарыны, Гусоўскага, апошнія пяцьсот гадоў, калі існуе наша друкаванае пісьменства. Да прыезджых знакамістасцяў мы ставімся ўважлівей, чым да сваіх.
Цудоўны прыклад: «заезжая зорка» з Масквы Малевіч у Віцебску атрымліваў заробак, у дзесяць разоў большы за заробак Шагала. Бо бухгалтэрыя вучэльні, якую стварыў Шагал, не лічыла яго вартым Малевіча.
Пра новую п’есу для РТБД
Мне вельмі падабаецца Адраджэнне, яно мне падаецца вельмі сугучным сучаснасці. Мая новая п’еса прысвечаная Боне Сфорцы. Для мяне калісьці стала шокам — толькі ў Пінску ёсць культ Боны Сфорцы, у Мінску пра яе амаль забыліся. Але для пінчука яна чалавек, які зрабіў гэты горад горадам. Яна навучыла есці відэльцамі, піць віно, прывезла зеляніну кшталту пятрушкі, зрабіла людзей еўрапейцамі. Мне было прынцыповым стварыць міфалогію жанчыны, якая прыехала з Італіі ў гэту пятку свету і паспрабавала тут, у нашых балотах, насаджаць нораў італьянскага двара. Пра тое будзе «Мама Бона», спадзяюся, увосень гэтага года мы пабачым яе на сцэне.
Адносіны з мовамі
Калі быў створаны мой першы раман, я не мог сказаць па-беларуску два словы. Я ўзяўся вучыць мову ў 2009 годзе — чытаў тых жа Ахроменку, Федарэнку, Бабкова, Караткевіча.
Я разумею, што вывучыць мову за год, два, тры да стану, калі зможаш пісаць, вельмі цяжка. Але галоўнае — не быць моўным нацы. Той жа Караткевіч узбагачаў беларускую мову наватворамі. Напрыклад, слова «ізюбр», якое ён увёў у мову.
А мой ізюбр — «сабуля». І рэдактар, і карэктар хацелі выправіць яе на мужчынскі род. Маўляў, у беларускай мове такого няма. Цяпер будзе.
Я стараюся ўводзіць у мову новыя словы. Вандруючы па Беларусі, я люблю ўзяць намёт і паехаць некуды ў самае пекла, дзе няма дарогі, паразмаўляць з бабулямі мясцовымі, пачуць лакальныя гаворкі і легітымізаваць мясцовыя слоўкі.
Я не магу сказаць, што я самы добры беларускі стыліст, але усведамляю, што кніга — не толькі стыль. Гэта сюжэт, героі, мова.
Я стараюся чаргаваць кнігі — адна па-руску, адна па-беларуску. Чаргаванне моваў аднаўляе мой вакабуляр, гэта вельмі складана рабіць, калі сягаеш з беларускага свету ў рускі, зноўку робішся бясслоўным бязмоўным, вынаходзіш сябе наноў. Таму я буду і надалей гэта практыкаваць.
Але ніводная мова свету не багацейшая за іншую. Вы, напэўна, пабачылі і пачулі, што на рускай мове ў мяне нават тэмбр іншы. Я не магу зразумець, якая мова мне болей падабаецца. Але я дакладна ведаю: чым болей моваў вучыш, тым больш у табе людзей.
Парада пісьменнікам-пачаткоўцам
Параю нікому не пісаць нічога, бо гэта вельмі няўрымслівая кар’ера, апошняе, што трэба рабіць у 2020 годзе. Ідзіце ў гейм-індустрыю. Калі б мне было васямнаццаць, я б пайшоў у Сreative Narration і распрацоўваў бы кампʼютарныя гульні. Я сам геймер, а ў гэтай індустрыі віруе больш грошай, чым у кніжнай. Але калі выбралі літаратуру, то прызвычайцеся, што шлях да поспеху будзе вельмі складаным. Але літаратура — шкілет культуры, на які нанізваецца ўсё астатняе. Постаць пісьменніка шмат у чым роўная постаці прарока.
Немагчыма быць шчаслівым як беларускі пісьменнік — можна быць толькі глыбока няшчасным.
Але я шчаслівы як чалавек, бо апошнія некалькі гадоў вяду той лад жыцця, да якога ўсё жыццё імкнуўся. Свае першыя творы я напісаў яшчэ ў школе, усё жыццё імкнуўся быць пісьменнікам — калі працаваў у газеце і вандраваў па свеце. Напісаўшы першы раман, я мусіў даказваць, што я не журналіст, а пісьменнік, як дагэтуль даводзіцца даказваць, што я магу быць вучоным ці драматургам, і гэта не ўаземавыключальнае. Я шчаслівы, але з пісьменствам маім гэта ніяк не звязана.
Пра магчымую эміграцыю
Я шмат разоў думаў пра эміграцыю, у мяне сапраўды шмат магчымасцяў для яе. Але мне не хочацца нікуды з’язджаць. Па-першае, цяпер немагчыма нікуды з’ехаць па-сапраўднаму — вы ўсё адно будзеце чытаць навіны, чэкаць статусы сяброў у фб. Вы ніколі не станеце тым, кім стаў Набокаў, калі перайшоў на англійскую, заўсёды будзеце недааўстралійцам, недаамерыканцам. А яшчэ калі я адкрываю біяграфію Набокава і чытаю, як ён выкладаў гульню ў тэніс у Берліне, я разумею, што не гатовы апускацца да такой авантуры і мяжы, пакуль майму жыццю і свабодзе нічога не пагражае. Спадзяюся, мяне гэтая чаша праміне.
Запісала Аляксандра Дварэцкая
Фота — Зарына Кандрацьева
Тыя, хто не змог трапіць на імпрэзу, могуць замовіць кнігі Віктара Марціновіча тут
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!