Паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Матафонава 26 траўня выступілі на Крупшчыне. Першая сустрэча адбылася ў Крупскай раённай гімназіі, другая – у сярэдняй школе вёскі Худаўцы. Старшакласнікам М. Скобла прачытаў свае новыя вершы і пераклады, а вучняў пачатковых класаў пазнаёміў са сваёй дзіцячай кнігай “Камень-перунок”. Т. Матафонава скарыла аўдыторыю выкананнем класічных беларускіх рамансаў, песняў на вершы айчынных класікаў: Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, У. Дубоўкі, Л. Геніюш.
Гімназісты і школьнікі з задавальненнем падпявалі вядомыя са школьных хрэстаматый радкі, ахвотна ўдзельнічалі ў конкурсах на лепшае веданне беларускай гісторыі. Сустрэчы нечакана набылі касмічны прысмак, калі М. Скобла расказаў пра сваю нядаўнюю сустрэчу з украінскім касманаўтам Яўгенам Каданюком, які браў з сабой у космас “Кабзар” Т. Шаўчэнкі.
“Было вельмі прыемна, што крупскія школьнікі ведаюць пра аналагічны факт з гісторыі беларускай касманаўтыкі, – прызнаўся паэт. – Касманаўт Уладзімір Кавалёнак, які нарадзіўся ў Крупскім раёне, адзін са сваіх касмічных рэпартажаў распачаў так: “Атрымаў на арбіце томік вершаў “Нача” – назва такая блізкая і родная. Так называецца невялікая рэчка на маёй радзіме. Так што якраз Крупшчына спрычынілася да ўслаўлення і ўздыму беларускай паэзіі на касмічную вышыню. І добра, што дзеткі ведаюць пра гэта”. Прыканцы сустрэчаў іх самыя актыўныя дзельнікі атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.