Пісьменнікі Васіль Якавенка і Сяргей Законнікаў наведалі з творчымі сустрэчамі Пухавіцкі раён. Мерапрыемствы ладзіліся ў школах пасёлкаў Свіслач, Дружны і Рудзенск 18 траўня.
Васіль Якавенка і Сяргей Законнікаў – знаныя беларускія літаратары і публіцысты. Сяргей Законнікаў вядомы да таго ж і сваімі шматлікімі перакладамі на беларускую мову твораў рускіх, грузінскіх, літоўскіх і ўкраінскіх паэтаў, а Васіль Якавенка ў сваіх раманах неаднаразова звяртаецца да апісання і асэнсавання найважнейшых падзеяў з гісторыі Беларусі.
Менавіта гэтым дзвюм блізкім для літаратараў тэмам – гісторыі Беларусі і лёсу беларускай мовы – былі прысвечаныя сустрэчы з навучэнцамі школаў Пухавіцкага раёну. Васіль Якавенка закрануў такія балючыя для Беларусі тэмы, паднятыя ім яшчэ ў трылогіі “Пакутны век”, як лёс Заходняй Беларусі, нямецкая акупацыя Беларусі, эміграцыя, падзеі пачатку ХХ стагоддзя.
Сяргей Законнікаў цалкам прысвяціў свой выступ становішчу беларускай мовы ў сучаснай Беларусі, апавёў пра тое, як мова сёння прапагандуецца беларускамоўнымі пісьменнікамі. Сяргей Законнікаў зазначыў, што вельмі ўсцешаны бачыць развіццё нацыянальнай беларускай школы перакладу, незалежнай ад расійскай. Па яго словах, у Беларусі ўжо існуе група таленавітых і дасведчаных перакладчыкаў, сярод якіх паэт асабліва вылучыў Вольгу Гапееву, Альгерда Бахарэвіча і Юрася Барысевіча.
На наступным тыдні літаратары плануюць наведаць з творчай сустрэчай цэнтр Пухавіцкага раёну – горад Мар’іна Горка.
Імпрэзы ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”