Сведчыць супраць філосафа Уладзіміра Мацкевіча прымушаюць усіх, каго раней выклікалі на допыты па «Справе «Сходу». Як стала вядома Еўрарадыё, гэтых людзей цягнуць у суд як сведкаў з боку абвінавачання.

Працэс над Мацкевічам праходзіць у закрытым рэжыме, а яго ўдзельнікі знаходзяцца пад падпіскай. Таму дакладна невядома, што адбываецца падчас пасяджэння.
Верагодна, выклікаючы сведкамі аднадумцаў Уладзіміра Мацкевіча, улады спрабуюць даказаць, што метадолаг «стварыў і кіраваў экстрэмісцкім фарміраваннем шляхам аб’яднання групы грамадзян». Менавіта так сфармуляванае адно з абвінавачанняў у бок Мацкевіча.
Нагадаем, што філосаф Уладзімір Мацкевіч быў арыштаваны 4 жніўня 2021 года і знаходзіцца ў СІЗА ўжо 10 месяцаў.
Лістуйце філосафу на адрас: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Мацкевічу Уладзіміру Уладзіміравічу