Пра патэнцыял Светлагорска для развіцця рэгіянальнага турызму паразважалі жыхары горада на офлайнавым ток-шоў – адной з серыі дыскусійных сустрэч, што праводзяцца ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” з агульнай ідэяй “Культура паляпшае жыццё!”. У клубе з экзатычнай назвай “Ягуар” і ў пошуках гарадской экзотыкі сабраліся прадстаўнікі гісторыка-краязнаўчай супольнасці, культурніцкія дзеячы і проста неабыякавыя гараджане. Задаваў тон дыскусіі вострымі пытаннямі пра самапазіцыянаванне горада і дзяліўся досведам у развіцці рэгіянальнага турызму Уладзімір Булаўскі, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” на Віцебшчыне.
Усе эксперты і госці сышліся на думцы, што вялікае індустрыяльнае будаўніцтва 1960-х гадоў нельга лічыць пачаткам гісторыі горада. Зрабіўшы невялікі экскурс у старажытную гісторыю, краязнаўца Тэльман Маслюкоў падкрэсліў, што першыя вядомыя пасяленні на тэрыторым сённяшняга Светлагорска навукоўцы датуюць 3 тыс. да н.э. (бронзавы век!). З 13 ст. па археалагічным дадзеным пасяленне існуе бесперарыўна. У пісьмовых крыніцах яно мела назву Шацілінскі востраў, Шацілавічы, Шацілкі. Як на тэрыторыі гэтага пасялення, так і ў вёсцы Каралева Слабада-2, дзе ў 2007 годзе зрабілі сенсацыйнае адкрыццё горада Казімір, праводзяцца археалагічныя даследаванні, сёння існуе праект па рэкантрукцыі сядзібы Манкевічаў на Шацілінскім востраве. Журналіст і краязнаўца Віктар Раманцоў распавёў пра сваю кнігу і аматарскі дакументальны фільм, якія знаёмяць з гэтымі старонкамі старажытнай гісторыі горада.
Узвядзенне шэрагу буйных прамысловых аб’ектаў хімічнай, цэлюлозна-папяровай, будаўнічай вытворчасці, Цеплаэлектрацэнтралі (ЦЭЦ) зрабіла ў 1961 годзе Шацілкі Светлагорскам. Гэтая дваістасць тапанімікі і сімволікі горада і сёння адчуваецца гараджанамі, а па меркаванні супрацоўніцы Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея, куратара навуковай яго часткі і рэканструктара Таццяны Клімовіч нясе і пэўную небяспеку: “Дваістасць вядзе да падзелу грамадства. Тыя, хто трымаецца савецкай традыцыі, не бачаць праблемы. Ім падабаецца савецкі герб з сонейкам, лічаць яго сімвалам цеплыні і радасці. Тыя ж, хто цікавіцца гісторыяй, выступаюць за вяртанне гораду гістарычнай назвы”. Падтрымаў актыўную ўдзельніцу дыскусіі з залі і эксперт Вадзім Болбас – у мінулым кіраўнік аддзела ТБМ, заўсёдны краязнаўца, удзельнік археалагічных раскопак, паэт, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў: “Вярнуць гораду яго гістарычны назоў – першае, што трэба зрабіць. На тэрыторыі былога СССР і цяпер існуе шэсць Светлагорскаў!” “Тады моцна мазгамі не варушылі, каб прыдумаць нешта адметнае”, – падтрымала заля.
Але ў пошуках гістарычнай адметнасці Светлагорска на савецкую спадчыну не забываюцца. Гараджане ўпэўненыя: Светлагорск можа зацікавіць турыстаў і як прыклад “савецкага новабуду” з індустрыяльнымі пейзажамі і шматграннай сацыяльнай гісторыяй – ад сталінскіх рэпрэсіяў да натхненага рамантызму індустрыялізацыі.
Не абмінулі і вострыя сацыяльныя праблемы горада. Паразважалі, як пераўтвараць адмоўныя рысы ў пазітыўныя і дасягнуць тых мэтаў, што ставіць праект генплана, – рэабілітацыя зямлі і рэабілітацыя чалавека.
Прагучала шмат ідэяў і прапаноў па развіцці кожнага з відаў турызму – сплавы па Бярэзіне ў экатурызме; домік паляўнічага і аграсядзібы ў рэкрэацыйным; экскурсіі на прамысловыя аб’екты і пераасэнсаванне іх у індустрыяльным; фестывалі сярэднявечнай культуры і скульптурныя плэнэры ў турызме аднаго дня. Былі акрэслены і галоўныя праблемы – адсутнасць сістэматызацыі, партнёрства, недахоп спецыялістаў у галіне культурнага і турыстычнага мэнэджэменту. У горадзе ёсць грамадскія ініцыятывы, але няма пляцоўкі, якая б аб’яднала і сістэматызавала іх. Агульнымі сіламі прыйшлі да высновы пра неабходнасць адкрыцця ў найбліжэйшы час больш крэатыўнага і інфармацыйнага сайта горада, які дапамагаў бы ў навігацыі і пошуку цікавых месцаў, а для ініцыятыўных гараджан стаў бы тым падмуркам, на якім з часам вырасце Светлагорск турыстычны.
Лейтматывам сустрэчы стаў заклік да грамадскай актыўнасці ў развіцці турыстычных аб’ектаў і рэгіянальнага турызму. Падводзячы вынікі дыскусіі, Віктар Раманцоў спадкрэсліў: “Трэба рабіць! Рабіць нешта!”, – і прапанаваў для пачатку і ў якасці першага крока прыняць удзел у грамадскім абмеркаванні перайменавання вуліц Светлагорску, які праходзіць цяпер ў горадзе.
Лізавета Неўмяржыцкая, фота – Аляксандр Ждановіч