Вандроўка пад назвай «Паміж Моўчаддзю і Шчарай» па землях гістарычнай Наваградчыны, сучасныя Баранавіцкі і Дзятлаўскі раёны адбылася 30 траўня.
Падчас вандроўкі былі наведаныя шматлікія гістарычныя мясціны — Новая Мыш, Моўчадзь, Дварэц, Раготна, Рандзілоўшчына, Накрышкі, Вензавец, Дзятлава.
У гэтых населенных пунктах вандроўнікі агледзелі ўнікальныя архітэктурныя помнікі — касцёлы, цэрквы, старадаўнія жылыя і гандлёвыя пабудовы, у тым ліку і палац Радзівілаў у Дзятлаве.
Найбольшыя ўражанні пакінула сустрэча ўдзельнікаў вандроўкі з сябрамі гістарычна-патрыятычнага клуба «Спадчына» ў мястэчку Дварэц. Падчас сустрэчы дзеці — сябры клуба — расказвалі пра сваё мястэчка, пра помнікі Дварца, чыталі свае вершы.
Другая цікавая сустрэча адбылася ў Дзятлаве з мясцовым краязнаўцам Валерыем Петрыкевічам, які ветла сустрэў вандроўнікаў і пазнаёміў іх з найбольш цікавымі гістарычнымі фактамі, звязанымі з гэтым старадаўнім мястэчкам, заснавальнікам і ўладальнікам якога быў вядомы беларускі палкаводзец Канстанцін Астрожскі.
Па ўсім маршруце вандроўку суправаджала здымачная група польскага тэлебачання, якая здымала матэрыял для будучага фільма пра Таварыства аховы помнікаў, пра найцікавейшыя падарожжы па гістарычных помніках і ўвогуле пра мерапрыемствы, якія ладзяцца Таварыствам у межах агульнанацыянальнай кампаніі «Будзьма беларусамі!».