Сяргей Сакума: “Беларусь – гэта як каханне”

siarhej-sakuma

–  На ўсходзе Беларусі, дзе я нарадзіўся, усе вакол размаўлялі па-руску. Толькі бабуля, што жыла разам з намі, раптам устаўляла свае: “анягож”, “скуля я ведаю”. Я неўпрыкмет набіраўся сякіх-такіх словаў і пасля ўстаўляў у школьныя сачыненні.

Памятаю яшчэ 10 клас, калі на занятках па беларускай літаратуры з усяго класа на беларускай мове гаварыла толькі настаўніца. А я вельмі быў задаволены, калі падчас адказу мне шэнціла скласці цэлы сказ, не ўжыўшы ніводнага рускага слова. На першым курсе ў студэнцкім інтэрнаце я пасяліўся ў блоку, дзе суседзямі, на шчасце, апынуліся тры хлопцы, якія ўвесь час размаўлялі па-беларуску і якія былі сапраўды шчырымі і свядомымі. Не прайшло і двух тыдняў, як і я сам ужо тарабаніў па-беларуску, і так мне гэта падабалася, што і слова не даваў уставіць сваім суседзям.

Пасля былі Дзяды. Я пайшоў з сябрамі ў Курапаты. Крыжы ўздоуж дарогі, невялікія яміны і пагоркі паміж дрэваў. З’явілася калона са сцягамі, прычым сцягоў, падавалася, было болей, чым людзей. Гэтая калона рухалася нібыта адна з грунвальдскіх харугваў. Мне мроілася, што ўсё магчыма, што праз дзесяць гадоў усе будуць размаўляць па-беларуску і што людзі вакол мяне – блізкія, хаця раней іх не бачыў. Мабыць, тады я ўпершыню і адчуў, што беларус – гэта і я таксама.

Быць беларусам – гэта ісці ў свет не з пустымі кішэнямі і чалавекам без роду, а несці свету нашыя здабыткі і каштоўнасці, з гонарам трымаць голаў. Быць беларусам – гэта мець сістэму кардынат, мець мэту і напрамак, не страціць сябе ў цяперашні час. Беларусь – гэта як каханне. Беларусь жыве, пакуль жывуць людзі, якія носяць яе ў сваім сэрцы.

Сяргей Сакума, тутэйшы антраполаг

Аб праекце “Як я стаў беларусам”