Слуцкі збройны чын — спроба ўзброенай абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна зь мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў наступаўшым савецкім войскам. З 1980-х гадоў 27 лістапада адзначаецца часткай беларускага грамадзтва як Дзень Герояў. Афіцыйная ўлада ігнаруе антыбальшавісцкае паўстаньне, гэтаксама як і ўсё зьвязанае зь Беларускай Народнай Рэспублікай.
Асноўнай рухаючай сілай Слуцкага збройнага чыну сталася сялянства, якое супраціўлялася савецкай палітыцы ваеннага камунізму і падтрымлівала ідэю незалежнасьці Беларусі, абвешчанай 25 сакавіка 1918 году. Збройны чын узначалілі прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі і шляхты.
Слуцак быў важным рэгіянальным цэнтрам нацыянальнага руху. Яшчэ ў 1918 годзе ў горадзе быў утвораны Беларускі Нацыянальны Камітэт на чале з Паўлам Жаўрыдам.
Падчас Польска-савецкай вайны 1919—1920 гг. Случчына некалькі пераходзіла з рук у рукі ад палякаў да бальшавікоў. Нарэшце, 11 кастрычніка 1920 году горад апынуўся пад кантролем палякаў.
Паводле Рыскай дамовы, падпісанай 12 кастрычніка 1920 году паміж Польшчай, РСФСР і УССР, усталёўваліся новыя дзяржаўныя межы, якія дзялілі Беларусь і Ўкраіну на дзьве часткі. Беларуская дэлегацыя ўвогуле ня была запрошаная на перамовы — ані ад Беларускай Народнай Рэспублікі, ані ад марыянэткавай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік савецкай дэлегацыі А. Іофэ, увогуле, прапаноўваў саступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР (да Бярэзіны) наўзамен на тэрытарыяльныя саступкі ва Ўкраіне, аднак польскі бок не прыняў гэтую прапанову.
Паводле дамовы, дэмаркацыйная лінія Кіевічы — Лань ішла такім чынам, што раён вакол Слуцку на пэўны час апынуўся ў нэўтральнай зоне перад тым, каб быць занятым Чырвонай арміяй.
Інфармацыя пра падзел Беларусі паміж Польшчай і бальшавікамі выклікала хвалю абурэньня ў беларускім грамадзтве. Непасярэдна пасьля ўсталяваньня польскай улады ў горадзе аднаўляе сваю дзейнасьць Беларускі Нацыянальны Камітэт. Пачынаюць стварацца аддзелы беларускай самаабароны. Ствараецца міліцэйскі корпус з 500 чалавекаў.
Польскія вайскоўцы, якія рыхтаваліся да зыходу, не перашкаджалі стварэньню беларускіх аддзелаў. Многія зь іх былі беларусамі і спачувалі самаабароне.
Сярод беларускага кіраўніцтва не было адзінства што да стратэгіі дзеяў. Існавала фракцыя прыхільнікаў супрацоўніцтва з палякамі. Зь іншага боку, некаторыя дзеячы выступалі за спробы перамоваў з бальшавікамі. Праз гэтыя супярэчаньни было згублена шмат часу. Толькі ў лістападзе 1920 году польская адміністрацыя перадала ўладу Беларускаму камітэту. У навакольных вёсках былі праведзеныя выбары мясцовых камітэтаў.
Мясцовыя прадстаўнікі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, асноўных прыхільнікаў ідэі незалежнасьці Беларусі, прапанавалі склікаць Зьезд, каб пацьвердзіць уладу Беларускай Народнай Рэспублікі на тэрыторыі Случчыны. Былі запрошаныя дэлегаты ад кожнай воласьці (па 5) і мясцовых беларускіх арганізацыяў (па 1).
14 лістапада 1920 году пачаў працу Зьезд Случчыны. У яго складзе былі 107 дэлегатаў з навакольля Слуцку, а таксама некалькі прадстаўнікоў арміі генэрала Булак-Балаховіча.
Урад Беларускай Народнай Рэспублікі прызначыў Паўла Жаўрыда сваім камісарам на Случчыне.
На Зьезьдзе была абраная Рада Случчыны, у склад якой увайшлі Ўладзімер Пракулевіч (старшыня), Васіль Русак, Пётр Жаўрыд і яшчэ 15 асобаў. Яе задачамі была арганізацыя грамадзянскага кіраваньня на Случчыне, а таксама арганізацыя абароны краю.
Зьезд прыняў рэзалюцыю, якая абвяшчала ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і навакольлях, і выказаў пратэст супраць бальшавісцкай акупацыі:
Зьезд праходзіў 2 дні, была аб’яўлена мабілізацыя ў міліцыю, па мястэчках і весках пачалі ўтварацца нацыянальныя камітэты ў падтрымку Рады.
Вайсковае камандваньне было перададзенае тройцы на чале з Паўлам Жаўрыдам. Рада абвясьціла агульную мабілізацыю і працягнула стварэньне вайсковых аддзелаў. Было мабілізавана каля 4000 чалавек (па некаторых звестках 10 000) на чале з Паўлам Чайкам. Рада сфармавала два палкі: Першы Слуцкі полк пад кіраваньнем падпалкоўніка Паўла Чайкі і Другі Грозаўскі полк на чале з капітанам Луком Семенюком. Гэтыя два палкі ўтварылі Слуцкую брыгаду пад камандваньнем Антона Сокала-Кутылоўскага. Камандваньне войскамі было разьмешчанае ў Семежава праз наступаючыя бальшавісцкія армія.
Слуцкі збройны чын быў актыўна падтрыманы беларускімі незалежнікамі па ўсёй краіне, значная частка якой была тады акупаваная Польшчай.
З Горадні даслалі сьцяг з Пагоняй і дэвізам «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Вайсковая Рада БНР, якая выконвала функцыі міністэрства абароны, даслала ў Слуцак вайсковых спэцыялістаў. Хутка пры Слуцкай быгадзе быў добра арганізаваны вайсковы шпіталь і суд.
Слуцкая Рада мела шчыльныя кантакты з арміяй Булак-Балаховіча і плянавала каардынаваць дзеяньні зь ёй.
Бальшавікі ўжо падыходзілі да Асіповіч і Старых Дарог. Рада загадала ўсім вайсковым фармаваньням і дабравольцам згрупавацца ля Семежава 24 лістапада.
26 лістапада пачаліся баі паміж беларускімі і савецкімі войскамі. 26—27 лістапада 1920 на адлегласьці 35—49 км адбыліся сутычкі перадавых чырвоных войскаў з паасобнымі атрадамі Слуцкай брыгады.
Слуцкая брыгада зрабіла некалькі пасьпяховых атакаў побач зь вёскамі Капыль, Цімкавічы і Вызна. Супраць беларускіх войскаў білася Омская дывізія бальшавікоў. Па ўсім 100-кілямэтровым фронце. Капыль—Цімкавічы—Вызна бальшавікі вымушаны былі адступіць. Беларускія аддзелы мелі вельмі моцную падтрымку з боку мясцовага насельніцтва, але ім бракавала зброі і амуніцыі.
Ішлі баі ля вёсак Быстрыцы, Васільчыцы, Верабейчыцы, Дашкава, Васілішкі, Лютавічы, Мацкевічы, Садовічы, Морач. Слуцкая брыгада вызваліла некалькі вёсак ад бальшавікоў.
Разгортваўся актыўны антыбальшавіцкі партызанскі супраціў. Да беларускіх аддзелаў далучалася больш і больш людзей. Слуцкая рада заклікала жаўнераў Чырвонай арміі пераходзіць на беларускі бок. Многа салдатаў так і зрабілі, бо сярод іх было шмат расейскіх сялянаў, якія таксама не падтрымлівалі камуністаў. Бальшавікі былі вымушаныя кінуць супраць беларускага войска аддзелы з латышоў і кітайцаў.
Напачатку сьнежня быў затрыманы пасыльны да бальшавікоў. Зь ім быў ліст камандзіра Слуцкага палка Чайкі, у якім апісваліся ўсе хібы і справы паўстанцаў. Чайка быў арыштаваны, але ўцёк з-пад варты прадзёршы страху.
4 сьнежня пачаўся новы наступ Чырвонай арміі. Беларускія аддзелы ўпарта абараняліся, але вымушаныя былі пакінуць Вызну. Нястачы зброі і набоеў сталася няўдачай у баі пад вёскай Ядчыцы 6 сьнежня. Пад ціскам 7 сьнежня беларускія часткі пакінулі Семежава. Рада Случчыны і беларускі штаб былі перанесеныя ў Подчыцы, а потым у вёску Грыцавічы. Не хапала амуніцыі, харчаваньня, сярод паўстанцаў пачалася эпідэмія тыфу.
Случакі перайшлі да партызанскіх дзеяў. Дзякуючы гэтаму 10 сьнежня былі вызвалены ад бальшавікоў вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, а ўначы на 12 сьнежня вёску Старынь. У ночы 13 сьнежня беларускія аддзелы адбілі ў бальшавікоў Семежава, дзе захапілі вялікую колькасьць амуніцыі. У гэтай апэрацыі вызначыліся ваяры пад камандай А. Курыловіча.
Але 15 сьнежня дзень паўстанцы былі вымушаныя зноў пакінуць Семежава, а беларускі галоўны штаб быў перанесены ў вёску Морач. 17 сьнежня Найвышэйшая Рада БНР прызначыла капітана А. Якубецкага галоўнакамандуючым войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
У ночы з 17 сьнежня на 18 сьнежня беларусы перайшлі ў наступ і зноў выбілі бальшавікоў зь Семежава і Вызны. Але 19 сьнежня саветы зноў захапілі гэтыя мясцовасьці і беларусы адышлі да вёскі Смолічы. Напрыканцы сьнежня стала ясна, што Беларускае войска больш ня можа супрацьстаяць чырвонай навале. На нарадзе ў Баранавічах было прынятае рашэньне аб спыненьні ваенных дзеяньняў і адводзе беларускіх аддзелаў на тэрыторыю, занятую палякамі. 28—31 сьнежня 1920 году больш за 1500 беларускіх жаўнераў і афіцэраў перайшлі польска-савецкую мяжу, былі раззброены польскімі ўладамі.
Афіцэраў і стральцоў інтэрніравалі ў Беласток, дзе яны сядзелі да красавіка 1921, а потым іх перавезлі ў Дарагуск пад Бугам, дзе утрымлівалі да канца траўня 1921 году.
Тых, хто вярнуўся на радзіму, на Случчыну, ГПУ-НКУС спачатку не чапала, бо чакала, што да іх далучацца астатнія ўдзельнікі паўстаньня. Аднак літаральна праз 7—8 месяцаў іх арыштавалі, судзілі і выслалі ў Караганду, Салаўкі, на Калыму, дзе яны і памерлі.
Празь дзеяньні паўстанцаў-случчакоў нават за мяжой даведаліся пра тое, што ў Беларусі ёсьць нездаволеныя несправядлівасьцю і зьдзекамі, прымусам і гвалтам улады.