Шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” правядзе ў другой палове жніўня ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
18 жніўня ў в. Зарачаны на аграсядзібе “Зарачаны” адбудзецца канцэрт вядомага беларускага спевака Алеся Камоцкага. Пачатак у 17.00.
25 жніўня ў Музеі старажытных народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”, што знаходзіцца каля в. Дудзічы, пройдзе навукова-практычны семінар “Ельскія чытанні”, прысвечаны спадчыне вядомага шляхецкага роду Ельскіх, які калісьці валодаў гэтымі ваколіцамі. У семінары возьмуць удзел старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, загадчык аддзела публікацый Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Зміцер Яцкевіч, пісьменнік і краязнаўца Алесь Карлюкевіч, мастацтвазнаўца Ірына Марачкіна, а таксама мясцовыя аматары гісторыі і краязнаўства. Імпрэзу аздобіць канцэрт трыё “Вытокі”, складзены з твораў Аляксандра Ельскага. Пачатак семінара ў 11.00, канцэрта – у 16.00.
28 жніўня на аграсядзібе “Зарачаны” адбудзецца творчая сустрэча ўдзельнікаў валанцёрскага летніка Таварыства аховы помнікаў з акторам і тэлевядучым Юрыем Жыгамонтам ды пісьменнікам і бардам Змітром Бартосікам. У праграме, якая пачнецца ў 18.00, – вершы, апавяданні, песні, а таксама дэманстрацыя фільма “Дудзічы” з тэлевізійнай серыі “Новыя падарожжы дылетанта”.