Што можа быць больш загадкавым, чым зорнае неба над галавой? Ва ўсе часы чалавецтва цікавілі таямніцы Космасу. Яны і сёння застаюцца неразгаданымі — пытанняў больш, чым адказаў. Што тады казаць пра мінулыя стагоддзі? Як нашыя продкі ўспрымалі астранамічныя з’явы — зацьменні Сонца і Месяца, з’яўленне камет і метэораў на небасхіле? Што прадказвалі зоркі і як уплывалі на лёс людзей, дзяржавы? Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці ў новай кнізе беларускага гісторыка Змітра Скварчэўскага «Навука звяздарская: астраномія ў Вялікім Княстве Літоўскім у XIV — XVII стст.»
У сваёй кнізе Зміцер Скварчэўскі даследуе феномен фарміравання і развіцця астранамічных ведаў у ВКЛ. Аналізуе ўяўленні жыхароў княства пра Сусвет, абапіраючыся ў першую чаргу на пісьмовыя крыніцы — летапісы, хронікі, мемуарную літаратуру. Ён вывучае як масавыя ўяўленні тагачасных беларусаў, так і навуковыя веды, якія фарміраваліся мыслярамі, навукоўцамі, духоўнымі асобамі.
Главы кнігі прысвечаны астранамічным ведам у часы паганства, развіццю астраноміі і хрысціянскай касмалогіі, апісанню астранамічных з’яў у помніках беларуска-літоўскага летапісання, станаўленню навуковай астраноміі ў ВКЛ, «ерасі жыдоўствуючых». Чытач можа даведацца пра эвалюцыю стаўлення царквы да астраноміі і астралогіі — ад поўнага непрыняцця і асуджэння да кампрамісаў і супрацоўніцтва. Станаўленне і развіццё навуковай астраноміі ў ВКЛ адбывалася пад уплывам Рэнесансу ў рэчышчы агульнаеўрапейскай традыцыі.
Нашыя продкі назіралі метэоры і каметы, сонечныя і месяцовыя зацьменні, гало і плямы на сонцы, метэорныя дажджы і палярныя ззяні. Лічылася, што яны прадказваюць такія маштабныя падзеі, як войны, голад, эпідэміі, смерць знакавых асобаў і г. д. Аўтар прыводзіць апісанні астранамічных з’яваў у беларуска-літоўскіх летапісах — напрыклад, поўнага сонечнага зацьмення 1544 г., з’яўлення каметы ў 1468 г. і інш. Летапісцы імкнуліся быць максімальна дакладнымі, але пры гэтым — досыць вобразна і эмацыйна апісвалі падзеі, сведкамі якіх сталі самі або атрымалі інфармацыю з надзейных крыніц. Ім можна верыць: аўтар манаграфіі асабіста правяраў кожную апісаную ў летапісах з’яву праз сучасныя камп’ютарныя праграмы-планетарыі, што дазваляюць мадэляваць зорнае неба ў пэўны гістарычны час. Атрыманыя даты супадалі з летапіснымі, калі не лічыць асобных памылак пры перапісванні хронік.
Кніга прызначана не толькі вузкаму колу даследчыкаў, але і ўсім, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй і традыцыйнай культурай. Выданне напісана жывой, яскравай мовай і скіравана на папулярызацыю гісторыка-астранамічных ведаў.
Манаграфію можна лічыць унікальнай: гэтым перыядам, да XVII ст., навукоўцы фактычна не займаліся, мала даследавалі дахрысціянскую астраномію, астранамічныя звесткі ў летапісанні ВКЛ.
Зміцер Скварчэўскі лічыць тэму зусім не вычарпанай і спадзяецца, што да яе будуць звяртацца і іншыя навукоўцы. Сенсацый ён не абяцае, але гарантуе — будзе цікава!
Зміцер Скварчэўскі прэзентаваў сваю кнігу 1 чэрвеня ў этнакраме «Рагна» ў Мінску. Падчас сустрэчы з чытачамі ён адказаў на пытанні, і перш-наперш расшыфраваў назву сваёй працы:
— «Навука звяздарская» — гэта аўтэнтычнае, старабеларускае азначэнне астраноміі, якое сустракаецца ў тэкстах XVI–XVII стст. Але гэты тэрмін — больш шырокі, чым проста астраномія ў сучасным разуменні. Гэта яшчэ і астралогія, ды і ў цэлым комплекс ведаў і ўяўленняў пра навакольнае асяроддзе, неба, верхнюю сферу. З ім была звязана астралагічная дзейнасць у галіне прагнозаў, прадказанняў надвор’я, картаграфіі, геаграфіі, арыентавання ў прасторы.
— Пра што кніга — пра Космас, астраномію, астралогію?
— Я пішу не толькі пра тое, як нашыя продкі назіралі за нябеснымі з’явамі, рабілі вылічэнні, складалі табліцы. І пра гэта — таксама, але галоўная ўвага тут надаецца светапогляду тагачасных жыхароў ВКЛ, чаму і як ён змяняўся. Перыяд XIV–XVII стст. вельмі цікавы. У гэты час перапляталіся і спаборнічалі розныя светагляды, у межах якіх развівалася астранамічная думка і касмалогія, комплекс ведаў пра Сусвет. Не было адзінай мадэлі — існавалі розныя погляды сярод гарадскога і вясковага, каталіцкага і праваслаўнага, адукаванага і неадукаванага насельніцтва. З’яўленне розных нябесных знакаў — зацьмення Сонца, Месяца, палёту каметаў — уплывалі на свядомасць людзей, на іх учынкі, у выніку — на лёс цэлай краіны. Людзі ставіліся да гэтага вельмі сур’ёзна. Космас успрымаўся праз прызму міфалагічных, рэлігійных уяўленняў — паганства, хрысціянства. Мне цікава, як з’явілася і пачала распаўсюджвацца на нашых землях навуковая астраномія ў сучасным яе разуменні. Маё даследаванне — збольшага культуралагічнае, прысвечанае гісторыі думкі, светапогляду, ідэй, рэлігіі.
— У кнізе змешчаны два дзясяткі яскравых ілюстрацый. Як яны адбіраліся?
— Вокладка, афармленне заслугоўваюць асаблівай увагі. Дызайн і вёрстку рабіў мастак Яўген Кот, вядомы малюнкамі на міфалагічную тэматыку. Ілюстрацыі — мініяцюры з Радзівілаўскага летапісу — падбіраліся па наступным прынцыпе: там адлюстравана неба (звычайна схематычна — у выглядзе невялікага паўкруга) і астранамічныя з’явы. На вокладцы размешчана мініяцюра, дзе неба намалявана ў выглядзе скрутка. Ілюстратар паказаў канец Свету — так, як ён апісаны ў Адкрыцці Яна Багаслова: неба будзе, як скрутак, сонца стане чырвоным ад крыві, і зоркі пачнуць падаць з неба... Наогул эсхаталагічныя матывы моцна паўплывалі ў свой час на цікаўнасць да астраноміі. Амаль усе запісы пра астранамічныя з’явы ў летапісах так ці інакш звязваліся з негатыўнымі падзеямі: вайна, эпідэміі, неўраджай і г. д. Нашыя продкі чакалі, што канец Свету настане ў 1492 г., і падрабязна фіксавалі нябесныя з’явы, якія нібыта сведчылі пра яго набліжэнне. У грамадстве разгарнулася гарачая палеміка вакол гэтай тэмы. З’явілася група інтэлектуалаў, якія пры дапамозе матэматыкі і астранамічных назіранняў даказалі: канца свету ў гэты год не будзе! Па сутнасці, гэта і былі першыя крокі навуковай астраноміі ў ВКЛ.
— Выданне пра «звяздарскую навуку» атрымалася навуковае ці папулярнае?
— Навуковае — у строгім сэнсе гэтага слова. Гэта перапрацаваны варыянт маёй кандыдацкай дысертацыі, абароненай у 2017 годзе. За апошні час я перагледзеў многія рэчы, выправіў і дадаў некаторыя фрагменты. Напрыклад, самы вялікі новы фрагмент — тлумачэнне ўжо згаданых астранамічных мініяцюр у Радзівілаўскім летапісе. Мне не хацелася, каб праца была марнай, з’явілася жаданне данесці яе шырокаму колу чытачоў. Наклад маленькі, 120 асобнікаў, але планую дадрукаваць яшчэ некаторую колькасць.
Вельмі дапамагло ў працы тое, што захавалася шмат помнікаў летапісання. Мы маем добры корпус пісьмовых тэкстаў, якія апісваюць астранамічныя з’явы ад сярэдзіны XV да пачатку XІХ стст. Жанр агульнадзяржаўнага летапісання быў вельмі развіты, але з канца XVI — пачатку XVII стст. ён знікае. Затое з’яўляюцца мемуарная літаратура і помнікі гарадскога летапісання, напрыклад, Віцебская, Магілёўская хроніка. А з пачатку XIХ ст. публікуецца шмат навуковых этнаграфічных выданняў, дзе фіксуюцца ўяўленні сялян пра астранамічныя з’явы. І мы можам параўнаць масавыя ўяўленні сялян і з ідэямі інтэлектуалаў мінулых стагоддзяў — цікава, што многія з’явы апісваюцца там аднымі і тымі ж словамі. Напрыклад, адна з народных назваў каметы — «мятла». Лічылася: у які бок паказвае мятла, тая зямля і будзе змеценая дашчэнту, там і будзе вайна ці эпідэмія. Гэтая назва адлюстраваная ў старадаўніх летапісах, і сяляне XIХ—ХХ стст. апісваюць камету гэтак жа! Мы бачым, што ўяўленні пра нябесную сферу амаль не змяняюцца з сярэдзіны XV ст. да нашых дзён. Гэта датычыць не толькі рэштак традыцыйнага вясковага асяроддзя, але і гараджан. Нягледзячы на тое, што ўсе мы вучылі астраномію ў школе... А калі гэтыя ўяўленні ўжо 500 год не змяняюцца, то яны могуць быць больш даўнімі — плюс яшчэ 500 год, а то і болей — мо і тысяча.
— Колькі астраномаў было ў ВКЛ?
— Немагчыма адказаць на гэтае пытанне, бо імёны першых астраномаў-навукоўцаў не захаваліся. Першае афіцыйна вядомае імя — Войцэх Брудзеўскі. Але гэта быў польскі астраном, які служыў сакратаром у вялікага князя літоўскага Аляксандра. Астраномія як навука вывучаецца ў Віленскай езуіцкай акадэміі. Захаваўся курс лекцый па астраноміі 1603 г., але ён ананімны. Імёны з’яўляюцца праз некалькі дзесяцігоддзяў — у 30-я — 40-я гады XVІ ст. Першы вядомы ў ВКЛ выкладчык астраноміі — Освальд Крыгер — немец па паходжанні, які жыў у Беларусі. Ён вывеў астраномію на новы ўзровень, разам са студэнтамі назіраў за зорным небам праз тэлескоп. XVІІІ стагоддзе, калі пры Віленскай езуіцкай акадэміі дзейнічала абсерваторыя, дала нам шмат гучных імёнаў і навуковых прац. Багата інтэлектуалаў, вядомых перакладчыкаў навуковых тэкстаў было ў руху «жыдоўствуючых» — яны першымі ў ВКЛ пачалі падыходзіць да астраноміі з навуковых пазіцый. У Расіі гэты рух разглядаўся як ерэтычны, астранамічная літаратура на пачатку XVІ ст. была занесеная ў спіс забароненых кніг. Дарэчы, менавіта «жыдоўствуючыя» давялі сваім сучаснікам, што канца Свету ў 1492 г. чакаць бессэнсоўна.
Выдатным тэарэтыкам быў Францыск Скарына — ён сам не назіраў за зоркамі, але ягоныя вылічэнні былі вельмі дакладнымі. Цікавы прыклад трансфармацыі поглядаў праваслаўнага чалавека дае нам навуковая спадчына Сімяона Полацкага. Захаваліся сведчанні, як ён зрабіў прагноз на нараджэнне Пятра І і нават указваў самы спрыяльны час для з’яўлення на свет будучага імператара.
— Ці былі астраномы раней, скажам, у часы Полацкага княства?
Хрысціянства тады толькі замацоўвалася, была пашыраная народная астраномія. Мы дакладна ведаем, што паганскія святары назіралі за небам, бо трэба было весці каляндар, прывязаны да салярнага і месяцовага цыклаў. Апроч таго, для міфалагічнай свядомасці неба — жывы, населены свет, і важна было назіраць за тым, што там адбываецца. З «Хронікі Літоўскай і Жамойцкай» нам вядома, што вярхоўны жрэц Ліздзейка пры князі Віцені навучыўся «звездарства ведлуг бегов небесных».
Дарэчы, «астраном» — слова, запазычанае з грэчаскай мовы, яно трапіла да нас недзе ў XVІ—XVІІ стст. А вось уласна беларускія тэрміны — «звяздар», «навука звяздарская». Звездарамі называлі астраномаў, астролагаў, а таксама, як я мяркую, паганскіх жрацоў, якія назіралі за зорным небам для складання календара. Гэта была наша мясцовая, аўтэнтычная назва для асобы, якая займалася астраноміяй у паганскія часы.
Цікава, што толькі ў нас згадваецца жаночая форма — «звяздарка». Так маглі называць жанчыну, якая, прымаючы роды, варажыла па зорках на лёс дзіцяці.
— Ці магчыма правесці мяжу паміж астраноміяй і астралогіяй у той час?
Цяжка аддзяліць навуку таго часу ад гісторыка-культурнага і рэлігійнага кантэксту. Напрыклад, у ВКЛ праваслаўная царква негатыўна ўспрымала астраномію і астралогію, тады як каталіцкія святары былі больш лаяльнымі. Было шмат спрэчак між канфесіямі, асабліва вакол календара. На этапе станаўлення астранамічнай навукі даследчыкі часта выкарыстоўвалі астралагічныя матывы, нават калі самі негатыўна да іх ставіліся. Нават Ёган Кеплер, які адкрыў законы руху планет, лічыў што з’яўленне каметы выклікае эпідэмію на Зямлі. Навука, палітыка, містыка моцна перапляталіся, і мяжы паміж астраноміяй і астралогіяй практычна не было — гэтым той перыяд і цікавы. Ды і сёння, калі, здавалася, навуковы падыход атрымаў перамогу, фіксуюцца паганскія ўяўленні пра Свет. Ужо ў 2000-я гг. праводзілася апытанне, падчас якога вельмі шмат рэспандэнтаў заявілі, што Зямля знаходзіцца ў цэнтры сусвету і вакол яе круцяцца Сонца, планеты.
— Ці зрабіў ты падчас працы над кнігай нейкія адкрыцці для сябе?
— Мая любімая глава ў гэтай кнізе прысвечана апісанням астралагічных з’яў у летапісах ВКЛ. Гэта тэма найменш даследаваная, і менавіта яна прынесла мне больш за ўсё адкрыццяў. Перадусім уразіла тое, наколькі ўсе гэтыя ўяўленні трывалыя, кансерватыўныя. Многія сучасныя, у тым ліку гарадскія людзі маюць прыкладна тыя ж перакананні пра Космас, што і іх продкі. Асабліва ярка гэта праяўляецца, калі адбываецца чарговае зацьменне Сонца або калі да нас ляціць чарговая камета. Рэзананс у СМІ, блогах, сацсетках.... Стаўленне нашых сучаснікаў да астранамічных з’яваў, па сутнасці, не дужа адрозніваецца ад таго, што апісваецца ў летапісах.
Зміцер Скварчэўскі — беларускі навукоўца, гісторык, даследчык міфалогіі і традыцыйнай беларускай культуры. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ. Сфера навуковых зацікаўленняў — паганства, міфалогія, этнаастраномія, сакральная геаграфія і традыцыйная культура Беларусі. З-пад яго пяра ў 2019 г. выйшла кніга «Па слядах багоў: нарысы беларускай міфалогіі». Даследаванне «звяздарскай навукі» — другая яго праца, створаная на аснове кандыдацкай дысертацыі 2016 года.
Скварчэўскі, Дз. В. Навука звяздарская: астраномія ў Вялікім Княстве Літоўскім у XIV — XVII стст. — Мінск. БудМедыяПраект, 2022. — 200 с.
В. С., budzma.org