Трэцяя канферэнцыя TEDx прайшла ў Магілёве 27 мая. Гэтым разам са сваімі думкамі і ідэямі выступілі 8 спікераў і адзін музычны калектыў нявызначанага жанру. Было вельмі цікава і месцамі нават смачна — увогуле, як звычайна, крута.
Канферэнцыю адкрыла Ганна Цітовіч — удзельніца аднаго з мінулых «Тэдэксаў», аўтар і стваральнік «Дзённічка будучай мамы Магілёва».
— Я ўпэўненая, што думкі і ідэі, якія вы сёння пачуеце, вы можаце ўспрыняць як «дык я ж таксама пра гэта думаў!». Можа быць, прыйшоў час не толькі думаць пра гэта? — спыталася яна са сцэны — і як у ваду глядзела. Многія думкі проста лунаюць у паветры, трэба было толькi, каб іх нехта агучыў.
Першай выступіла спецыялістка па адкідах і хімічнай бяспецы Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля Блышчык. Дзяўчына расказала, як спажывецкая свядомасць можа дапамагчы вырашыць некаторыя экалагічныя праблемы.
— Кожны месяц у Беларусі вырабляюць 700 тон новых пакетаў. У перапрацоўку трапляе толькі малая частка з іх: большасць застаюцца на сметніках і ў нашых кватэрах, — прывяла яна дадзеныя, каб праілюстраваць свае думкі. — Пластыкавы посуд — сапраўдная экалагічная катастрофа, але праблема ў тым, што і папяровы не ратуе сітуацыю: адна кавярня — гэта фактычна мінус адно дрэва ў год. А амаль усе беларускія вадаёмы забруджаныя валокнамі пластыку…
Каб выратаваць планету, спікер прапанавала ўсвядомленасць.
— Адмоўцеся ад усяго аднаразовага, калі ёсць шматразовая альтэрнатыва, — параіла Наталля. — Напрыклад, выкарыстоўвайце тканкавую сумку замест пластыкавага пакета, калі ідзяце ў краму. Нашы пакупкі — гэта тое нямногае, што мы можам кантраляваць. Навучыцеся гаварыць «дзякуй, не трэба» і паглядзіце ў сваё смеццевае вядро — гэта мы i ёсць.
Падчас канферэнцыі гучалі розныя тэмы: спікеры разважалі пра смерць і трохi пра тое, як яе перамагчы, пра тое, што сучасная школа ўжо даўно не рыхтуе дзяцей да жыцця, не дае ім ведаў і ўменняў, якія спатрэбяцца ў будучыні, распавядалі, як правільна паводзіць сябе з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі (і што зусім не страшна называць іх інвалідамі), як справіцца з таксічнымі бацькамі (з’ехаць ад іх!), на што здольныя сацсеткi. Журналістка Яўгенiя Доўгая распавяла, як дапамог людзям флэшмоб #янебоюсьсказать, і прапанавала запусціць у соцсетях новы праект #неруби, скіраваны супраць вырубкі крон дрэваў. Гэтая ідэя выклікала жывы водгук у гледачоў, яны ахвотна пагадзіліся падтрымаць ініцыятыву.
Сапраўдным жа хітом канферэнцыі стала выступленне Сяргея Макарава. Сяргей — заснавальнік першай у Беларусі фермы цвыркуноў. Прадпрымальнік распавёў пра энтамафагiю, пра тое, як могуць змяніцца харчовыя звычкі беларусаў у хуткай будучыні і чаму цвыркуны — гэта смачна i карысна.
— Ужо сёння ў Азіі можна купіць і паспрабаваць больш за 1000 відаў насякомых, галоўнае пераступіць праз сябе першы раз, — падзяліўся з гледачамі спікер і прапанаваў прадэгуставаць сваю прадукцыю. Цвыркуны аказаліся сапраўды смачнымі, храбусткімі і учэплівымi, як семкі, але пра свае новыя гастранамічныя прыгоды, здаецца, ніхто не пашкадаваў.
TED — абрэвіятура ангельскіх слоў Technology Entertainment Design (тэхналогіі, забавы, дызайн). Гэта ініцыятыва прыватнага некамерцыйнага фонду ў ЗША, які вядомы штогадовымі канферэнцыямі на розныя тэмы: культура, бізнес, навука, палітыка, глабальныя праблемы і пр. TEDx — праект TED, які дазваляе арганізаваць незалежныя канферэнцыі ў стылі TED у розных краінах. Мэта інтэлектуальных канферэнцый — распаўсюджваць унікальныя ідэі.
Першы TEDxMahilyow прайшоў 18 верасня 2016 года ў Магілёўскім абласным тэатры лялек. З тых часоў канферэнцыя толькі набірае папулярнасць, прыцягваючы ўсё больш цікавых праектаў і апантаных удзельнікаў.
Іра Тонева
Фота – Марыя Гілёва