За дзесяць кіламетраў ад Паставаў месціцца ўрочышча Крыжоўкі, па якім нядаўна сіламі вучняў Пастаўскай гімназіі быў пракладзены аднайменны турыстычна-экскурсійны маршрут.
Кампанія “Будзьма беларусамі!” паразмаўляла з Ігарам Пракаповічам, кіраўніком гуртка Terra Incognita пры Пастаўскай гімназіі пра асаблівасці маршрута, цяжкасці падчас яго стварэння і перспектывы турызму на Пастаўшчыне.
“У дзяцінстве я шмат вандраваў па родных мясцінах з бацькам, братам і сябрамі, — расказвае спадар Ігар. — У часы студэнцтва працаваў у экспедыцыях, якія ладзіліся лабараторыяй азёразнаўства БДУ і інстытутам геахіміі і геафізікі Акадэміі навук. А калі вярнуўся на радзіму і далучыўся да настаўніцкай дзейнасці, пачаў хадзіць з вучнямі ў вандроўкі, збіраць краязнаўчыя матэрыялы. Гэта захапіла, бо кожнае падарожжа прыносіла нейкія новыя знаходкі, звесткі, уражанні. Пачала раскрываць свае таямніцы наша мясцовая беларуская Атлантыда”.
Сам спадар Пракаповіч — сябра Вучонага савета Беларускага геаграфічнага таварыства, рэспубліканскай рады Беларускага фонду культуры, сябра Саюза пісьменнікаў, аўтар каля 50 краязнаўчых, празаічных і паэтычных кніг, уганараваны шматлікімі прэміямі і нават лаўрэат звання “Чалавек года Віцебшчыны — 2009”.
Апроч таго, працуючы настаўнікам, спадар Ігар змог згуртаваць вакол сябе некалькі пакаленняў неабыякавых вучняў.
“З 1986 па 2006 год, пакуль працаваў настаўнікам у СШ №1, кіраваў навуковым краязнаўчым таварыствам “Ювента”, з удзельнікамі якога здзейсніў звыш сотні вандровак па родным краі, — кажа спадар Пракаповіч. — Пасля адкрыцця ў Паставах гімназіі мяне запрасілі туды працаваць, там я стварыў краязнаўчы гурток Terra Incognita. Асноўныя напрамкі нашай дзейнасці — правядзенне экспедыцый, збор і апрацоўка краязнаўчых матэрыялаў, падрыхтоўка навукова-даследчых работ. Удзельнікі гуртка любяць вандраваць, займацца пошукамі, асабліва калі нейкі аб’ект або з’ява нікім яшчэ не вывучаліся. З вучнямі, якія распрацоўваюць пэўныя краязнаўчыя тэмы, даводзіцца шмат працаваць індывідуальна”.
Комплекс “Крыжоўкі” вучні даследавалі цягам шасці гадоў — формы рэльефу мясцовасці, гідралагічныя і біялагічныя асаблівасці азёр. Уся праца, якая ўключала ў сябе чатыры экспедыцыі, патрабавала апрацоўкі, абагульнення і фармулёўкі пэўных высноў.
“Стала зразумела, што размешчаны у Крыжоўках прыродны комплекс патрабуе аховы і арганізацыі рацыянальнага прыродакарыстання, асабліва для адпачынку і турызму, — кажа спадар Ігар. — У 2018 годзе мы правялі сем экспедыцый па тэрыторыі гэтага комплексу, прычым дзве з іх — разам з супрацоўнікамі Нацыянальнага парка “Нарачанскі”, якія аказалі навуковую і метадычную дапамогу пры распрацоўцы праекта. У жніўні таго ж года турыстычна-экскурсійны маршрут па комплексе “Крыжоўкі” быў уладкаваны: пракладзеныя дзве сцежкі (вялікае і малое кола), прымацаваныя інфармацыйныя табліцы, павешаныя ўказальнікі, падрыхтаваныя даведнік і буклет, распрацаваная схема і інфармацыйны банер”.
Падчас стварэння маршрута даследчыкі сутыкнуліся з шэрагам праблем.
“Па-першае, былі праблемы з распрацоўкай асноўнай ніткі маршрута, бо хацелася “звязаць” усе адметныя аб’екты на тэрыторыі комплексу, што ўрэшце, здаецца, удалося зрабіць, — дзеліцца спадар Ігар. — Па-другое, былі пэўныя цяжкасці са зборам матэрыялаў пра некаторыя цікавосткі на маршруце, асабліва пра гістарычныя, бо звестак было дужа мала. Але пошукі прынеслі плён. Па-трэцяе, самай складанай праблемай была тэхнічная — уладкаванне маршрута на мясцовасці. Каб не дапамога кампаніі “Будзьма беларусамі!” і супрацоўнікаў Нацыянальнага парка “Нарачанскі”, якія зацікавіліся гэтым праектам, нам не ўдалося б зрабіць тое, што мы цяпер маем — турыстычна-экскурсійны маршрут, гатовы прыняць і групы турыстаў, і вандроўнікаў-індывідуалаў. Дарэчы, інтэрактыўная карта маршрута выкладзеная на сайтах Пастаўскай гімназіі і Нацыянальнага парка “Нарачанскі”.
Маршрут атрымаўся надзвычай насычаным: на невялікай плошчы (даўжыня ніткі — каля 6,5 км) налічваецца болей за трыццаць рэдкіх і ўнікальных прыродных і гістарычных аб’ектаў, прычым некаторыя з іх самі па сабе ўяўляюць значныя прасторавыя комплексы.
Напрыклад, “Германскі ўмацавальны раён часоў Першай сусветнай вайны” — гэта паласа траншэй і акопаў даўжынёй амаль паўкіламетра, на якой месціцца болей за 15 жалезабетонных бліндажоў.
З іншых цікавостак можна назваць Руска-германскі могільнік часоў Першай сусветнай, “Дрэва жаданняў”, тры бабровыя імперыі, гідратэхнічную сістэму з рэшткамі млына, Сарочынскія азёры, Шлях Баторыя-Напалеона (Альгердаў шлях) і шмат іншых.
Пазнаёміцца з усімі імі падрабязней можна і віртуальна: на сайтах, якія ўжо згадваліся, можна знайсці вычарпальную інфармацыю пра ўвесь маршрут.
“І комплекс, і маршрут могуць задаволіць густы любых падарожнікаў, якія цікавяцца адметнымі мясцінамі нашай краіны, бо тут прыродныя і гістарычныя аб’екты спалучаюцца з духоўнай спадчынай — мясцінамі, якія звязаныя з жыццём і дзейнасцю вядомых людзей, з легендамі і паданнямі, — кажа спадар Ігар. — Мы чакаем, што з пачаткам цёплага сезона Крыжоўкі пачнуць наведваць групы турыстаў з курортнай зоны вакол возера Нарач, з аграсядзібаў Пастаўскага і Мядзельскага раёнаў, настаўнікі, школьнікі. Так, ёсць папярэдняя дамоўленасць з шэрагам школ. Таксама маршрут можа быць цікавы і замежнікам, асабліва палякам і немцам, бо тут ёсць і іх спадчына”.
Цяпер сябры гуртка Terra Incognita распрацоўваюць адразу некалькі новых тэмаў.
“Першая датычыцца арганнай культуры Пастаўшчыны: вывучэнне гісторыі арганаў на тэрыторыі раёна, збор звестак пра арганістаў, пра музычныя творы, якія выконваюцца, пра арганныя фестывалі, — кажа спадар Ігар. — У раёне ёсць чатыры касцёлы, дзе дзейнічаюць арганы. Плануецца наладзіць экспедыцыі ў вёскі Лучай, Камаі, Лынтупы, каб сустрэцца з арганістамі і ксяндзамі, апрацаваць матэрыялы, падрыхтаваць і выдаць даведнік пра арганную культуру нашага краю, распрацаваць турыстычна-экскурсійны маршрут “Шлях да караля музычных інструментаў”.
Другая тэма датычыцца матэрыяльнай і духоўнай спадчыны роду князёў Друцкіх-Любецкіх на Пастаўшчыне. Пра іх пакуль мала што вядома, даследаваннямі іх дзейнасці амаль ніхто не займаўся. А гэта былі мецэнаты і фундатары, якія даволі многа зрабілі для нашага краю. Напрыклад, удалося выявіць, што на сродкі князя Уладзіміра Друцкага-Любецкага была пабудаваная нанова царква ў Манькавічах, праведзеная карэнная рэстаўрацыя храма і ўзведзеная капліца на могілках у Асінагарадку, адбудаваная царква ў Ажунах, узведзеная капліца ў Казлоўшчыне, уладкаваныя сядзібна-паркавыя ансамблі ў Казлоўшчыне і Манькавічах.
Князь выдаткаваў грошы на будаўніцтва чыгункі Новасвянцяны-Беразвечча. Да ўсяго ён цікавіўся даўніной, вёў уласныя пошукі.
Таму, працуючы над такім багатым матэрыялам, мы разам з вучнямі рыхтуемся да новых адкрыццяў і знаходак”.
Гутарыў Юрась Ускоў