Пісьменнік Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра кнігу Касі Сырамалот «The Belarus Book».
Чарговы раз дзіўлюся таму, як дакладна здолеў сфармуляваць маё адчуванне ад будучыні Лявон Артуравіч Вольскі ў свежым трэку «Палон»:
Што застанецца, калі попел пакрые ўсё?
Што застанецца, калі вецер развее ўсё?
Што застанецца, калі скончыцца ўсё?
Толькі любоў.
Дадам да гэтага: яшчэ застанецца прыгажосць.
І хараство.
Тое, што атачае нас цяпер, і тое, што мы страцілі магчымасць бачыць.
Беларусь жа не стала меншай красуняй пасля 2020-га.
Адно што цяпер вельмі складана глядзець на месяц па-над таполямі і мілавацца спеву салаўя ў галінах.
Аднак менавіта гэта — назаўсёды.
І менавіта гэта трэба фіксаваць, зберагаць, змяшчаць у музей сваёй душы.
Гэтым трэба лекавацца.
Менавіта гэтым.
Дзе браць такія лекі?
Трымайце аповед пра кнігу, што можа дапамагчы.
Фатографка Кася Сырамалот не вымагае асаблівых прадстаўленняў — тыя, хто крыху сочыць за станам беларускай фатаграфіі, яе цудоўна ведаюць.
Дык вось.
Кася вырашыла выдаць альбом.
Не, нават не так.
Размову пра гэтую кнігу варта пачынаць па-іншаму. У пэўны момант Кася і людзі, якія яе атачалі — напрыклад, аўтар адной з дзвюх прадмоваў, рэдактар сайта 34mag.net Антон Кашлікаў, — зразумелі, што ў свеце няма такой кнігі, якая б з дапамогай ілюстрацый тлумачыла свету і нам самім, што такое нашая краіна.
Альбом «The Belarus Book». Фота – 34mag.net
У крамах можна знайсці шыкоўна выдадзеныя фотаальбомы з замкамі і архітэктурай, але паспрабуйце пагартаць тыя альбомы, і ў вас застанецца адчуванне мёртвай, музейнай, красы. Быццам помнікі завялі ў студыю, нарумянілі іх, падвялі ім вусны і вочкі і — пстрык!
Вось вам карціначка!
Беларусь з савецкай паштоўкі.
Дык і што? Хіба Беларусь — краіна толькі замкаў? Ці толькі прыроды? Ёсць яшчэ нешта, няўлоўнае, што падсвядома даступнае любому тубыльцу, але вельмі складана вымаўляецца ў словах.
Менавіта гэтае адчуванне Беларусі і вырашыла схапіць і зафіксаваць Кася Сырамалот. Беларусь тых, хто калі і зачапіў СССР, дык толькі па ўскрайку.
Новая Беларусь.
Пазбаўленая ідэалогіі і румянаў.
Але прыгожая.
Для рэалізацыі задумы Кася адкінула ўсякія кампрамісы, што дазвалялі зрабіць кнігу таннейшай, больш даступнай для пакупнікоў.
Кася звязалася з кніжным дызайнерам Аляксеям Мурашкам, самым тонкім і дзёрзкім у гэтай рэдкай сферы. Мурашка — гэтакі Родчанка кнігаробства. Авангардысцкія эксперыменты, якія тым не менш укладаюцца ў фармат, карыстаюцца попытам.
Аляксей сам з Беларусі, але жыве ў Рызе, паспеў стаць значнай фігурай сярод калекцыянераў аўтарскіх папяровых выданняў.
Я не ведаю, ці гэта Аляксей параіў Касі зрабіць вокладку з тканіны і пусціць па ёй папяровую стужку з ціхамірным фотаздымкам: людзі глядзяць на ваду, а поруч — сосны і аер. Кася пільна папрацавала, робячы з выдання не проста мастацкае выказванне, але артэфакт дызайну. Што срэбны шрыфт на тканым блакіце, што папера — таўшчэзная, глянцавая, але без штучнага выбельвання — на такой паперы Taschen друкуе свае мастацкія альбомы, — што склейка, зробленая так, каб яе не страшна «пераломваць», — у кожную дэталь тут укладзены вялікі клопат.
Пакладзіце на Касіны фотаздымкі, і вы атрымаеце тое, што цалкам адпавядае амбіцыйнай назве — «The Belarus Book».
Ні многа, ні мала.
Пры гэтым, заўважым, усе тэксты ў выданні зробленыя па-беларуску і па-англійску, так што, запрасіўшы ў госці замежных сяброў, можна замест доўгіх аповедаў пра нашую краіну проста прапанаваць ім пагартаць «The Belarus Book».
І так, гэта не рэцэнзія, бо дзіўна было б пісаць рэцэнзію на выданне, для якога ўласнаручна зрабіў уступ. Што там, на старонках, якая Беларусь адбіваецца ў гэтым люстэрку — даведаюцца цікаўныя, а астатнім абагульненні крытыкаў і непатрэбныя.
Але варта канстатаваць, што на фоне культурнай і літаратурнай пустэчы, якой у Беларусі была першая палова 2021 года, узнік феномен, цікавы менавіта класічным, старасвецкім абаяннем кнігі. «The Belarus Book» — матэрыяльны аб’ект, які прыемна трымаць у руках, адчуваючы ягоную вагу, з якім прыемна абменьвацца дотыкамі.
Гэты артэфакт утрымлівае ў сабе цэлы сусвет, у якім можна патануць, аднойчы адкрыўшы. То я бяру кнігу ў рукі і прашу толькі пра адно: каб гэтая Беларусь ніколі не скончылася.
Віктар Марціновіч, budzma.by