«Сваякі», графічны раман па аднайменным творы Васіля Быкава, выпускаўся адмыслова да Дня нараджэння пісьменніка. Але й без гэтай нагоды варта было чакаць падобнае выданне: Васіль Быкаў надзвычай графічны (прынамсі, як на мяне). Піша Наста Грышчук.
Калі ўявіць раскадроўку хоць якога твора Быкава, прыкладам, “Знака бяды”, ці “Жоўтага пясочка”, які б ні згадаўся, — вы ўбачыце цэнтральны прадмет, зазвычай сімвалічны, убачыце выразныя, быццам бы грубыя, але тым і дакладныя, рысы – твару, пейзажа, нацюрморта. Напрошваецца здагадка, што на манеру пісьма паўплываў той факт, што Быкаў меў мастацкую, хоць і незавершаную, адукацыю, а што найважней – талент графіка. Мяркуецца, што й сам ён найперш бачыў сцэну, а пасля ўжо апісваў яе. Адсюль дакладнасць, якая так уражвае, робіць тэксты Быкава сугестыўнымі, а ў спалучэнні з тэмай – гнятлівымі (не ў сэнсе заганы, вядома).
Ілюстрацыі да “Сваякоў” зрабіў Ян Жвірбля. Зрэшты, гэта кепская фармулёўка. Лепей сказаць (дый справядлівей) – намаляваў пісьмо. Перавёў твор з аднае мастацкай мовы ў іншую. Была вялікая рызыка, што атрымаецца альбо набор ілюстрацый да тэксту, а не цэласны твор, альбо нешта зусім старонняе, па матывах. Ян Жвірбля да гэтага быў вядомы, калі вы цікавіцеся графікай ці кніжнай ілюстрацыяй, работамі ў пэўным сэнсе жорсткімі. Напрыклад, у дзіцячых кнігах вы маглі бачыць персанажаў гратэскных, і калі яны мелі характар негатыўны, дык выклікалі непрыязнасць з першага погляду. У пэўным сэнсе гэтыя дзіцячыя ілюстрацыі насілі недзіцячы характар. Яны неслі ў сабе больш, чым звычайнае графічнае адлюстраванне персанажа. Мне як аднаму з чытачоў бачыцца выбар мастака надзвычай удалым. Хоць паглядзець іншыя мастацкія рашэнні датычна тых жа “Сваякоў” было б надзвычай цікава.
Галоўная заслуга Жвірблі перад тэкстам-арыгіналам – здольнасць адчуць суразмернасць чалавека і лёсу, драмы людзей і вялікай неабсяжнасці, безуважнасці прыроды. Безвыходныя сітуацыі, у якіх апынаюцца героі Быкава, таму й уражваюць так моцна, што на фоне заўжды бачныя поле, лясы, шырокае-шырокае неба… І ўсё гэта будзе існаваць без персанажа, усё застанецца на сваім месцы нават тады, калі чалавецтва зусім не стане. Як тут не згадаць, што Быкава называюць экзістэнцыялістам.
Першая ж старонка – нямая: на ёй ні слова, ні чалавека, толькі прызнак прысутнасці – дом (зноў жа, сімвалізм, калі хочаце). Аблокі плывуць, куды ім трэба. Дрэва расце. Зямля цямнее і чакае новай пары. Тут чалавеку няма месца. Адчуванне прасторы пераходзіць у трывожны стан пустаты. Псіхалагічны настрой падкрэсліваецца колерам: белым, чорным, зялёным. Прычым зялёны можна лічыць як балотным (колер ненажэрнай твані й безвыходнасці), так і вайсковым, пад колер заношанага шыняля. Вайна запоўніла ўсю прастору існавання чалавека.
Вайна (то бок, той самы брудна-зялёны) выступае фонам дыялогаў і пачуццяў герояў – сыноў і маці. Пераходзячы ад фону да героя, выключна важна сказаць колькі слоў пра эмоцыю. Як доўга працаваў мастак над героямі, мне невядома, але вынік заслугоўвае высокай ацэнкі. Асабліва – вочы. Нават прыбраўшы словы (дакладныя цытаты з Быкава, дарэчы), вы без цяжкасцяў зразумееце, што між героямі адбываецца і што адбываецца ў самім героі.
Вочы і рукі, колеравы мінімалізм.
Пры гэтым разумееш: размеркаванне “колеравых плямаў” на старонках рамана найперш залежала ад законаў гармоніі, кампазіцыі (ці як гэта ў мастакоў называецца?..). Але й пры тым дыялогі на дзіва дакладна супадаюць з фонам фрагмента. Так, гнеў паліцая не толькі ў яго вачох, але ў цемры за плячыма. Спадзяванне і наіўнасць прыглушаюць зялёны бляск у вачах маці, акаляюць яе святлом, якое насамрэч – усяго толькі чысты ліст. Знакавыя рухі, крокі адзначаюцца буйным планам. А пераломны момант – чырвоным, колерам смерці. Прычым чырвань гэтая мае градацыі: густыя крывавыя наплывы, пырскі, два штрыхі, якія на кантрасце з асноўным шэра-зялёным выглядаюць да болю ярка, чытай – жудасна, як і мусіць быць.
А ведаеце, які апошні “кадр” рамана?..
Спакойная, ціхая вёска.
А можа – пустая і мёртвая.
Мяркую, якраз гэта – красамоўная мова мастацтва, яе вербальныя здольнасці, калі можна так сказаць, — і робяць твор Яна Жвірблі менавіта графічным раманам, а не коміксам паводле тэксту Быкава. Работы ягоныя можна было б папікнуць змрочнасцю, але кароткі часавы прамежак вымагаў экспрэсіі, нагнятання сітуацыі адпачатку, і мне тут усё падаецца дарэчным.
Дый што, як не суперажыванне, робіць літаратурны твор жывым? Школьнікаў цікавіць не пабудова грэблі, але трохкутнік Ганна-Васіль-Яўхім. Новае, экспрэсіўнае аблічча “Сваякоў” як бы канцэнтруе ў сабе ўсе пачуцці, змешчаныя ў тэкставым арыгінале. А Быкаў не тое каб дужа эмацыйны. Таму найбольшы патэнцыял графічнага рамана бачыцца мне ў школах. Замест падручніка па нудным белліце варта напачатку паказаць “Сваякоў” Жвірблі.
І вядома, гэтае нешараговае выданне папоўніць зборы бібліяфілаў.
Наста Грышчук, для lit-bel.org