З нагоды юбілеяў славутых кампазітараў Фларыяна Міладоўскага і Станіслава Манюшкі трыё “Вытокі” выступіць з канцэртамі ў Смілавічах і Убелі ў межах праграмы “Тут узрастала муза твая”.
Трыё выступіць у наступным складзе: Ірына Аўдзеева (фартэпіяна), Сяргей Махаў (флейта), Аляксей Фралоў (фагот). Правядзе гэтыя канцэрты-лекцыі кіраўнік трыё, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў. Праграма будзе складзеная з твораў саміх юбіляраў, а таксама іх сучаснікаў і сяброў – В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Ельскага, Н.Орды і інш.
Таксама ў найбліжэйшы час плануюцца канцэрты ў Чэрвені і раённых цэнтрах, суседніх з Чэрвенскім.
Канцэртны тур стаў магчымы дзякуючы падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Імя Станіслава Манюшкі з’яўляецца адным з найвялікшых у гісторыі і культуры Беларусі і Польшчы, яно адначасова рэпрэзентуе гэтыя дзве культуры і аб’ядноўвае іх.
Станіслаў Манюшка нарадзіўся і вырас на Міншчыне, правёў свае маладыя гады ў Мінску. Тут адбываюцца яго першыя тэтральна-музычныя пастаноўкі, у салонах мінскай інтэлігенцыі XIX ст. часта гучыць яго музыка, напоўненая матывамі беларускага фальклору. Пазней Манюшка працуе ў Вільні – колішняй сталіцы нашай дзяржавы – арганістам касцёла св. Яна. Потым пераязджае ў Варшаву, дзе робіцца сапраўдным класікам польскай оперы.
Вядомы музычны дзеяч і літаратар Аляксандр Валіцкі, згадваючы пра высокі аўтарытэт і вялікую ролю сёлетніх юбіляраў, пісаў: «Міладоўскі і Манюшка да апошняга часу былі ў Літве дзвюма пальмамі ў выпаленай пустэльні, пад ценем якіх музыка магла знайсці сабе прытулак».
У гэтым сэнсе роля папулярызацыі ў беларускім грамадзтве гэтых выдатных асобаў і іх мастацкіх дасягненняў уяўляецца надзвычай істотнай. Не менш важным з’яўляецца захаванне спадчыны роду Манюшкаў на тэрыторыі Беларусі. А сітуацыя ў гэтай справе крытычная! Асаблівую трывогу выклікае стан сядзібы Манюшкаў у Смілавічах, якая, калі не прыняць тэрміновах захадаў па кансервацыі і рэстаўрацыі, можа хутка загінуць. А між іншым, менавіта яна, яе муры і вобразы, яе дух і легенды, яе куранты сталі натхняльнымі для стварэння кампазітарам найвялікшай оперы “Страшны двор”.
Фларыян Міладоўскі здабыў еўрапейскую вядомасць у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Ужо ў пачатку 1830-х гадоў мінскага вундэркінда чулі і ў Слуцку, і ў Вільні, і, зразумела, у родным горадзе. Станіслаў Манюшка, які атрымаў адукацыю еўрапейскага ўзроўню ў Берліне, параіў і свайму сябру Фларыяну працягнуць заняткі музыкай у Германіі. Там Ф. Міладоўскі ўвайшоў у колы слаўных еўрапейскіх рамантыкаў. Сярод сяброў мінскага музыканта — Фелікс Мендэльсон, Фрыдэрык Шапэн, Ферэнц Ліст. Апошні змясціў у зборніку “Das Pianoforte” “Экспромт” Фларыяна Міладоўскага. На радзіме ён выкладаў ігру на фартэпіяна, кіраваў сімфанічным аркестрам графа Б. Тышкевіча. Творы яго, побач з Манюшкавымі, выконваліся і друкаваліся, рабіліся вельмі папулярнымі. Шматлікія кампазіцыі Міладоўскага сведчаць пра разнастайнасць яго інтарэсаў: «Missa E-dur» (1854, першае выкананне ў Вільні), аперэта «Канкурэнты» на лібрэта Сыракомлі і Лапіцкага (1861, першае выкананне ў Мінску). Спадчына Міладоўскага налічвае звыш 50-ці аркестравых і камерных (вакальных і інструментальных) твораў. Апошнія 30 гадоў свайго жыцця Міладоўскі займаў пасаду прафесара класу фартэпіяна Вышэйшай музычнай школы г. Сэн-Клеман (Францыя). Памёр кампазітар 8 ліпеня 1889 года. Вытанчаны меладызм, пачуццё гумару, лірызм, цудоўнае веданне фартэпіяна і мастацтва спеваў – усё гэта ўласціва рамансам таленавітага кампазітара, музыканта-патрыёта, чыя творчасць спрыяла развіццю нацыянальнай культуры і пашырэнню ведаў пра Беларусь далёка за яе межамі сярод аматараў і прафесіяналаў-музыкаў.
Выступ трыё “Вытокі” адбудзецца 3 чэрвеня ў Аграрным ліцэі Смілавічаў (пачатак у 15.30) і ў санаторыі “Волма” фальварку Убель (пачатак а 17-й).