“Цэнтр Еўропы” вачамі Уладзіміра Някляева

23.04.2009 Культура

centr_europy_nikliaeu

Саюз беларускіх пісьменнікаў распачаў новую літаратурна-выдавецкую серыю “Кнігарня пісьменніка”. Днямі з друку выйшла першая кніга – зборнік прозы Уладзіміра Някляева “Цэнтр Еўропы”. Гэта аповесці і апавяданні, напісаныя ў замежжы і па вяртаньні з эміграцыі, многія з якіх у розныя гады друкаваліся ў часопісах ды газетнай перыёдыцы.

У прадмове да новай кнігі Ул. Някляева пісьменнік Андрэй Федарэнка робіць слушную выснову, што“нельга напісаць сапраўдную мастацкую рэч пра, напрыклад, мільярдэра, калі ты грызеш кончык таннай асадкі і бачыў таго багатыра ў лепшым выпадку па тэлевізары; нельга стварыць праўдападобную ілюзію падарожжа ў далёкія заморскія краіны, калі ўсе твае вандроўкі – да бліжэйшага газетнага шапіка. Дык вось у гэтым плане і выйгрыш, і плюс, і элементарная павага, і давер да аўтара “Цэнтра Еўропы””. Гэта насамрэч так: Уладзімір Някляеў нязмушана стварае атмасферу поўнага даверу паміж чытачом і героямі сваіх празаічных твораў.

Аўтар змясціў у кнізу аповесці “Вяртанне Веры”, “Прага”, “Вежа”, “Мірон ды Мірон”, “Няхай жыве 1Мая!”, а таксама больш за дзесяць апавяданняў.

Зборнік прозы Уладзіміра Някляева “Цэнтр Еўропы“ выйшаў накладам 700 асобнікаў у выдавецтве “Мэдысонт” і днямі паступіць у продаж.

У бліжэйшы час літаратурна-выдавецкая серыя “Кнігарня пісьменніка” папоўніцца зборнікам сучаснай жаночай прозы, якую прадстаўляюць адразу дваццаць аўтарак, ды кнігаю прозы Віктара Казько.