Куток старадаўняга парку з сажалкай слыннага роду Рдултоўскіх (в. Верхняе Чэрніхава Баранавіцкага раёна). Парк, унікальны сваёй біяразнастайнасцю, сёння закінуты, хаця і мае статус помніка прыроды мясцовага значэння. Тут сустракаюцца рэдкія віды флоры і фауны, некаторыя з іх адзначаныя ў Беларусі ўпершыню. Корпус савецкага тэлевізара “Рекорд” сёння скарыстоўваецца мясцовымі рыбакамі заміж крэселка. На здымку – выгляд на маляўнічы куток нашай шляхетнай гісторыі праз таксама мёртвы “экран” эпохі, якая яго загубіла. Нічога не вечна.
Сядзіба Навіцкіх у Савейках (Ляхавіцкі раён). Калісьці тут нараджаліся нават будучыя выпускнікі Сарбоны. За савецкім часам – тут месціўся Дом адпачынку саюзнага значэння, дзе адпачывала маскоўская эліта. На здымку побач суіснуюць сімвалы еўрапейскага і савецкага мінулага Беларусі – сімпатычны мураваны дамок і скульптура-штампоўка эпохі пралетарыяў. Парадоксы жыцця.
Мірскі замак. Здаецца, падобную карціну лёгка можна было пабачыць і стагоддзе таму. Хіба нічога не змяняецца? І ўсё ж што больш сапраўднае – гэтая гуска, што шчыпае траву, ці адноўлены замак-цацка?