У Міністэрстве адукацыі пракаментавалі навіну пра закрыццё двух мінскіх ліцэяў. Раней у СМІ з’явілася інфармацыя пра тое, што сталічныя ліцэі № 1 і № 2 спыняюць наборы навучэнцаў, піша «Еўрарадыё».
У двух мінскіх ліцэях папярэдзілі, што новых набораў навучэнцаў не будзе / yandex.by
У намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая спыталі, у чым прычына такой пільнай увагі да ліцэяў. Ён сказаў, што са з’яўленнем профільнай адукацыі ў школах стала незразумела, чым «ліцэі адрозніваюцца ад старэйшай ступені школы».
«Быў праведзены аналіз іх дзейнасці. Мы даведаліся, што ў некаторыя ўстановы залічвалі навучэнцаў, якія атрымалі зусім нізкія балы на ўступных экзаменах. Ёсць ліцэі, куды могуць трапіць толькі гарадскія дзеці, таму што там няма свайго інтэрната», — растлумачыў пазіцыю ведамства Кадлубай. Таму, па словах чыноўніка, мясцовым уладам прапанавалі «ўпарадкаваць працу ліцэяў».
Адна з галоўных умоваў — даць магчымасць вучыцца ў ліцэях дзецям з рэгіёнаў. Акрамя таго, для ўсіх ліцэяў устанавілі адзіныя правілы.
Пры гэтым Кадлубай падкрэсліў, што «пра ліквідацыю агульнаадукацыйных ліцэяў гаворкі не ідзе, яны захаваліся і ў Кодэксе аб адукацыі». У наступным годзе, па яго словах, да прыкладу, свой ліцэй з’явіцца ў Віцебску, яго плануе адкрыць Віцебскі ўніверсітэт імя П. Машэрава.
Аляксандр Кадлубай / zviazda.by
Гэты адказ ужо пракаментаваў рэпетытар Яўген Лівянт, які адным з першых паведаміў пра планаванае закрыццё мінскіх ліцэяў. На ягоную думку, аргументы чыноўнікаў з Мінадукацыі не вытрымліваюць крытыкі.
Лівянт нагадаў, што ў Мінску «ёсць выдатны Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй (МДАЛ)». Ліцэй знаходзіцца ў мікрараёне Курасоўшчына і ў яго ёсць свой інтэрнат, але і тут вучыцца шмат мінчукоў — у тым ліку таму што нямногія бацькі наважваюцца адправіць дзіця жыць і вучыцца ў іншы горад.
«Таму ніякіх новых інтэрнатаў у Мінску для школьнікаў будаваць не трэба, месцаў хапае. І чыноўнікі Міністэрства адукацыі пра гэта ведаюць», — падкрэсліў Лівянт.
Ён таксама нагадаў, што пасля закрыцця ліцэяў № 1 і № 2 у Мінску застануцца толькі тры агульнаадукацыйныя ліцэі. Астатнія 9 — гэта былыя ПТВ і тэхнікумы. «Агульнага ў гэтых навучальных установаў толькі слова «ліцэй» у назве», — адзначыў Лівянт.