
Урачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай 755-годдзю каранацыі наваградскага князя Міндоўга, адбылося 26 лістапада ў будынку Музею гісторыі беларускай літаратуры ў межах грамадскай кампаніі “Будзьма!”. Арганізатарам выставы выступіла творчая суполка “Пагоня”.
На экспазіцыі прадстаўленыя творы жывапісу і графікі, прысвечаныя асобе наваградскага князя, сярод якіх скульптура “Кароль Міндоўг”Алеся Шатэрніка, графічныя лісты Арлена Кашкурэвіча, лялька караля аўтарства Людмілы Краснеўскай-Кашкурэвіч, творы жывапісу “Карона Міндоўга”, “А кветкі…каралю Міндоўгу”, “Зачараваная карона” Аляксея Марачкіна.
На адкрыцці выставы прысутнічалі вядомыя беларускія мастакі і графікі Мікола Купава, Аляксей Марачкін, Фёдар Ладуцька, якія правялі экскурсію па музеі і распавялі пра творы, прадстаўленыя ў экспазіцыі. Музычную частку святочнай імпрэзы выканаў музыка Зміцер Сідаровіч. На імпрэзе прысутнічаў і амбасадар Украіны ў Беларусі Сяргей Мельнік.
Выстава працуе да 15 снежня.
Міндоўг быў каранаваны 6 ліпеня 1253 года ў Наваградку і стаў першым каралём Вялікага Княства Літоўскага. 6 ліпеня з’яўляецца нацыянальным святам Літвы і ўрачыста святкуецца як дзень нараджэння Літоўскай дзяржаўнасці. Афіцыйная Беларусь пакуль што абмяжоўваецца сціплымі спробамі ўзвесці помніку славутаму гістарычнаму дзеячу.
Тэгі: Мінск




