Выстава “Балтыйскі шлях, які змяніў свет”, прысвечаная 20-й гадавіне унікальнай мірнай дэманстрацыі народаў Літвы, Латвіі і Эстоніі ў імкненні да свабоды, адкрылася ў Гістарычным музеі 18 лютага.
Дваццаць гадоў таму больш за мільён чалавек з Літвы, Латвіі й Эстоніі ўтварылі жывы ланцуг даўжынёй каля 600 кіламетраў. Акцыя адбылася 23 жніўня 1989 году ў сувязі з 50-годдзем падпісання нямецка-савецкага Пакту аб ненападзе. Тры нацыі ўзяліся за рукі і запатрабавалі прызнаць існаванне сакрэтных пунктаў у пакце Рыбентропа–Молатава. Акцыя сталася красамоўным знакам імкнення да выхаду краін Прыбалтыкі са складу СССР.
Амбасадар Латвіі ў Беларусі Майра Мора:
– Я сама была ўдзельніцай гэтага жывога ланцуга. Гэта была эмацыйна непаўторная і візуальна ашаламляльная падзея. Гэтая акцыя негвалтоўнага пратэсту і салідарнасці пакінула вялікае ўражанне і паспрыяла працэсу нацыянальнага самаўсведамлення ў балтыйскіх дзяржавах.
Выстава прадстаўляе 40 фотаздымкаў і фотакалажаў, якія адлюстроўваюць падзеі “Балтыйскага шляху”. Рыга, Салаган, Панявежые, Вільнюс, Талін, Маса – фотахроніка пралягае праз геаграфію жывога ланцуга, у які аб’ядналіся жыхары трох краінаў у барацьбе за свабоду.
Выстава працягнецца да 14 сакавіка.
На фота: Амбасадар Латвіі ў Беларусі Майра Мора і дырэктар музея Сяргей Вечар