Смак ды і толькі – так коратка можна перадаць сутнасць кулінарнага фестывалю «Еўрапейскія прысмакі», які прайшоў у Міёрах. Тут можна было пакаштаваць і стравы еўрапейскай кухні, і свае беларускія. Шчодрымі на пачастункі былі як гаспадары, так і госці. Латышы з Латгаліі, з якімі міярчан здружыў міжнародны кулінарны праект «Бэла кузіна», адчувалі сябе як дома. Яны прадставілі характэрныя для іх краю прысмакі – сыры і выпечаны у хатніх умовах хлеб, шэры гарох. Апошні, дарэчы, стаў на фестывалі адным з самых запатрабаваных пачастункаў сярод беларусаў. У сваю чаргу беларусы, асабліва гаспадары аграсядзіб з Міёрскага, Лепельскага і Расонскага раёнаў, прапаноўвалі стравы нацыянальнай кухні.
У Наталлі Жойдзік з Язна асабліва смачнымі атрымаліся бульбянікі – піражкі, начыненыя грыбамі. На сядзібе «Лука» з Лепельшчыны апетытнымі пахамі вабілі залацістая, начыненая дранай бульбай і запечаная ў духоўцы кішка, якую гаспадыня называе прыгожа – «наліванка», ды вялены кумпяк. Многія спяшаліся да падвор’я Шкіндзераў з Лепельскага раёна, дзе бацька з сынам частавалі гасцей травяным чаем. Напой таксама прыйшоўся даспадобы і многія пажадалі набыць для сябе зборы. На ўра ішлі бліны з варэннем, спечаныя гаспадыняй аграсядзібы «Дастатак» Ліліяй Арцімёнак. А яшчэ можна было падсілкавацца стравамі «ад бабуль» у клубе «Цвецінскія прысмакі», стараверскай кухні… І як пасля ўсяго ўбачанага не пагадзіцца з тым, што кулінарыя – частка культуры кожнага народа, мова, на якой лёгка размаўляць усім.
Вось і кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Майра Мора пры адкрыцці фестывалю адзначыла, што нацыянальная кухня — самы дэмакратычны і дынамічны аспект культуры, людзі з розных краін пераймаюць замежныя кулінарныя традыцыі, прывозяць новыя ідэі і нязвыклыя інгрэдыенты з падарожжаў. Таму фармат кулінарнага фэсту дае цудоўную магчымасць шырока прадставіць традыцыі дзяржаў ЕС.
Цікавымі былі і іншыя мерапрыемствы фестывалю. Тут можна было прайсці майстар-класы ў вядомага беларускага кухара, удзельніка міжнародных кулінарных фестываляў Аляксандра Чыкілеўскага па гатаванні нямецкага бульбянога салату, чэшскай сырнай памазкі і беларускага салату з бульбы і салёных агуркоў. А ў супрацоўніка французскай дыпламатычнай місіі ў Беларусі Ксаўе Ле Тарывелека павучыцца вырабу іх сапраўдных галет.
Адным з яскравых момантаў стала і прэзентацыя «Кнігі кулінарных рэцэптаў краін Еўрапейскага саюза», складзенай дыпламатамі, што працуюць у Беларусі. Як узнагароду яе атрымалі пераможцы тэматычных конкурсаў, што ладзіліся на працягу ўсяго мерапрыемства.
“Гасцінны край адкрыты да супрацоўніцтва і гатовы стаць пляцоўкай для рэалізацыі іншых міжнародных праектаў і спадзяецца, што «Кулінарная спадчына Еўропы» знойдзе тут прапіску на многія гады. Добразычлівая атмасфера, цудоўная прырода і вопыт плённага супрацоўніцтва служаць выдатнай для таго падставай», – падкрэсліў старшыня Мёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў.
Тамара Пашкевіч, vitvesti.by