Ці маглі падумаць нашы прабабулі, калі пралі доўгімі зімовымі вечарамі ніткі ці вышывалі ўзоры на пакрывалах, што пройдзе шмат-шмат год, а створаныя імі ручнікі, абрусы і іншыя рэчы хатняга ўжытку па-ранейшаму будуць каштоўнымі. Толькі ўжо не ў практычна-бытавым плане, а як элемент нацыянальнай культуры. Тое ж можна сказаць і пра ганчарныя, і сплеценыя з лазы, і выдабленыя з дрэва вырабы, чыё з’яўленне было ў першую чаргу абумоўлена бытавымі патрэбамі, да якіх далучалася імкненне да прыгажосці.
—Хоць беларусы ў матэрыяльным плане жылі вельмі сціпла, аднак стараліся ўпрыгожваць свой быт,—заўважае дырэктар Міёрскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея Аксана Лагунёнак.—Нават для масла рабілі акуратныя формачкі. А каб вышыць пакрывала на сцяну, трэба было працаваць усю зіму. Па музейных экспанатах, сабраных на Міёршчыне, чытаецца яе мінулае, дзе важнае месца адводзілася народным рамёствам, цікавасць да якіх з гадамі толькі ўзрастае. Спынімся на некаторых.
Ручнікі
—Іх выкарыстоўвалі для розных патрэб: аднымі выціраліся, другімі малых за дрэнныя паводзіны каралі, на трэціх хлеб-соль падносілі, чацвёртымі іконы ўпрыгожвалі,—расказвае пра мэтавае прызначэнне ручнікоў Аксана Анатольеўна.—Вышытыя на тканіне ўзоры маюць сваё значэнне. Праўда, міёрскія ручнікі асабліва не чытаюцца. Гэта больш характэрна для палескага рэгіёну.
І ўсё ж ёсць сярод іх “гаваркія”. Напрыклад, птушкі, што глядзяць адна на адну, сімвалізуюць росквіт кахання. Такі ручнік дзяўчына дарыла свайму жаніху падчас сватання, што азначала згоду выйсці за яго замуж.
Два бялюткія ручнікі з вышытымі чырвонымі ніткамі ўзорамі занесены ў дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. Іх аўтар Маўра Андрэеўна Прохіна, якая нарадзілася ў Калінінградскай вобласці, а апошнія гады свайго жыцця правяла ў Міёрах. Па акуратным выглядзе ручнікоў наўрад ці здагадаешся, што створаны яны ў 1885 годзе. Падобны да кветкі ўзор на адным з ручнікоў сімвалізуе дрэва жыцця.
Святочнае пакрывала
—Гэта работа Ганны Антонаўны Граковіч, што жыла ў вёсцы Маляўкі. Пакрывалам у свой час цікавіліся вучоныя-этнографы са сталіцы,—адзначае дырэктар музея.—Падобныя вырабы характэрныя менавіта для Міёрскага, Браслаўскага, Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Да прыкладу, на Палессі такой карпатлівай справай не займаліся.
Пакрывала ўяўляе сабой сетку, сплеценую з ільняных нітак, вышытую багатымі яркімі ўзорамі і аздобленую махрамі. Нават уявіць складана, колькі часу патрабавалася на стварэнне гэтай прыгажосці. Таму не дзіўна, што з падобнымі рэчамі абыходзіліся вельмі беражліва. Пакрывалам засцілалі стол толькі ў святочныя дні, а пад яго абавязкова клалі тканіну белага колеру.
Іконніца стараабрадцаў
Узрост масіўнай драўлянай іконніцы перавышае стогадовы рубеж. У музей яна трапіла з вёскі Фралоўшчына Новапагосцкага сельсавета.
Іконы размяшчаліся ўнутры збудавання і зачыняліся на дзверцы. Расчынялі іх толькі ў святочныя дні. Таксама тут высоўная скрыня для захавання свечак, памінальных запісак, календароў.
Іконніцу вешалі ў кутку пакоя і ўпрыгожвалі ручнікамі.
Захоўваецца ў музеі і стараабрадскі ручнік, вышыты ўзор на якім мае назву Жніцень, што сімвалізуе дабрабыт. Па самым краі ідзе дэкор з матывамі зямлі-карміцелькі як асновы жыцця. Такія ручнікі вышывалі абавязкова перад Калядамі, бо галоўнай тэмай свята было праслаўленне цяжкай сялянскай працы і пажаданне добрага будучага ўраджаю.
Ганчарныя вырабы
Гліняныя збаны, вазы і іншы посуд, выраблены калісьці дзісенскімі майстрамі, адрозніваюцца масіўнасцю і важкасцю. З гліны, якую збіралі ў ваколіцах Дзісеншчыны, лёгкія дэкаратыўныя рэчы не атрымліваліся. Прымяняўся такі посуд для розных мэт. У гаршчочках-спарышах працаўнікам на поле насілі ежу. У формачцы, падобнай да вазону для кветак, на Вялікдзень выпякалі ромавую бабу. Адсюль і назва посуду—бабнік.
Гліняныя збаны нярэдка апляталі бярозавай стужкай. Па-першае, бяроста ўтрымлівае холад, і малако ў такім збане доўга не псавалася. Па-другое, такая стужка надавала вырабу ўстойлівасць, таму калі раптам посуд зваліцца, застанецца цэлым.
Цікавасць уяўляе гліняная ваза, пакрытая цёмна-сіняй глазурай і дэкарыраваная выявамі трох жывёл. Яна знойдзена ў палацы Лапацінскіх у Лявонпалі. Акрамя цікавага дэкору, ваза вызначаецца эмблемай на дне ў выглядзе божай кароўкі. Можна меркаваць, што гэта знак адной з сем’яў дзісенскіх керамістаў.
Майстэрства лозапляцення
Асобны пакой музея абстаўлены мэбляй, сплеценай з лазы. Дзіцячы ложак, крэсла-качалка, столік, канапа, падстаўка для кветак. Аўтар гэтых работ—Віктар Сцяпанавіч Мятла з вёскі Мётлы. Калі майстра не стала, вырабы падарыла музею яго жонка.
—Лозапляценне—справа вельмі цяжкая і патрабуе шмат ведаў і навыкаў,—адзначае Аксана Лагунёнак.—Трэба ведаць, у якую пару лазу нарыхтоўваць, як апрацаваць сабраны матэрыял, шмат часу патрабуе і сам працэс пляцення. Мэбля з лазы для звычайных сялянскіх сем’яў не была характэрна, аддавалі перавагу драўлянай—больш даступнай. А вось плеценыя лазовыя кошыкі, посуд для захавання збожжа, мерніцы, куды насыпалі зерне, каб пакарміць кур, былі рэчамі распаўсюджанымі.
Цяпер няма неабходнасці збіраць гліну, каб вылепіць збан для захавання малака, ці нарыхтоўваць лазу для кошыка, каб потым напаўняць яго ў лесе ягадамі. У магазінах дастаткова посуду на любы густ і кашалёк, як і адзення, і дэкаратыўных упрыгожанняў. Але ад гэтага каштоўнасць народных рамёстваў толькі павялічваецца.
Кацярына Рынкевіч, mijory.by