У Расіі забаранілі YouTube

Як паведамляе агенцтва Interfax, відэахостынг YouTube унесены ў спіс забароненых рэсурсаў. У паведамленні, размешчаным на сайце Адзінага рэестра даменных імёнаў, якія змяшчаюць інфармацыю, распаўсюд якой у Расіі забаронены, відэахостынг быў унесены ў дакумент у сераду ў сувязі з патрабаваннем Расспажыўнагляда.

Вядома, што 3 лістапада Раскамнадзор папрасіў у кампаній Google і YouTube афіцыйныя кантакты, каб апавяшчаць рэсурсы аб знойдзенай на іх забароненай інфармацыі, якую на працягу трох сутак неабходна выдаліць. Да такой інфармацыі адносіцца прапаганда наркотыкаў і суіцыду, а таксама дзіцячая парнаграфія.

Таксама яшчэ ў верасні міністр сувязі РФ папярэдзіў у сваім твітэры аб тым, што YouTube могуць блакаваць з-за размешчанага на ім скандальнага фільма «Нявіннасць мусульман».

Прычыны ўнясення папулярнага відэахостынгу ў гэты спіс невядомыя, па інфармацыі Lenta.ru, паведамленняў аб блакаванні доступу да яго правайдэрамі пакуль не паступала.

А тым часам кампанія Google пачала збор подпісаў супраць цэнзуры ў інтэрнэце. Электронная петыцыя пад назвай “Take action” (“Пачні дзейнічаць”) з’явілася ў сеціве 20 лістапада.

“У вольным свеце без межаў Інтэрнэт павінен быць даступным,” – гаворыцца на сайце петыцыі Google. – “Магчымасць паўплываць на лёс Інтэрнэту павінна быць не толькі ва ўрадаў, але і мільярдаў інтэрнэт-карыстальнікаў і тэхнічных спецыялістаў ва ўсім свеце.”