Ліквідацыя Берасьцейскай царкоўнай уніі паступова і мэтанакіравана пачалася разам зь першым падзелам Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. Больш за міліён грэка-каталікоў, што апынуліся пасьля гэтага ў складзе Расейскай Імпэрыі не маглі быць незаўважанымі новымі ўладамі. Пры адкрытай падтрымцы сінадальнай РПЦ былі распачаты спробы раз’яднаньня беларускіх уніятаў з Апостальскай Сталіцай. Выбіраліся шматлікія спосабы дасягненьня пастаўленай царызмам мэты, але амаль ніколі не было адкрытага дыялогу. Ворагі Ўніі з Рымам не цураліся нават умешваньня ва ўнутрацаркоўныя справы. Такім чынам, 22 красавіка 1828 году цар
скі ўказ наказваў правесьці царкоўныя рэформы Грэка-каталіцкай Царквы ў Расейскай Імпэрыі, каб наблізіць адміністрацыйныя структуры, абрады і інш. да маскоўскай праваслаўнай традыцыі. Тады ў склад Расеі ўваходзіла Полацкае архіепіскапства, Віленская, Луцкая, Берасьцейская епархіі. Было 6 епіскапаў, 2 тысячы сьвятароў, 600 манахаў, 80 манашак, і каля 1,5 міліёна вернікаў.
Кульмінацыяй афіцыйнай ліквідацыі Ўніі стаўся дзень 12 лютага 1839 году, калі біскуп Сямашка і два біскупы Васіль Лужынскі ды Антоні Зубко падпісалі акт зрыву еднасьці з Рымскім Папам і аб’яднаньня з РПЦ. У самім акце адкрыта зьневажалася Рымска-каталіцкая Царква на чале з Біскупам Рыму ды непрыхавана ўсхваляўся Цар, як сапраўдны памазаньнік Божы.
Простае духавенства, што не пагадзілася пераходзіць у расейскае праваслаўе ссылалася ў Сібір альбо далёкія манастыры. Вернікам адкрывалася толькі адна магчымасьць: прыняць чужое для іх праваслаўе.
Ліквідацыя Ўніі ў 1839 годзе ня толькі яшчэ больш узмацніла русіфікацыю (на месцы тутэйшых сьвятароў прысылаліся расейцы), але й таксама паланізацыю (тыя, хто прыняў лацінскі абрад адначасова запісваліся палякамі – людзьмі “польскай веры”).
Гэтая значная падзея пакінула вялізныя раны на целе Беларушчыны, што адчуваем дагэтуль, а зрыў з Рымам прынёс беларусам раўназначны зрыў з Эўрапейскай цывілізацыяй.
Падрыхтаваў кс. Даніла Сваяк
***
Беларускі дзеяч эміграцыі Юрка Віцьбіч у сваім эссе „ПАДАНЬНЕ АБ ТАЯМНІЧЫМ СЬВЯТЛЕ“ так апісваў гэтыя трагічныя падзеі:
Юрка ВІЦЬБІЧ
ПАДАНЬНЕ АБ ТАЯМНІЧЫМ СЬВЯТЛЕ
«Ёсьць чары у забытым, старадаўным.
Прыемна нам сталецьцяў пыл страхнуць».
Максім Багдановіч. Тэрцыны.
Калісьці ў Віцебску, на Катэдральным пляцы, стаяла высокая, прыгожая званіца, самы большы звон якой зваўся «Леў Сапега». Гэты звон займеў сваю назву ад імя векапомнага канцлера Вялікага Княства Літоўскага, якога барэльеф на ім быў адлітаваны. Штогод, у часе Вялікодняе Божае Службы, калі «Леў Сапега» разам з пяцёркай іншых мілагучных званоў радасна абвяшчаў гадзіну Сьветлага Хрыстовага Уваскрашэньня, у вокнах калідору, што злучаў старадаўні будынак архірэйскага дому з яшчэ больш старажытняй катэдрай імя Аляксея чалавека Божага, нечакана запальвалася сьвятло. Гэтае таямнічае сьвятло бачылі віцябляне, як з боку Альгэрдавае гары ці Ламіхі, гэтак і з Валатоўкаў, што разьлегліся з процілеглага боку, на стромкім беразе ручаю Дунай. А найбольш адважныя з іх, якія падыходзілі да самых вокнаў калідору, потым узварушана апавядалі.
Адразу пасьля першага гуку «Льва Сапегі» з архірэйскіх пакояў праз зычыненыя дзьверы выходзіў у калідор апошні полацкі і віцебскі грэка-вуніяцкі архіяпіскап Язафат Булгак. На ім былі ўласьцівыя ягонай годнасьці сьвяточныя белыя вялікодныя шаты — сакос і амафор, на галаве мітра, на грудзёх панагія і крыж, а ў рукох трымаў ён запаленыя дзікірый і трыкірый. У ягоных задуменных вачох адбіваўся сьвет нятутэйшы, тагабочны. Высокага росту, з тонкімі рысамі аскэтычнага твару, архіяпіскап Язафат нячутнай урачыстай хадой ішоў па калідору. За крок перад дзьвярмі ў катэдру ён спыняўся і, высока ўздымаючы схрышчоныя дзікірый і трыкірый, тройчы багаслаўляў сыноў і ўнукаў свае колішняе паствы, вітаючы іх адначасна радаснымі для кажнага хрысьціянскага сэрца словамі: Хрыстос Васкрос! А потым вяртаўся назад у архірэйскія пакоі, каб зьявіцца зноў праз год у наступную Вялікодную Ноч.
І гэтак адбывалася на працягу шматлікіх гадоў, аж пакуль у Віцебск ня прыехаў япіскап Савва Ціхаміраў. Ён загадаў разбурыць званіцу і разьбіць «Льва Сапегу», а з ягоных аскепкаў адлітаваць у Валдае новы звон з барэльефам імпэратара. У гонар нябеснага патрона гэтага імпэратара ён пераасьвяціў і катэдру, а перад гэтым значна перарабіў яе. Паверх абразоў і арнамэнтаў, натхнёнае работы магілёўскіх мастакоў, валадзімерскія маляры намалявалі сьвятых, дагэтуль віцяблянам невядомых. Яраслаўскія архітэктары ўкарацілі пазорныя барочныя вежы і, скінуўшы іхнія кумпалы, што нагадвалі лілеі, замянілі іх расейскімі, да цыбулінаў падобнымі макаўкамі. А на варце ўсяго гэтага перайменаванага і пераробленага стаў ля дзьвярэй бабінцу гарадавы, прагнаўшы ўсіх убогіх жабракоў, што сьпявалі псальмы пра Аляксея чалавека Божага. У часе сьвятаў ён прапушчаў у катэдру толькі добра апранутых і абутых.
У тую самую Вялікодную Ноч людзі віцебскія простыя праваслаўныя не патрапілі ў катэдру. Кажамякі і шаўцы сустракалі Вялікідзень Сьветлага Хрыстовага Уваскрашэньня ў сьвятога Юрага на Юр’евай горцы, ганчары-гаршкалепы ў Дабравешчаньня на Замкавай вуліцы, цесьляры і стальмахі ў Прарска Ільлі на Задзьвіньні, кавалі і муляры ў Івана Хрысьціцеля на Задунаўі, стырнікі стругаў і плытагоны ў Чорнай Тройцы на Пескаваціку.
У тую самую Вялікоднюю Ноч таксама запалілася ў калідоры архірэйскага дому таямнічае сьвятло і адразу-ж, як пошуг маланкі, пагасла. Тыя, што былі каля вокнаў бачылі, як архіяпіскап Язафат па-ранейшаму выйшаў з архірэйскіх пакояў, і раптам ягоныя рукі з даўгімі тонкімі пальцамі задрыжэлі. Дыкірый і трыкірый упалі на падлогу і пагаслі. А з цемры, што паглынула сьвятло, пачуўся поўны смутку голас:
«Успамяні, Госпадзе, што над намі здарылася;
зьвярні ўвагу і паглядзі на нас паруганых»*.
З таго часу ніхто з віцяблянаў ні з боку Альгэрдавае гары ці Ламіхі, ні з боку Валатоўкаў, што на Задунаўі, не заўважваў больш гэтага таямнічага сьвятла. І з таго часу ніхто з іх не бачыў, каб у Вялікоднюю Ноч ішоў да катэдры архіяпіскап Язафат Булгак, што належыў да старога беларускага, ахутанага славай, дваранскага роду.
Можа каму-небудзь і не спадабаецца тое таямнічае сьвятло, якое калісьці запальвалася ў родным тысячагадовым Віцебску? А можа хто-небудзь не дасьць веры гэтаму цудоўнаму здарэньню, якое некалі пачуў я ад віцебскіх старцаў-жабракоў? Мяне гэтае мала турбуе. За тое сам я з дзіцячай непасрэднай верай стаўлюся да паданьняў, якія стварыў у стагодзьдзі свайго ліхалецьця і ў хвіліны шчасьця мой народ. І з гэтай глыбокай і чыстай верай мне жыць ня так цяжка і ня гэтак балюча дыхаць.
3. ХІ. 51. (паводле http://media.catholic.by/nv/n11/art11.htm)