Вэнтсьпілская суполка беларусаў “Спадчына” адсьвяткавала сваё 10-годзьдзе 7 лютага ў цёплым сяброўскім атачэньні пры накрытых сталах у актавай залі СШ № 3 Вэнтсьпілсу. (Уласна заснаваньне суполкі адбылося 20 студзеня 1999 г.). Былі афіцыйныя прадстаўнікі: пасол Рэспублікі Беларусь у Латвіі спадар Аляксандар Герасіменка, мэр Вэнтсьпілсу спадар Айвар Лембэргс, старшыня Саюзу беларусаў Латвіі спадарыня Валянціна Піскунова. Але сьвята сталася не фармальным, а сяброўскім мерапрыемствам. Шчырыя, зусім не афіцыйныя па духу віншаваньні перамяжоўваліся з выступамі мясцовага ансамблю беларускай песьні “Журавінка” і гасьцей з Магілёўскай вобласьці — сямейнага трыо “Ваакс”.
Пасол Беларусі сваё віншаваньне падмацаваў выдатным і сапраўды каштоўным для беларуса падарункам — двухтамовай энцыкляпэдыяй “Вялікае княства Літоўскае”, асабліва падкрэсьліўшы, што ў гісторыі гэтай магутнай сярэднявечнай дзяржавы нашы карані і што мы яе нашчадкі.
Мэр Айвар Лембэргс зазначыў, што горад ганарыцца сваёй традыцыяй супольнага жыцьця і працы людзей розных нацыянальнасьцяў. Значная частка насельніцтва гораду мае беларускія карані.
Старшыня Саюзу беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова ў сваім вітаньні падзякавала за самаадданасьць у грамадзкай працы актывістам суполкі “Спадчына” і ансамблю “Журавінка” і ўзнагародзіла іх граматамі Саюзу.
Выступоўцаў было нямала. Шчыра павіншавала прысутных прадстаўніца ліепайскай суполкі “Мара”, журналістка Валянціна Грыбоўская. Дырэктарка школы, у якой праходзіла мерапрыемства, спадарыня Шангелія ў сваім слове зазначыла, што сярод яе выхаванцаў — больш за 5 адсоткаў беларусаў. На сьвята былі запрошаныя і вэтэраны Другой Сусьветнай вайны, якія вызвалялі Беларусь. Іх прадстаўнік па-вайсковаму бадзёра вітаў прысутных.
За сталом уздымаліся тосты, госьці дружна кідаліся ў скокі, працавала здымачная група мясцовага тэлебачаньня. У залі можна было набыць сувэніры зь Беларусі: вырабы з саломкі, пано з выявамі птушак і інш. Асабліва ўразілі прысутных кніжкі выдавецтва “Зорны верасень” зь вершамі дзяцей і падлеткаў — цяперашніх ці колішніх (бо некаторыя ўжо пакінулі гэты сьвет) пацыентаў беларускага анкалягічнага цэнтру ў Бараўлянах.
Не застаўся ўбаку ад падзей і ваш карэспандэнт — меў працяглы дыспут са старшынёй Саюзу беларусаў Латвіі спадарыняй Піскуновай. Гаварылі пра тое, што нас аб’ядноўвае і што разьядноўвае. Гаварылі пра дзьве плыні ў дыяспары, якія вядуць дзейнасьць пад сьцягамі рознага колеру. Казалі, што гэта больш тычыцца лідэраў абедзьвюх плыняў, а дыяспару яднае культура.