Уладзімір Малярчук: “Беларусам неабавязкова быць паводле нараджэння”

uladzimir-maliarcukfota

— Кожны чалавек жыве ў нейкай краіне. Мы жывем у краіне, якая называецца Беларусь. Я лічу яе сваёй радзімай і называю сябе беларусам. Тут я правеў сваё жыццё. Мае бацькі пераехалі сюды пасля Другой сусветнай вайны з Падмаскоўя. Праз тое, што яны іншай нацыянальнасці, я не ўсведамляў сябе беларусам. Але калі крануўся палітыкі, то стаў больш на гэта зважаць.

Беларусь атрымала незалежнасць. У 1994 годзе я ўдзельнічаў у перадвыбарчай кампаніі. Гэта быў маленькі штуршок да палітычнай актыўнасці. Я бачыў, што людзі дзейнічаюць і нечага дамагаюцца, прычым не толькі для сябе, але і для іншых. У іх была мэта: зрабіць лепшым жыццё ў сваёй краіне. Яны лічылі, што іх радзіма заслугоўвае лепшага. У 1996 мы дамагаліся імпічменту. Гэта адбывалася на плошчы Незалежнасці у Мінску перад Домам ураду. Сабралося каля 20 тысячаў чалавек. Адныя стаялі на плошчы, іншыя хадзілі вакол калонамі, скандавалі лозунгі. Да нас выходзілі дэпутаты Вярхоўнага Савету, казалі, што не варта хвалявацца і што ўсё будзе добра, прасілі разыходзіцца і пераконвалі, што ўжо ўсё зроблена. А на наступны ранак апынулася, што не зроблена нічога. Мы прайгралі ўсё, што маглі. Імпічменту не адбылося. І я ўпэўнены, што калі б мы тады прастаялі ўсю ноч, то жылі б па-іншаму. Гэта мяне ўзрушыла і падштурхнула да больш плённай дзейнасці. Я пачаў высвятляць, чаму так адбылося, і пабачыў, што шмат чаго не ведаю, што трэба вучыцца, каб дамагчыся справядлівасці. Хоць і разумею, што яна не бывае абсалютнай. Але хаця б імкнуцца… Мой прынцып: лішніх ведаў не бывае, і я выкарыстоўваю ўсе моманты жыцця, каб павялічыць аб’ём сваіх ведаў. І я вучуся. Мне падабаецца вучыцца, падабаецца змагацца. Гэта я выкарыстоўваю ў сваёй працы з насельніцтвам і ўладай. Аб тым, наколькі плённая гэтая праца, ведаюць сотні, калі не тысячы, жыхароў гораду і раёну.

Адзінае, чым я не зусім авалодаў, – гэта беларуская мова, але гэта можна выправіць. Лічу, што для любога чалавека мова вельмі істотная. Праз мову можна меркаваць пра нацыянальнасць. Беларусы працалюбівыя і абавязковыя. Беларусам можа быць чалавек, што паважае законы краіны, спрыяе пабудове грамадзянскай супольнасці, абараняе годнасць, сваю і сваёй нацыі, намагаецца зрабіць лепшым жыццё ў сваёй краіне. Ён ведае гісторыю краіны, беражэ культурную спадчыну. Беларусам неабавязкова быць паводле нараджэння.

Уладзімір Малярчук, праваабаронца

Аб праекце “Як я стаў беларусам”