
— Люлі-люлі-люлі, паляцелі куры. Селі на варотах у чырвоных ботах. Сьпі дачушка, заплюшчы вочкі і сьпі. Бач, цёмна за вокнамі. І коцікі ўжо сьпяць, і сабачкі, і куры зараз на жардзіну пасядуць і паснуць. Што – казку на ноч расказаць? Пра каралевіча на белым коні? А давай лепш пра нашага вершніка-абаронцу…
Бачыш, над тваім ложкам анёльчык парцалянавы. Гэта твой асабісты абаронца. Вот так і кожнаму краю Пан Бог таксама свайго абаронцу прызначыў. Палякам – Бялага Ожэла. Украінцам – Трызуб, у якім слова “воля” зашыфраваная. Нам, беларусам – адважнага вершніка з крыжам на шчыце. Але ж любоў да свайго краю не зь яго пачынаецца.
А вось паслухай, з чаго. Бачыла ў мяне ў кабінеце старыя фотаздымкі на сьцяне? Гэта нашыя з табой Дзяды. Тамака прыгожая такая дзяўчына – мая бабуля Марыя Сазонтаўна ў маладосьці, твая прабабка. Сама яна з Баршчоўкі, што пад Рэчыцай. Не, дзіцё, яна нават ня ведала, што ў нас такі абаронца ёсьць. Час гэткі быў, за вершніка з крыжам на шчыце і ў Сыбір можна было патрапіць! Сыбір? Гэта далёка-далёка на ўсход, у Азыі, потым у падручніках пачытаеш.
Але ж Марыя Сазонтаўна навучыла мяне, што азначае любіць наш край. Жылі мы ў сваім дамку на ўскрайку Гомеля, і быў у нас уласны гародчык. “Грады”, “гурок”, “кроп”, “цыбуля” – першыя беларускія словы, якія ад яе пачуў. Але ж грады – гэта найперш ня словы, а праца. Як сьнег сыйдзе і глеба прагрэецца, зямлю трэба дбайна перакапаць. Камякі граблямі паразьбіваць. Гною прывезьці і раскідаць. Гуркі-памідоры-кроп-пятрушку пасадзіць. Дый яшчэ час трэба ведаць, калі і што садзіць. На маладзік лепш за ўсё… Потым цярэбіць, паліваць, песьціць. Памідоры да дрыноў падвязаць, калі падымуцца і заквітнеюць. І шмат чаго яшчэ.
Вось твая прабабка і працавала ад рана да рана. Ведаеш, якая самая страшная лаянка ў яе была? “Абібок” і “лайдак”. І страшэнна абуралася, калі чула ад некага, што ў яго, маўляў, працы няма. “Стань да дзьвярэй і зачыняй-адчыняй, зачыняй-адчыняй, — раіла. – Празь дзесяць хвілінаў абавязкова знойдзеш сабе занятак”.
Затое ўвосень нашыя грады – цуд і казка. Сакаўныя стрэлы цыбулі. Зялёныя шыхты часныку. Панская раскоша памідораў. Пупырчатыя гуркі з-пад шырокіх лістоў.
А як ты думаеш – каб нейкі прыхадзень узяўся нашыя грады душыць, што б твая прабабка зрабіла? Правільна, адразу за вілы. І наш вершнік бы ёй абавязкова дапамог.
Мае грады? Кампутар, за якім працую. У маці – свае грады, офіс. У бабулі – фартэпіяна, якое яна ўсё жыцьцё выкладала…
Ну, абібокі, знайшла пра каго згадваць! Сама падумай, нашто такім грады? А як градаў няма, значыцца, няма і чаго бараніць. Вось таму наш вершнік такім і не патрэбны. А яны вершніку – тым больш, і ніколі ён ім не дапаможа. Яшчэ і выспяткаў надае, як пабачыць…
Так што, дзіцё, любіць свой край і быць беларусам – гэта ня проста словы. Край – гэта тое, што табе ў спадчыну перайшло. Тое, што ты заўсёды станеш бараніць. Гародчык з кропам, цыбуляй і гуркамі, на якім твая прабабка корпалася. Яе магіла, куды мы з табой на Дзяды езьдзілі. Плюшавы мішка, зь якім ты зараз засынаеш. Яшчэ я малым зь ім засынаў, мне ж яго Марыя Сазонтаўна акурат і падарыла…
А як падрасьцеш, дачушка, дык зазірнеш за плот, што нашыя грады ад нашае вулкі адгарожвае. Вуліца тая не канчаецца тупіком, а выходзіць у шырокі сьвет. І калі ты любіш свой край, дык абавязкова сустрэнеш там нашага вершніка-абаронцу, і ён заўсёды табе дасьць рады.
Казачны каралевіч? І яго, пэўна, у сваім жыцьці напаткаеш. Толькі не забудзься, нават каралевіч бяз уласных градаў і працы на іх – ніякі не каралевіч, а звычайны абібок і лайдак.
Уладзіслаў Ахроменка, буржуазны літаратар