Добрыя навіны для веласіпедыстаў: у Беларусі адкрыўся першы і пакуль адзіны мадэльны турыстычна-экскурсійны зялёны веламаршрут, які адпавядае ўсім міжнародным патрабаванням (гэта значыць, што тут ёсць разметка, каб не згубіцца на маршруце, інфармацыйныя стэнды ля аграсядзібаў, прыродных і гістарычных помнікаў, месцы адпачынку, прыпынкі, дзе прапануюць застацца на начлег ці паесці). Цяпер можна ўзяць веласіпеды, загрузіць іх у электрычку (калі няма сваёй машыны), даехаць да станцыі Багданаў (чыгуначная лінія Маладзечна — Ліда) — там і ёсць пачатак зялёнага маршруту “Валожынскія гасцінцы”. Па ходзе маршрута з веласіпеда можна перасесці на байдарку і сплавіцца па Бярэзіне або Іслачы, асядлаць каня (аграсядзіба “Коні-поні”), паесці свежаспечанага вясковага хлеба з мёдам і проста памедытаваць дзе-небудзь на палянцы ў Налібоцкай пушчы.
Карэспандэнты Budzma.by у добрай кампаніі журналістаў, сябраў Мінскага веласіпеднага таварыства і Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”, стваральнікаў сайта turistika.by ды іншых аматараў вандровак ажыццявілі камбінаваны велааўтапрабег па Валожынскіх гасцінцах.
Наша экскурсія пачынаецца з сядзібы “Марцінова гусь”. На ганку сустракае гаспадар сядзібы Алесь Белы — гісторык, знаўца беларускай кухні будзе нашым гідам амаль увесь маршрут. “Марцінова гусь” — гэта прыгожы драўляны дом на ўскрайку Налібоцкай пушчы, за 50 метраў ад жывапіснага вадасховішча. У наваколлі шмат помнікаў мінулага: месца сядзібы і магіла Дуніна-Марцінкевіча, руіны палаца Тышкевічаў у Вялым — месца адной з першых фоталабараторый у Літве і Беларусі. Усё гэта наперадзе. Пакуль жа журналістаў частуюць хатнімі блінамі, а спадар Алесь расказвае пра стварэнне зялёнага маршрута “Валожынскія гасцінцы”.
Ідэя “гасцінцаў” лунала даўно. Першы невялікі размечаны кальцавы веламаршрут працягласцю 20 км з’явіўся яшчэ ў 2010 годзе вакол аграсядзібы “Марцінова гусь”. А ў 2013 годзе ўладальнікі яшчэ некалькіх мясцовых аграсядзібаў, прадстаўнікі аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” пры падтрымцы Мінскага веласіпеднага таварыства і Валожынскага райвыканкама вырашылі працягнуць маршрут ад станцыі Багданаў праз увесь Валожынскі раён да Радашковічаў. Працягласць маршруту склала 150 км. Валанцёры-веласіпедысты размецілі трасу. Былі ўсталяваныя альтанкі для адпачынку і інфармацыйныя стэнды (на рускай і беларускай мовах). Прафесійныя картографы склалі падрабязную карту “гасцінцаў”.
Белыя “росы”
Сёння ўсё гатовае да гэтага велападарожжа, у якое мы адпраўляемся з хвіліны на хвіліну. Вось толькі пачастуемся свежым жытнім хлебам і самаробным маянэзам ад гаспадынь экапаселішча “Росы”.
“Росы” — гэта не простая вёска. І не аграгарадок. Гэта 37 зямельных надзелаў, пасяленцы якіх (каля 100 чалавек — 60 дарослых і 40 дзяцей) вырошчваюць экалагічна чыстую садавіну і гародніну, збіраюць зёлкі, ферментуюць іван-чай, займаюцца пчалярствам — усяго тут каля 60 вулляў. На асабістых падсобных гаспадарках гаспадары разводзяць коз, курэй, пародзістых сабак, катоў і дэкаратыўных рыб. Мясцовыя жанчыны практыкуюць хатнія роды, мыюць посуд попелам, карыстаюцца касметыкай выключна ўласнага вырабу — у іх складзе розныя віды натуральных алеяў і беларускія травы.
На сумнай ноце
Наш наступны прыпынак — Баравікоўшчына. Тут знаходзіцца ўнікальны для Беларусі рэлігійны аб’ект — санктуарый. Ён быў узведзены ў гонар айцоў Германа Стэмпеня і Ахілеса Пухалы з ордэна францысканцаў канвенктуальных. Падчас вайны ў вёсцы Пяршаі за паўстанне ў суседнім Івянцы гестапа арыштавала шмат парафіянаў. Каменданту нямецкай жандармерыі, які хацеў даць Стэмпеню і Пухалу магчымасць выратавацца, мужныя францішканцы адказалі, што «пастыры не могуць пакінуць вернікаў». Яны далучыліся да арыштаваных і 19 ліпеня 1943 г. былі замучаныя ў гумне ў вёсцы Баравікоўшчына.
Збочыць у Налібокі
Значная частка нашага веламаршруту праходзіць па паўночнай частцы Налібоцкай пушчы. Налібокі — гэта цэлая краіна ў краіне, па плошчы роўная Люксембургу — прыгожы, густы, самы сапраўдны беларускі лес. Мы накіроўваемся на невялічкі адпачынак — у лясную аграсядзібу “Налібоцкія васількі”, што ў вёсцы Белакорац. Спадар Васіль Шакун частуе сялянскімі прысмакамі і цудоўным бярозавым сокам з лістом парэчкі.
Адпачыўшы ў “Васільках”, наш велакараван адпраўляецца на “Экалагічную сцежку”, да якой каля 8 кіламетраў па прыгожай лясной дарозе. Светлыя бярэзнікі, забалочаныя ўчасткі, сон-трава на ўзбочыне, птушыныя спевы. Але трэба быць напагатове — на дарозе сустракаюцца ямы, выкапаныя бабрамі. Саміх баброў мы не ўбачылі. Зуброў і дзікоў, на жаль, таксама, але жыўнасці ў гэтых лясах хапае, замежныя турысты любяць прыязджаць сюды на фотапаляванне.
У адной з альтанак на экалагічнай сцежцы нас чакае вялікі абед — суп з мяса марала, смажаны фазан і паляўнічыя каўбаскі. Тут жа адбываецца ўрачыстае адкрыццё маршруту з пераразаннем сімвалічнай стужачкі.
Пасля лясной казкі сустракаемся з воднай стыхіяй — Сакаўшчынскае вадасховішча. Гасцям сядзібы “За масточкам”, якая размясцілася на беразе вадасховішча, прапануюць рамантычную міні-вандроўку на лодцы. Вада тут празрыстая, як на Нарачы, і добра праграваецца — турысты любяць ныраць з маскай і знаёміцца з рыбай. А рыбы тут багата: карасі, шчупакі, карпы. Хтосьці з удзельнікаў нашага падарожжа адкрывае купальны сезон. Заўтра веласіпедысты адправяцца на хутар Шаблі, вядомы сваімі фестывалямі “Вольнае паветра”, “Шаманы”, The Beatles Shabli ды іншымі.
Што яшчэ варта паглядзець на маршруце
“Хутар Дудара”. Аграсядзіба, пабудаваная ў 1924 годзе. Цяпер тут экамузей музычных інструментаў, створаны ўладальнікам хутара, вядомым этнамузыколагам Алесем Лосем. Менавіта Алесь стаяў ля вытокаў адраджэння беларускай дуды (пры жаданні майстар на ёй зайграе). А яшчэ на тэрыторыі сядзібы ёсць сапраўдная кузня, дзе можна апрацоўваць жалеза так, як гэта рабілі кавалі ў XI—XIV ст.
Вёска Вішнева. Тут жыў і ў 1593 годзе памёр асветнік Сымон Будны. Родам з Вішнева (пахаваная на мясцовых могілках) і беларуская паэтка Канстанцыя Буйло. У савецкія гады ў Вішневе жыў адзіны на ўсю рэспубліку беларускамоўны каталіцкі святар Уладзіслаў Чарняўскі, а таксама паэт, перакладчык (пераклаў паэму Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”), папулярызатар гістарычнай спадчыны ВКЛ Пятро Бітэль. Тут жа ў 1891 годзе нарадзілася жонка Янкі Купалы Уладзіслава Луцэвіч. А яшчэ Вішнева — радзіма дзявятага прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса (нарадзіўся ў 1923 годзе).
Вёска Дзясятнікі. Тут захаваліся адны з самых вялікіх на тэрыторыі Беларусі ваенных могілак Першай сусветнай вайны: пахавана больш за 800 нямецкіх, аўстрыйскіх і расійскіх салдат. Могілкі добраўпарадкаваны за нямецкія сродкі і ўтрымліваюцца ў ідэальным стане.
Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева