10 лютага ў Маладзечне прайшоў крэатыўны форум, на якім жыхары горада, а таксама архітэктары, дызайнеры, мастакі з усёй Беларусі прапаноўвалі свае ідэі па развіцці вуліцы стыт-фуду – крэатыўнай прасторы ў цэнтры горада. Пешаходная зона, арт-аб’екты ў стылі Кастрычніцкай і безбар’ернае асяроддзе. Як зменіцца папулярнае ў горадзе месца дзякуючы дапамозе velcom?
Ператварыць частку моладзевай вуліцы Францішка Скарыны ў крэатыўную прастору са стрыт-фудам і арт-аб’ектамі прапанавалі актывісты горада на адной з сустрэч дыскусійнага клуба. У снежні 2018 года іх праект прайшоў у фінал конкурсу Social Weekend, дзе атрымаў фінансавую падтрымку ад velcom у памеры 10 тысяч рублёў. Кампанія ўжо некалькі гадоў падтрымлівае наватарскія праекты ў сферы нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і нават арганізавала сваю намінацыю ў Social Weekend з адпаведнай назвай “Па-беларуску”. Правядзенне крэатыўнага форуму – наступны крок у рэалізацыі праекта, які ўлічыць пажаданні як вядучых урбаністаў Беларусі, так і жыхароў самога Маладзечна.
“Гэтым летам мінчукі ўжо каталіся да нас у гастратур па фірмовыя бургеры, а за апошнія некалькі месяцаў месцаў з кавай, сушы ды іншым стрыт-фудам яшчэ паболела. Але праект “Вуліца стрыт-фуду” – нашмат шырэйшы, чым проста пра ежу: гэта развіццё стрыт-культуры і аб’яднанне на адной пляцоўцы яе самых розных прадстаўнікоў: ад вулічных музыкаў і мастакоў да актыўных жыхароў, якія жадаюць змяніць свой горад”, – распавядае Ганна Холад, адна з арганізатараў праекта.
У крэатыўным форуме, арганізаванам пры падтрымцы velcom, прынялі ўдзел каля 40 экспертаў: архітэктары, ландшафтныя дызайнеры, мастакі, маркетолагі, сацыёлагі, географы, інжынеры. Свае ідэі для развіцця вуліцы маглі агучваць і ўсе жыхары. Для гэтага арганізатары форуму неаднаразова праводзілі апытанні сярод жыхароў Маладзечна. У якасці ментараў на форум запрасілі экспертаў з мінскай урбаністычнай платформы Ілону Ільяшэвіч і Анастасію Гермацкую.
Па выніках форуму, які ішоў 8 гадзін, быў падрыхтаваны праект развіцця вуліцы, які ўключае некалькі напрамкаў: заніраванне тэрыторыі, то-бок ператварэнне вуліцы ў пешаходную, а таксама яе ўладкаванне. Гэта адкрыццё дзіцячай пляцоўкі і сезоннай сцэны для музыкаў, размяшчэнне лавак і крэслаў, азеляненне і асвятленне. Брэндынг вуліцы і фармаванне яе пазнавальнага стылю… Ужо цяпер вуліца можа пахваліцца сваім талісманам. Яе пастаянным жыхаром з’яўляецца чорна-белы кот Францішак.
Вуліца стрыт-фуду аб’яднае вакол сябе актыўных жыхароў горада, а таксама стане пляцоўкай для майстар-класаў, канцэртаў і фестываляў. Так, мастак Bazinato, аўтар скульптуры “Вялікая істота” на мінскай Кастрычніцкай, арганізуе ў Маладзечне курс па сучасным мастацтве для дзяцей з мастацкай школы, у межах якога яны зробяць карціны або скульптуры для вуліцы стрыт-фуду.
“У Маладзечне патрэбная не “другая Зыбіцкая”, а крэатыўная грамадская прастора, дзе мясцовыя жыхары, прадпрымальнікі ды ўлады маглі б узаемадзейнічаць і рэалізоўваць добрыя ідэі. Мы прапісалі агульнае бачанне вуліцы і каштоўнасці, якія сфармулявалі разам з грамадзянамі: гэта адкрытасць, душэўнасць, клопат і акцэнт на збліжэнне. Тут будуць свае правілы паводзінаў, а сама тэрыторыя стане адкрытай для ўсіх, у тым ліку і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі”, – падводзіць вынікі форуму урбаніст Ілона Ільяшэвіч.
Наступны крок – узгадненне праекта з галоўнымі гарадскімі архітэктарамі, ДАІ і ўласнікамі павільёнаў. Плануецца, што асноўныя работы па праекце будуць скончаныя ўжо напрыканцы мая. Тым часам, да 28 лютага працягваецца прыём заявак на 13-ы конкурс Social Weekend. Па традыцыі, velcom вылучыць пераможцу ў намінацыі “Па-беларуску”.