У Мінску імкліва раскупляюць новы раман пісьменніка і журналіста Віктара Марціновіча «Возера радасці». У перакладзе на беларускую мову раман выйшаў пару тыдняў таму ў выдавецтве «Кнігазбор», арыгінал твора з”явіцца восенню гэтага года ў расійскім выдавецтве «Время». У некаторыя сталічныя кнігарні «Возера радасці» не паспяваюць падвозіць. З чым звязаны такі ажыятаж? Магчыма, з тым, што ў рамане Віктар Марціновіч распавёў не толькі пра чужое каханне, але і пра сваё.
– Віктар, некаторыя пісьменнікі скардзяцца, што іх творы выдаюцца сціплымі накладамі, ды і тыя не разыходзяцца. А ў цябе кніжка выйшла менш за месяц таму, і ў сацыяльных сетках ужо гвалт: не знайсці ў крамах, раскупілі!
– Сам здзіўляюся! Тым больш што ў кнігавыдавецкім бізнесе перыяд з 20 чэрвеня па 20 жніўня лічыцца цалкам мёртвым. Вялікіх продажаў у гэты час няма ні ў адной краіне свету.
У мяне ёсць такая тэорыя: калі кніга чапляе людзей за жывое, то яна і будзе запатрабаванай. Можа, увесь фокус у гэтым?
– Ведаю, што ты адмовіўся ад ганарара за беларускі варыянт кнігі. Чаму?
– Пры падпісанні дакументаў я сапраўды цалкам апусціў свой інтарэс. З аднаго боку, каб зрабіць кнігу даступнай для чытачоў – цяпер яна прадаецца фактычна за чатыры долары. З іншага боку, мне хочацца, каб першыя продажы ішлі менавіта на беларускай мове і каб ніхто больш не задаваў пытанне, ці з’яўляюся я беларускім пісьменнікам.
– Ты чытаеш лекцыі ў ЕГУ, рэгулярна друкуешся не толькі ў беларускай прэсе, пішаш п’есы і раз на некалькі гадоў презентуеш раманы. Як усё паспяваеш?
– Я вельмі мала сплю. Але наогул кніжка раз у два гады – гэта не такі ўжо вялікі цуд. Ва Уладзіміра Сарокіна было тры раманы, напісаных з розніцай у год. А потым сем гадоў нічога не пісалася.
Можа быць, у нейкі момант і ў мяне так здарыцца. Ну а пакуль пішацца, я лічу, трэба пісаць!
– Некаторыя лічаць, што літаратура не прыносіць вялікага заробку…
– Мае п’есы ставяць за мяжой, таму не магу сказаць, што пісьменніцтва зусім ужо не прыносіць грошай. Іншае пытанне, што я жыву не толькі на гэтыя сродкі. У мяне ёсць і іншыя спосабы заробку. Як і большасць пісьменнікаў-інтэлектуалаў, я выкладаю. Але калі ты не вельмі патрабавальны (а я менавіта такі), то можна жыць і проста на даходы ад літаратуры. Тут пытанне выключна апетытаў.
– Ведаю, што табе перыядычна паступаюць прапановы з’ехаць з Беларусі Разглядаеш іх?
– Я i так некалькі месяцаў у годзе праводжу за мяжой. Цяпер у мяне ёсць прапанова прэстыжнай літаратурнай рэзідэнцыі ў адной вельмі старой краіне Еўропы. Хутчэй за ўсё, я яе прыму. Але ж тэта не эміграцыя. Ты правядзеш там некалькі месяцаў ці год, але ўсё роўна вернешся. Можа быць, напісаўшы раман, а можа, проста наглядзеўшыся на еўрапейскія музеі. Але вернешся!
Эмігрыраваць я магу толькі пры пагрозе здароўю або свабодзе. Hi таго, ні другога, цьфу-цьфу-цьфу, пакуль няма. Я пішу не пра палітыку, а пра ўзаемаадносіны людзей. Напрыклад, у новым рамане «Возера радасці» гэта адносіны галоўнай гераіні з яе бацькам. Але ўсе мы ходзім пад Богам і жывём у Беларусі, таму ад эміграцыі я не заракаўся б.
– Адзін час ты быў нібыта пад забаронай. Гадоў пяць таму не рэкамендавалі прадаваць твой раман «Параноя».
– Так, быў такі цырк. Хоць гэта ж проста літаратура, выдуманы свет, які не мае ніякага дачынення да Беларусі, да Аляксандра Лукашэнкі. I ў «Параноі» няма ніводнай згадкі пра Лукашэнку. Там шмат вядомых назіранняў за правінцыяй, але гэта ўсё не пра ўладу, а пра больш глыбінныя рэчы, з якіх гэтая ўлада вырастае.
– Віктар, ведаю, што ты вельмі старанна абараняеш свае асабістае жыццё. Можа, плануеш назапашаныя перажыванні пакласці ў аснову свайго наступнага рамана – пра каханне?
– Такі раман ужо напісаны – гэта якраз «Возера радасці». Шмат у чым гэта вельмі асабісты тэкст. Раман падсумоўвае мае назіранні за сферай пачуццёвага. У першапачатковых нататках, якія я рассылаў выдаўцам пра раман, я пісаў, што «Возера радасці» – гэта раман пра нелюбоў. I, нягледзячы на тое, што асноўная лінія ўзаемаадносін – гэта бацька і дачка, галоўная гераіня праходзіць праз сем колаў пачуццёвых пошукаў. I ўсё, што я разумею пра каханне, пра вернасць, пра здраду, з”яўляецца вынікам майго асабістага досведу, маіх асабістых перажыванняў. Таму зараз мне сапраўды няма ніякага сэнсу шмат гаварыць на тэму асабістага жыцця. Пачытайце кнігу «Возера радасці» – там усё, што я ведаю пра каханне і пачуцці.
Марына Коктыш, «Народная Воля» (№54-15.07.2016г.)